Да Піліпянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам тое, аб чым пішу, для мяне ня цяжка, а для вас натхняльна быць няпахіснымі.
Урэшце, браты мае, радуйцеся ў Богу. Пісаць вам тое, то для мяне ня цяжка, а вам яно карысна.
Сьцеражыцеся псоў, сьцеражыцеся благіх працаўнікоў, сьцеражыцеся абразаньня.
Сцяражэцеся сабак, майце на воку ліхіх дзеячаў, высьцярагайцеся абразання,
Бо мы ёсьць абразаньне, якія служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і ня на цела маем надзею,
мы бо — абразанне, што духам Богу служым, што хвалімся ў Хрыстусе Езусе, а не на целе абнадзейваемся;
хаця я магу мець упэўненасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш:
хоць я могбы надзеецца й на цела. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, то тым-болей я,
абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраэлявага, з калена Бэніямінавага, жыд з жыдоў, паводля Закону — хварысэй,
абразаны восьмага дня, з роду Ізраэля, пакалення Бэн’яміна, гэбрэй з гэбрэеў, а па выконванню закону — фарызэй,
паводля руплівасьці — той, хто перасьледаваў царкву, па праведнасьці, што паводля Закону — бяззаганны.
што-да ярасьці ў старанні — сьцігаць Эклезіі Божай, а што-да праведнасьці законнай — беззаганны.
Але што было для мяне выгодай, тое я палічыў дзеля Хрыста за марнасьць.
Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыстуса лічыў я за утрату.
Але больш за тое, я лічу ўсё марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за сьмецьце, каб Хрыста прыдбаць
Дый усё прызнаю нікчомасьцяй дзеля больш узвышнага пазнання Хрыстуса Езуса, Усеспадара майго, дзеля якога я ўсяго выракся і ўсё ўважаю за сьмецьце, абы прыдбаць Хрыстуса
і быць знойдзеным у Ім, маючы ня маю праведнасьць, якая паводля Закону, але тую, якая паводля веры Хрыста — праведнасьць па веры ад Бога;
і знайсьціся ў Ім не з праведнасьцяй маёю, што ад Закону, а — з тою, што праз веру ў Хрыстуса, праведнасьцяй ад Бога, ад веры;
каб пазнаць Яго і сілу ўваскрэсеньня Ягонага і ўдзел у пакутах Ягоных, упадабляючыся сьмерці Ягонай,
каб спазнаць яго й магуцтва ягонага згробуўстання ды удзел у муках ягоных, упадабняючыся яму ў сьмерці,
каб адпаведным чынам дасягнуць уваскрэсеньня мёртвых.
абы тоьлкі асягнуць устанне зь мяртвых.
Ня таму, што я ўжо дасягнуў ці ўжо ўдасканалены; але імкнуся, ці ня дасягну і я таго, як я сам спасьцігнуты Хрыстом Ісусам.
Ня то, каб я асягнуў ужо мэту, ці быў дасканалым, але імкнуся далей, каб дасягнуць яе, на гэтаж бо і мяне асягнуў Хрыстус Езус.
Браты, я ня лічу сябе дасягнуўшым; але забываючы тое, што засталося ззаду, і імкнучыся наперад,
Браты, я не ўважаюся ужо асягнуўшым мэту, а на адно толькі зважаю: забываю тое, што ззаду мяне, а пнуся да таго, што наперадзе,
імкнуся да мэты, да ўзнагароды вышэйшага прыкліканьня Бога ў Хрысьце Ісусе.
імкнуся да мэты па нагароду высокага Божага покліку ў Хрыстусе Езусе.
Калі хто з нас дасканалы, хай думае так! А калі вы аб чым-небудзь думаеце інакш, і гэта Бог вам адкрые.
Дык хто з нас дасканалы, думайце гэтак; каліж вы аб чым інакш думаеце, то Бог і ў тым вас прасьвеціць.
Але чаго мы дасягнулі, паводля такога ж правіла павінны жыць і так думаць.
Аднакжа да чаго мы ўжо дасягнулі, водле таго думайма і паступайма.
Будзьце пераймальнікамі маімі, браты, і глядзіце на тых, якія паступаюць па прыкладу, які маеце ў нас.
Насьледуйце, браты, мяне і ўзірайцеся на тых, каторыя паступаюць водле наўзору, які маеце ў нас.
Бо многія, пра каторых я часта казаў вам, а цяпер кажу нават са сьлязьмі, паступаюць, як ворагі крыжа Хрыста.
Многія бо, аб якіх я часта гаварыў вам, а цяпер вось гавару і з плачам, паступаюць як ворагі крыжа Хрыстуса;
Канец іхны — пагібель, бог іхны — чэрава, і слава іхняя — у сораме, яны думаюць пра зямное.
іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, а іхняя слава — ў ганьбе іх, яны думаюць толькі аб рэчах зямных;
Наша ж грамадзянства — на Нябёсах, адкуль і Збаўцу чакаем, Госпада Ісуса Хрыста.
тады, як нашае грамадзянства ў небе, адкуль і Збавіцеля чакаем, Усеспадара Езуса Хрыстуса,
Які пераўтворыць цела нашага прыніжэньня, каб зрабіць яго падобным целу славы Ягонай, магутнасьцю, якою Ён можа і падпарадкаваць Сабе ўсё.
які пераменіць нашае цела паніжанае і ўпадобніць яго да свайго праслаўленага цела, магуцтвам, якім можа й пакарыць сабе ўсё.