Яна 20 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць раніцай да магілы і бачыць, што ка́мень ад магілы адва́лены.
 
А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыходзіць рана, яшчэ поцемкам, да магілы і бачыць, што камень узяты ад грабніцы.

Дык бяжыць і прыходзіць да Сымона Пятра і другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: узялі Го́спада з магілы, і ня ве́даем, дзе́ палажылі Яго.
 
Бяжыць і прыходзіць яна да Сімана Пятра і да другога вучня, якога любіў Ісус, і кажа ім: «Узялі Госпада з грабніцы і не ведаем, дзе паклалі Яго».

І выйшаў Пётр і другі вучань і пайшлі к магіле.
 
Выйшаў тады Пятро і другі вучань і кінуліся да грабніцы.

Бе́глі-ж абодва разам, і другі вучань баржджэй абагнаў Пятра і прыйшоў да магілы пе́ршы
 
Беглі яны абодва разам, але другі вучань бег хутчэй і абагнаў Пятра і прыйшоў першы да грабніцы,

і, нахіліўшыся, бачыць ляжучы́ палатніну, але не ўвайшоў.
 
і, нахіліўшыся, бачыць, што ляжаць палотны, аднак ён не ўвайшоў (у грабніцу).

І прыходзіць за ім Сымон Пётр і ўваходзіць у магілу ды бачыць ляжучы́ адну палатніну
 
Прыходзіць таксама і Сіман Пятро, услед за ім. І ўвайшоў ён у грабніцу і бачыць, што палотны ляжаць,

і хустку, што была на галаве́ Яго, ды ня разам з палатнінай, але асобна скручаную на другім ме́сцы.
 
і што хустка, якая была на яго галаве, не з палотнамі ляжыць, але асобна скручаная на сваім месцы.

Тады ўвайшоў і другі вучань, што ране́й прыйшоў да магілы, і ўбачыў і паве́рыў.
 
Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыйшоў першы да грабніцы, і ўбачыў і паверыў.

Бо яны яшчэ ня ве́далі напісанага, што Ён мусіць уваскрэснуць.
 
Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што Ён павінен уваскрэснуць з мёртвых.

Дык вучні ізноў пайшлі да сябе́.
 
І вось пайшлі зноў да сябе вучні.

А Марыя стаяла ля магілы і плакала; і плачучы нагнулася да магілы.
 
Марыя ж стаяла каля грабніцы знадворку і плакала. І вось, калі плакала, нахілілася яна ў грабніцу,

І бачыць двух ангелаў у бе́лым адзе́ньні, се́дзячы адзін угало́вах, другі ўнага́х, дзе́ ляжала це́ла Ісуса.
 
і бачыць, што сядзяць там два анёлы ў белым, адзін у галавах, другі ля ног, дзе ляжала Ісусава цела.

І яны кажуць ёй: жанчына! чаго плачаш? Яна адказвае: забралі Госпада майго, і ня ве́даю, дзе́ палажылі Яго.
 
І кажуць яны ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?» Кажа ім: «Таму што ўзялі Госпада майго і не ведаю, дзе паклалі Яго».

Сказаўшы гэтае, аглянулася назад і ўбачыла, што стаіць Ісус, але не пазнала, што гэта Ісус.
 
Сказаўшы гэта, яна азірнулася назад і бачыць, што стаіць Ісус. І не ведала яна, што гэта Ісус.

І кажа ёй Ісус: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш? Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа яму: Госпадзе! калі ты́ вы́нес Яго, скажы мне́, дзе́ ты палажыў Яго, і я вазьму Яго.
 
Кажа ёй Ісус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я Яго вазьму».

Ісус кажа ёй: Марыя! Яна, аглянуўшыся, кажа Яму: Раввуні! г. зн. Вучыцель!
 
Кажа ёй Ісус: «Марыя!» Азірнуўшыся, яна гаворыць яму паяўрэйску: «Раввуні!» (што азначае «Настаўнік»).

Ісус кажа ёй: не дакрана́йся да Мяне́, бо Я яшчэ ня ўзыйшоў да Айца Майго, але йдзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
 
Кажа ёй Ісус: «Не дакранайся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Бацькі; але ідзі да Маіх братоў і скажы ім: узыходжу да Майго Бацькі і вашага Бацькі і да Майго Бога і вашага Бога».

