1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Глядзе́це, якую любоў даў нам Аце́ц, каб нам называцца Дзяцьмі Божымі. Сьве́т затым ня ве́дае вас, што не пазнаў Яго.
Умілаваныя! мы цяпер — дзе́ці Божыя, але яшчэ ня выявілася, што́ мы будзем. Ве́даем толькі, што, калі выявіцца, дык будзем падобныя да Яго, бо ўгле́дзім Яго, як Ён ёсьць.
І ўсякі, хто мае гэту надзе́ю на Яго, ачышчае сябе́, бо Ён чысты.
Усякі, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне.
І вы ве́даеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
Усякі, хто ў Ім прабывае, не грашы́ць; усякі, хто грашы́ць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго.
Дзе́ткі! няхай ніхто вас ня зводзіць. Хто робіць праўду, той праведны, як і Ён праведны.
Хто робіць грэх, той ад д’ябла, бо ад пачатку д’ябал грашы́ць. Дзеля гэтага і зьявіўся Сын Божы, каб зьніштожыць дзе́ла д’яблавае.
Усякі, наро́джаны ад Бога, грэху ня робіць, бо насе́ньне Яго прабывае ў ім, і ня можа грашы́ць, бо народжаны ад Бога.
Дзе́ці Божыя і дзе́ці д’яблавы пазнаюцца гэтак: кожын, хто ня робіць праўды, ня ёсьць ад Бога, таксама як і той, хто ня любіць брата свайго.
Бо гэткае ёсьць абвяшчэньне, што вы чулі ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго, —
ня гэтак, як Каін, што быў ад ліхога й забіў свайго брата. А за што забіў яго? За тое, што ягоныя ўчынкі былі благія, а брата яго — справядлівыя.
Ня дзівуйцеся, браты маі, калі сьве́т ненавідзіць вас.
Мы ве́даем, што перайшлі ад сьме́рці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто-ж ня любіць брата, прабывае ў сьме́рці.
Кожын, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ве́даеце, што ніводзін душагуб ня мае жыцьця ве́чнага, у ім прабываючага.
У тым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны пакладаць душы свае́ за братоў.
А хто мае дастатак у сьве́це, але, бачучы брата свайго ў патрэбе, зачыняе ад яго сэрца свае́, — дык як прабывае ў ім любоў Божая?
Дзе́ткі мае́! Будзем любіць ня словам ці языком, але дзе́лам і праўдаю!
І гэтак пазна́ем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя.
Бо, калі сэрца нас асуджае, дык тым бале́й Бог, бо Бог большы за сэрца нашае і ве́дае ўсё.
Умілаваныя! Калі сэрца нашае не асуджае нас, дык маем адвагу перад Богам,
і, чаго ні папросім, дастанем ад Яго, бо выпаўняем запаведзі Яго і робім добрае прад абліччам Ягоным.
А запаведзь Яго тая, каб мы ве́рылі ў імя Сына Яго Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён запаве́даў нам.
І хто захоўвае за́паведзі Яго, той прабывае ў Ім, і Ён у тым. А што ён прабывае ў нас, даве́дваемся па Духу, Якога Ён нам даў.