Да Габрэяў 10 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Бо закон, ма́ючы це́нь будучага дабра́, а ня самы абра́з рэчаў, тымі-ж ахвярамі, што прыносяцца кожын год, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць (з імі).
 

Бо кінулі-б прынасіць іх, бо ўжо ня ме́лі-б ніякае сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, раз ачы́шчаныя.
 

Але ў іх што-году ўспамін аб грахох,
 

бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў зьнімала грахі.
 

Дзеля гэтага (Хрыстос), уваходзячы ў сьве́т, кажа: Ахвяры й да́ру Ты не захаце́ў, але це́ла прыгатаваў мне́.
 

Усепале́ньні й (ахвяры) за грэх недаспадобы Табе́.
 

Тады Я сказаў: вось, іду (на пачатку кнігі напісана аба Мне́) учыніць волю Тваю, Божа (Псальм 39:7−9).
 

Сказаўшы пе́рш, што ні ахвяры, ні да́ру, ні ўсепале́ньняў, ні (ахвяры) за грэх Ты не захаце́ў і не ўпадабаў, — а яны прыносяцца водле закону, —
 

пасьля сказаў: вось іду учыніць волю Тваю, Божа. Касу́е пе́ршае, каб паставіць другое.
 

Гэтай вось воляй асьвячоны мы аднакротна прынясе́ньнем це́ла Ісуса Хрыста.
 

І ўсякі сьвяшчэньнік штодня стаіць, служачы ды мнагакро́тна прыносячы тыя-ж ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў.
 

Ён жа, прыне́сшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды се́ў праваруч Бога,
 

ждучы́ дале́йшага, дакуль ворагі Яго будуць пакла́дзены к падножжу ног Яго (Псальм 2:8).
 

Бо Ён адным да́рам дасканалымі зрабіў назаўсёды асьвяча́ных.
 

Сьве́дчыць жа нам і Дух Сьвяты; бо сказана:
 

Вось запаве́т, які пакладу́ вам пасьля дзён гэных, кажа Госпад: даўшы законы Маі ў се́рцы іх, напішу іх і ў думках іхніх,
 

і грахоў іх і беззаконьняў іх ня ўспомню бале́й.
 

А дзе адпушчэньне іх, там непатрэбны дар за грахі.
 

Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню крывёй Ісуса Хрыста,
 

шляхам новым і жывым, які Ён аднавіў нам праз заслону, гэта ёсьць це́ла Свае́,
 

ды маючы вялікага Сьвяшчэньніка над домам Божым,
 

прыступайма з шчырым сэрцам, у поўні ве́ры, акрапіўшы сэрцы ад сумле́ньня благога і абмыўшы це́ла чыстай вадою,
 

трыма́ймася няўхільна вызна́ньня надзе́і, (бо ве́рны Той, Хто прырок).
 

І ўважа́йма адзін на аднаго, заахвочываючы да любві і добрых учынкаў,
 

не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы (да яго), і тым бале́й, чым бале́й выгляда́еце набліжэньня гэнага дня.
 

Бо калі мы самахоць грашы́м, прыняўшы пазнаньне праўды, дык ужо не астае́цца ахвяра за грахі,
 

але не́йкае страшное чаканьне суду і па́лу агнявога, што ма́е пажэрці супраціўнікаў.
 

Хто адступіўся ад закону Майсе́явага пры двох ці трох сьве́дках, хай памрэць без зьмілаваньня;
 

наколькі-ж, думаеце, цяжэйшае ка́ры варты будзе той, хто Сына Божага патапта́ў, і кроў запаве́ту, якою ён асьвячоны, за звычайную ўважаў, і Духа ласкі зьняважа́ў?
 

Мы ве́даем Таго, Хто сказаў: Мне́ помста, Я аддам, кажа Госпад. І ізноў: Госпад будзе судзіць народ Свой (Другазаконьне 32:35−36).
 

Страшна папасьці ў рукі Бога Жывога.
 

Прыпомніце-ж пе́ршыя дні вашыя, калі вы, прасьве́чаныя, вытрымалі вялікае тамле́ньне мукаў,
 

то самі выстаўля́ныя на зьнявагі і зьдзе́кі, то дзе́лючы такое-ж жыцьцё другіх,
 

бо вы і маім путам спачувалі, і рабаваньне багацьця вашага з радасьцяй прыймалі, ве́даючы, што маеце на нябёсах багацьце ле́пшае, непераходзячае.
 

Дык не пакідайце адвагі вашае, якая ма́е вялікую нагароду.
 

Бо патрэбна вам цярплівасьць, учыніўшы волю Божую, дастаць абяцанае;
 

бо яшчэ крыху, крыху, і прыдзе Той, Хто надыходзе, і не замарудзіць.
 

А пра́ведны ве́раю жыць будзе; і: калі хто спалохаецца, не ўпадаба́е яго душа Мая (Аввакума 2:3−4).
 

Мы-ж не палахлівыя на пагібель, але ве́руючыя на збаўле́ньне душы.