Якава 5 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
А ну-ж вы, багатыя: плачце й галасе́це над злыбедамі вашымі, што йдуць на вас!
Багацьце вашае згніло, і вопраткі вашыя зье́дзены мольлю.
Золата вашае й серабро вашае пайржаве́ла, і іржа іх сьве́дчыць супраць вас і зье́сьць це́ла вашае, як агонь: вы сабралі сабе́ скарб на апошнія дні.
Вось галосіць заплата, якую вы затрымлівалі ў работнікаў, што пажалі палі вашыя; і ляманты жанцоў дайшлі да вушэй Госпада Саваофа.
Вы ме́лі раскошу й асалоду на зямлі; накармілі сэрцы вашыя, быццам на дзе́нь, калі вас заколюць.
Вы засудзілі, забілі справядлівага: ён не спраціўляўся вам.
Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівымі да прыходу Госпадавага. Глядзе́це: зямляроб жджэ каштоўнага плоду ад зямлі і дзеля яго це́рпіць доўга, пакуль дастане дождж раньні і позны.
Цярпіце доўга і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прыход Гасподні набліжаецца.
Не наракайце, браты маі, адзін на аднаго, каб ня быць засуджанымі: вось судзьдзя стаіць за дзьвярыма.
За прыклад мук ліхіх і доўгацярплівасьці вазьме́це, браты маі, прарокаў, што іме́ньнем Госпадавым прамаўлялі.
Вось, мы шчасьлівымі называем тых, што цярпе́лі. Вы чулі пра стойкасьць Іова і бачылі кане́ц яго ад Госпада, бо Госпад ве́льмі міласэрны й спагадлівы.
Дык перш за ўсё, браты маі, не прысягайцеся ані не́бам, ані зямлёю, ані ніякаю другою прысягаю; але няхай будзе ў вас «але́, але́», і «не́, не́», каб вам не папасьці пад суд.
Цяжка не́хта з вас мучыцца? няхай моліцца. Вясела каму? няхай псальмы сьпявае.
Занядужаў хто з вас? пакліч прэзьбітараў Царквы, і няхай памоляцца над ім, памазаўшы яго але́ем у імя Госпадавае, —
і малітва ве́ры вылячыць хворага, і Госпад падыме яго; і калі ён грахі зрабіў, будуць зьняты з яго.
Прызнавайцеся адзін перад адным у праступках і мале́цеся адзін за аднаго, каб паздараве́ць; многа можа натужная малітва справядлівага!
Ільля быў чалаве́к, падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць ме́сяцаў.
І ізноў памаліўся, і не́ба дало дождж, і зямля узрасьціла плод свой (3 Царств 17:18).
Браты, калі-б хто з вас ухіліўся ад праўды, і не́хта яго навярнуў-бы,
дык няхай гэны ве́дае, што, вярнуўшы грэшніка з блуднае дарогі ягонае, ён збавіць душу ад сьме́рці і многа пакрые грахоў.