Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
А пасля таго як хваляванне спынілася, Павел, паслаўшы па58 вучняў і суцешыўшы іх, развітаўся і выйшаў, каб падацца ў Македонію.
А калі сьціхла замяшаньне, Павал, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, пайшоў, каб ісьці ў Македонію.
І, прайшоўшы тыя землі і суцешыўшы іх многімі словамі, ён прыйшоў у Эладу
Прайшоўшы ж тыя краіны і многімі словамі падбадзёрыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю.
і правёў там тры месяцы. А калі іудзеі ўчынілі супроць яго змову, падчас як ён збіраўся адплыць у Сірыю, вырашыў вярнуцца праз Македонію.
І прабыўшы тры месяцы, калі сталася змова супраць яго ў Юдэяў, вырушыў у Сірыю, і прыйшла яму думка вярнуцца праз Македонію.
І разам з ім пайшлі [да Азіі] Сапатр59, Піраў сын, верыянін, і з фесаланікійцаў Арыстарх і Секунд, і Гаій, дэрвянін, і Цімафей, і азійскія — Ціхік і Трафім.
А праводзілі яго да Азіі Сапатэр з Бэрэі, а з Тэсалонцаў — Арыстарх, і Сэкунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азійцаў — Тыхік і Трафім.
Яны, пайшоўшы ўперад, чакалі нас у Траадзе.
Яны, апярэдзіўшы, чакалі на нас у Траадзе.
А мы адплылі пасля дзён Праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыбылі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.
А мы паплылі былі пасьля дзён праснакоў з Філіпаў і праз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе былі сем дзён.
І ў першы дзень тыдня, калі мы60 сабраліся, дзеля пераламлення хлеба, Павел гутарыў з імі, збіраючыся на другі дзень выправіцца ў дарогу, і працягваў сваё слова да поўначы.
А ў першы дзень пасьля суботы, калі вучні сабраліся пераламіць хлеб, Павал вёў гутарку з імі, маючы на заўтра выйсьці, і зацягнуў слова да паўночы.
І было даволі шмат светачаў у верхнім пакоі, дзе мы сабраліся.
Было ж даволі лямпаў у залі, дзе яны сабраліся.
І адзін юнак, імем Яўціх, седзячы на акне, западаў у глыбокі сон у той час, як Павел гутарыў усё далей; змораны сном, ён упаў уніз з трэцяга паверха і яго паднялі мёртвым.
А нейкі юнак, на імя Эўтых, які сядзеў на вакне і глыбока заснуў, як Павал доўга вёў гутарку, змораны ў сьне, упаў з трэцяга паверху ўніз і быў падняты мёртвы.
Але Павел, зышоўшы, прыпаў да яго і, абняўшы, сказаў: Не трывожцеся, бо яго душа ў ім.
Павал жа, зыйшоўшы, упаў да яго і, абняўшы, сказаў: «Не хвалюйцеся, бо душа ягоная ў ім».
І, падняўшыся, пераламаўшы хлеб, паеўшы і прагаварыўшы даволі доўга, аж да світання, ён тады пайшоў.
І, узыйшоўшы і пераламіўшы хлеб, і пакаштаваўшы, гутарыў даволі аж да сьвітаньня, і гэтак пайшоў.
А яны прывялі хлопца жывога і ўсцешыліся бязмерна.
А хлопца таго прывялі жывога і ўсьцешыліся нямала.
А мы, пайшоўшы ўперад на карабель, адплылі ў Ас, намерваючыся адтуль забраць Паўла, бо ён так распарадзіўся, сам намерваючыся ісці пешкі.
А мы, пайшоўшы наперад да карабля, вырушылі ў Ас, маючы забраць адтуль Паўла, бо гэтак ён загадаў, маючы сам ісьці пехатою.
І калі ён сустрэўся з намі ў Асе, мы, забраўшы яго, прыйшлі ў Мітылену.
Калі ж ён зыйшоўся з намі ў Асе, узяўшы яго, мы прыйшлі ў Мітылену.
І, адплыўшы адтуль, мы назаўтра спыніліся насупроць Хіаса, а на другі дзень прысталі ў Самасе і, [пабыўшы ў Трагіліі], у наступны дзень прыйшлі ў Міліт,
Паплыўшы адтуль, мы назаўтра былі насупраць Хіёса, а на наступны дзень прысталі да Самосу і, пабыўшы ў Трагільлі, наступнага дня прыйшлі ў Мілет,
бо Павел вырашыў плыць, абмінаючы Эфес, каб яму не давялося марнаваць час у Азіі, бо ён спяшаўся, каб, калі можна, быць яму ў дзень Пяцідзесятніцы ў Іерусаліме.