Марыя Магдаліна ідзе́ й абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і што Ён гэта сказаў ёй.
 
Прыходзіць Марыя Магдаліна і абвяшчае вучням, што бачыла Госпада, і Ён гэта сказаў ёй.

І ўве́чары таго-ж пе́ршага дня тыдня, калі дзьве́ры дому, дзе́ зьбіраліся вучні Яго, былі замкнёны ад страху перад Жыда́мі, прыйшоў Ісус і стануў пасярэдзіне і сказаў ім: мір вам!
 
Вечарам, у той дзень, у першы дзень тыдня, калі са страху перад іудзеямі дзверы былі зачынены там, дзе былі вучні, прыйшоў Ісус і стаў пасярэдзіне і кажа ім: «Мір вам».

І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі й бок свой. І ўзрадаваліся вучні, убачыўшы Госпада.
 
І, сказаўшы гэта, Ён паказаў ім рукі і бок.

Ісус жа сказаў ім ізноў: мір вам! Як паслаў Мяне́ Аце́ц, так і Я пасылаю вас.
 
Сказаў ім [Ісус] зноў: «Мір вам! Як паслаў мяне Бацька і Я пасылаю вас».

Сказаўшы гэтае, дыхнуў і кажа ім: прыйміце Духа Сьвятога.
 
І, сказаўшы гэта, дзьмухнуў і кажа ім: «Прыміце Святога Духа.

Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым астануцца.
 
Калі каму адпусціце грахі, адпусцяцца ім, калі ж затрымаеце на кім, затрымаюцца».

А Хама́, адзін з дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў тут з імі, калі прыходзіў Ісус.
 
Фама ж, адзін з Дванаццаці, называны Блізнюк, не быў з імі, калі прыходзіў Ісус.

Другія вучні сказалі Яму: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі ня ўбачу на руках Яго ранаў ад цьвякоў і не́ уткну́ пальца Майго ў раны ад цьвякоў, і не ўлажу рукі маёй у бок Яго, не паве́ру.
 
Казалі яму другія вучні: «Мы бачылі Госпада». А ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго знаку ад цвікоў і не ўкладу свайго пальца ў месца цвікоў і не ўкладу сваёй рукі ў Яго бок, ані не паверу».

І цераз восем дзён ізноў былі ў доме вучні Яго і Хама́ з імі. Прыходзе Ісус пры замкнёных дзьвярох, стануў пасярэдзіне і сказаў: мір вам!
 
І праз восем дзён зноў былі вучні ў доме і Фама з імі. Прыходзіць Ісус, калі дзверы былі зачыненыя; стаў пасярэдзіне і сказаў: «Мір вам!»

Потым кажа да Хамы́: дай сюды палец твой і паглядзі рукі Мае́; дай руку тваю і ўлажы ў бок мой; і ня будзь няве́руючым, але ве́руючым.
 
Пасля кажа Фаме: «Дай свой палец сюды і паглядзі на Мае рукі, і дай сваю руку і ўкладзі ў Мой бок, і не будзь нявернікам, але вернікам».

Хама́ адказаў Яму і сказаў: Госпадзе мой і Божа мой!
 
Адказаў Фама і сказаў Яму: «Госпадзе Мой і Божа Мой!»

Ісус кажа яму: ты, Хама́, паве́рыў, бо бачыў Мяне́; шчасьлівыя ня бачыўшыя і паве́рыўшыя.
 
Кажа яму Ісус: «Ты паверыў, што ўбачыў Мяне, шчаслівыя тыя, што не бачылі і ўверавалі».

І многа зрабіў Ісус перад вучнямі Сваімі другіх цу́даў, аб якіх не напісана ў гэтай кнізе;
 
Шмат і іншых знакаў учыніў Ісус перад вучнямі Сваімі, аб якіх не напісана ў гэтай кнізе.

а гэтае-ж напісана, каб вы паве́рылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і, ве́руючы, ме́лі жыцьцё ў імя Яго.
 
Пра гэтыя ж напісана, каб вы веравалі, што Ісус Хрыстос — Сын Божы, і каб, веруючы, мелі жыццё ў Імя Яго.