Да Піліпянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад П. Татарыновіча
Урэшце, браты маі, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам аб тым самым для мяне́ ня цяжка, а для вас цьвёрда.
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Богу. Пісаць вам тое, то для мяне ня цяжка, а вам яно карысна.
Сьцеражыцеся сабак, сьцеражыцеся благіх працаўнікоў, сьцеражыцеся абрэзаньня,
Сцяражэцеся сабак, майце на воку ліхіх дзеячаў, высьцярагайцеся абразання,
бо абрэзаньне — мы, што служым Богу духам і пахваляемся ў Хрысьце́ Ісусе, і ня ў це́ле ма́ем спадзяваньне:
мы бо — абразанне, што духам Богу служым, што хвалімся ў Хрыстусе Езусе, а не на целе абнадзейваемся;
хоць і я спадзяюся і на це́ла. Калі хто іншы думае спадзявацца на це́ла, дык бале́й я,
хоць я могбы надзеецца й на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, то тым-болей я,
абрэзаны ў восмы дзе́нь, з роду Ізраілявага, з кале́на Бэніямінавага, Жыд з Жыдоў, водле закону Фарысэй,
абразаны восьмага дня, з роду Ізраэля, пакалення Бэн’яміна, гэбрэй з гэбрэеў, а па выконванню закону — фарызэй,
які праз руплівасьць перасьле́даваў Царкву, водле праведнасьці законнай — беззаганны.
што-да ярасьці ў старанні — сьцігаць Эклезіі Божай, а што-да праведнасьці законнай — беззаганны.
Але, што́ для мяне́ было набыткам, тое дзеля Хрыста лічыў я за страту.
Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыстуса лічыў я за утрату.
Дый усё лічу стратай для вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё ўтраціў і ўсё лічу за сьмяцьцё, каб Хрыста прыдбаць
Дый усё прызнаю нікчомасьцяй дзеля больш узвышнага пазнання Хрыстуса Езуса, Усеспадара майго, дзеля якога я ўсяго выракся і ўсё ўважаю за сьмецьце, абы прыдбаць Хрыстуса
і апынуцца ў Ім, маючы не маю́ праведнасьць, што з закону, але тую, што праз ве́ру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога на падставе ве́ры,
і знайсьціся ў Ім не з праведнасьцяй маёю, што ад Закону, а — з тою, што праз веру ў Хрыстуса, праведнасьцяй ад Бога, ад веры;
каб пазнаць Яго і сілу ўваскрасе́ньня Яго, і ўчасьце ў муках Яго, упадабляючыся сьме́рці Яго,
каб спазнаць яго й магуцтва ягонага згробуўстання ды удзел у муках ягоных, упадабняючыся яму ў сьмерці,
каб толькі дасягнуць ускрасе́ньня мёртвых.
абы тоьлкі асягнуць устанне зь мяртвых.
Не затым, што я ўжо дасягнуў, ці ўжо стаўся дасканалым, а імкнуся, ці не дасягну й я таго, за што і мяне́ дасягнуў Хрыстос Ісус.
Ня то, каб я асягнуў ужо мэту, ці быў дасканалым, але імкнуся далей, каб дасягнуць яе, на гэтаж бо і мяне асягнуў Хрыстус Езус.
Браты, я ня думаю аб сабе́, што дасягнуў, а толькі, забываючыся аб мінулым і пнучыся да таго, што напе́радзе,
Браты, я не ўважаюся ужо асягнуўшым мэту, а на адно толькі зважаю: забываю тое, што ззаду мяне, а пнуся да таго, што наперадзе,
імкнуся да мэты, да чэсьці вышэйшага прызваньня Божага ў Хрысьце́ Ісусе.
імкнуся да мэты па нагароду высокага Божага покліку ў Хрыстусе Езусе.
Дык хто з нас дасканалы, ду́майма гэтак; калі-ж вы аб чым іначай думаеце, дык і гэтае вам Бог адкрые.
Дык хто з нас дасканалы, думайце гэтак; каліж вы аб чым інакш думаеце, то Бог і ў тым вас прасьвеціць.
Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, (ёсьць:) тым жа законам жыці, тое-ж думаці.
Аднакжа да чаго мы ўжо дасягнулі, водле таго думайма і паступайма.
Насьлядуйце, браты, мяне́ і ўзірайцеся на тых, хто гэтак паступае, па ўзору, які маеце ў нас.
Насьледуйце, браты, мяне і ўзірайцеся на тых, каторыя паступаюць водле наўзору, які маеце ў нас.
Бо многія, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпе́р і са сьлязьмі кажу, паступаюць, як ворагі Хрыстовага крыжа, —
Многія бо, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпер вось гавару і з плачам, паступаюць як ворагі крыжа Хрыстуса;
якіх кане́ц — загуба, якіх бог — чэрава, і слава якіх у сораме іх, тых, што думаюць аб зямны́м.
іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, а іхняя слава — ў ганьбе іх, яны думаюць толькі аб рэчах зямных;
Нашае-ж жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збавіцеля, Госпада Ісуса Хрыста,
тады, як нашае грамадзянства ў небе, адкуль і Збавіцеля чакаем, Усеспадара Езуса Хрыстуса,
Які ператворыць це́ла зьнявагі нашае, каб яно сталася падобным да це́ла славы Яго, сілаю, якою Ён дуж і пакарыць Сабе́ ўсё.
які пераменіць нашае цела паніжанае і ўпадобніць яго да свайго праслаўленага цела, магуцтвам, якім можа й пакарыць сабе ўсё.