Якава 3 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Браты маі! Ня многія рабе́цеся вучыцялямі, ве́даючы, што мы большы дастанем прысуд,
 
Няхай вас ня шмат будзе вучыцелямі, браты мае, ведаючы, што цяжшы суд адзяржым,

бо ўсе́ мы шмат грашы́м. Хто не грашы́ць словам, той — дасканалы чалаве́к, які дуж закелза́ць і ўсё це́ла.
 
Бо мы ўсі часта спатыкаемся, Хто не спатыкаецца ў слове, тый дасканальны муж, дуж закілзаць і ўсе цела свае.

Вось мы ўкладаем зяле́зы ў рот коням, каб яны слухаліся нас, і кіруем усім це́лам іх;
 
Гля, мы кілзаем коні, каб яны слухалі нас і кіруем усе цела іхнае.

вось і караблі ун якія вялікія, што іх ве́тры магутныя носяць, а невялікім стырном кіруюцца, куды хоча корнік;
 
Вось, і караблі, такія вялікія і гнаныя буйнымі вятрамі, кіруюць малюсенькім штырном, куды хоча штырнік.

гэтак і язык — невялікі чле́н, але шмат робіць. Паглядзі, невялікі агонь, а як многа рэчаў запалівае;
 
Так і язык — малюсенькі арґан, а вялікімі рэчамі вяльмуецца. Гля, малюсенькі агонь як шмат лесу пале.

і язык — агонь, сьве́т няпраўды. Язык гэтак зьмяшчаецца міжы чле́намі нашымі, што апаганівае ўсё це́ла і запалівае круг жыцьця, а сам запальваецца ад гее́нны,
 
язык — агонь, сьвет несправядлівасьці; язык так пастаноўлены памеж арґанаў нашых, што брудзяне ўсе цела і запаляе кола прыроды, запаляны агнём пекляным.

бо ўсякая прырода зьве́раў і птушак, га́даў і марскіх жывёл гамуецца й угамована прыродаю чалаве́чаю,
 
Бо ўсялякая прырода зьвяроў і птушак, паўзуноў і морскае жывёлы слышыцца і ўслышана прыродаю людзкой,

а ўгамаваць языка ніхто з людзей ня можа: гэта — нястрымнае зло; ён напоўнены сьмяротнаю атрутаю.
 
А языка ніхто зь людзёў услышыць ня можа: гэта няўзьдзержнае ліха, поўны сьмяротнае атруты.

Ім славім Бога і Айца — і ім праклінаем людзе́й, што створаны на ўзор Бога;
 
Ім дабраславім Спадара а Айца, ім клінем людзёў, на падобнасьць Божую ўчыненых:

з тых самых вуснаў выходзіць багаслаўле́ньне і праклён. Не павінна быць гэтага, маі браты.
 
З тых жа вуснаў выходзе добраславенства й кляцьба. Ня мае так быць, браты мае.

Ці цячэ з аднаго жарала́ крыніцы салодкае і горкае?
 
Ці пырскае з тае самае адтуліны жарала салодкая й гаркая вада?

Ня можа, браты маі, смоква радзіць аліўкі, ці вінаградная лаза смоквы: гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салоную і салодкую ваду.
 
Ня можа, браты мае, фіґа радзіць аліўкі альбо віно фіґі? Гэтак, жарало салонае й салодкае вады не вылівае.

Хто з вас мудры й разумны? Пакажы гэта на дзе́ле добрым паступаньнем з лагоднасьцяй мудрасьці.
 
Хто мудры а разумны з вас? пакажы добрым паступкам учынкі свае ў лагоднай мудрасьці.

Але, калі ў вашым сэрцы вы ма́еце горкую завісьць і сварлівасьць, дык не хвале́цеся і не брашыце на праўду:
 
Але калі ў сэрцу сваім вы маеце гаркую завідасьць а звадлівасьць, не хваліцеся й не маніце на праўду:

гэта ня ёсьць мудрасьць, што зьве́рху зыходзе, але зямйая, душэўная, чартоўская,
 
Гэта ня мудрасьць, што зыходзе згары, але земная, прыродная, дзявальская;

бо гдзе́ завісьць і сваркі, там ладу няма і ўсе́ благія ўчынкі.
 
Бо йдзе завідасьць а звадлівасьць, там вераск і ўсе благое.

Але мудрасьць, што зьве́рху зыходзе, перадусім чыстая, потым згодлівая, лагодная, паслухмяная, поўная міласэрдзя й добрых пладоў, бесстаронная і некрывадушная.
 
Але мудрасьць згары, першае, чыстая, адлі супакойная, лагодная, падаўкая, поўная міласэрдзя і добрых пладоў, бесстароньняя, нядвудушная.

Плод жа праўды ў міры се́ецца тымі, што мір робяць.
 
Плод жа справядлівасьці ў супакою сеецца тым, што чыняць супакой.