бо Павал судзіў абмінуць Эфэс, каб не губляць часу ў Азіі, бо ён сьпяшаўся быць, калі магчыма, у дзень Пяцідзясятніцы ў Ерусаліме.
І з Мілета ён, паслаўшы ў Эфес, выклікаў прасвітараў царквы.
А з Мілету, паслаўшы ў Эфэс, ён паклікаў старостаў царквы.
І калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: Вы ведаеце з першага дня, калі я ўступіў у Азію, як я ўвесь час быў з вамі,
Калі ж яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: «Вы ведаеце, як я ад першага дня, у які прыйшоў у Азію, увесь час быў з вамі,
служачы Госпаду з усёю пакораю і слязьмі і выпрабаваннямі, якія напаткалі мяне праз змовы іудзеяў;
служачы Госпаду з усёй пакораю і з многімі сьлязьмі і спакусамі, якія здараліся са мною ад змоваў Юдэйскіх,
як я не ўтойваў нічога з таго, што карысна; пра што абвяшчаў і вучыў вас прылюдна і па дамах,
як не абмінуў я нічога карыснага, каб не абвясьціць вам і не навучаць вас перад грамадою і па дамах,
цвёрда сведчачы як іудзеям, так і элінам пра пакаянне перад Богам і пра веру ў Госпада нашага Ісуса [Хрыста].
сьведчачы і Юдэям, і Грэкам пра навяртаньне да Бога і пра веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
І цяпер — вось я, паводле жадання духа, іду ў Іерусалім, не ведаючы, што сустрэне мяне там,
І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ерусалім, ня ведаючы, што там сустрэне мяне,
да таго і Святы Дух цвёрда сведчыць мне ў [кожным] горадзе, кажучы, што мяне чакаюць кайданы і пакуты.
адно Дух Сьвяты сьведчыць па гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і прыгнёт.
Але я лічу сваё жыццё нічога не вартым, калі б яно было каштоўным для мяне самога, — толькі б [з радасцю] закончыць мой бег і служэнне, якое я атрымаў ад Госпада Ісуса — цвёрда засведчыць пра дабравесце ласкі Божай.
Але я аніяк не зважаю на гэта і ня дбаю пра сваё жыцьцё, абы толькі ў радасьці скончыць бег мой і служэньне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса — сьведчыць пра Эвангельле ласкі Божае.
І цяпер — вось, я ведаю, што ўжо не ўбачыце майго аблічча ўсе вы, між якіх я хадзіў, прапаведуючы Царства [Божае].
І цяпер вось ведаю, што больш ня ўгледзіце аблічча майго вы ўсе, сярод якіх я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае.
Таму сведчу вам у сённяшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
Дзеля гэтага сьведчу вам у сёньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
бо я не адступіў ад таго, каб абвясціць вам усю волю Божую.
бо не ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
[Дык] рупцеся аб сабе і аб усім статку, у якім Святы Дух паставіў вас епіскапамі61, каб пасвіць Царкву [Госпада і] Бога, якую Ён здабыў [Сабе] ўласнаю крывёю.
Дык сьцеражыце самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас за епіскапаў пасьвіць царкву Божую, якую Ён здабыў уласнай крывёю.
Я ведаю, што пасля майго адыходу ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не пашкадуюць статка.
Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго прыйдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня будуць шкадаваць статак,
І з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць перакручанае, каб адарваць вучняў.
і спасярод вас саміх паўстануць людзі, якія будуць гаварыць сапсавана, каб пацягнуць вучняў за сабою.
Таму будзьце пільныя, памятаючы, што я тры гады ноч і дзень не пераставаў са слязьмі вучыць кожнага [з вас].
Дзеля гэтага чувайце, памятаючы, што я тры гады ўдзень і ўначы не пераставаў са сьлязьмі настаўляць кожнага з вас.
А цяер я даручаю вас, [браты], Богу і слову Яго ласкі, якое можа збудаваць і даць спадчыну сярод усіх асвечаных.
І цяпер я аддаю вас, браты, Богу і слову ласкі Ягонае, што можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі, хто асьвечаны.
Ні серабра, ні золата, ні вопраткі я ні ад кога не пажадаў;
Ані срэбра, ані золата, ані адзеньня я ні ад каго не жадаў.
самі ведаеце, што маім патрэбам і тых, хто быў са мною, паслужылі гэтыя рукі.
Вы ж самі ведаеце, што ў патрэбах маіх і тых, што былі са мною, паслугавалі рукі гэтыя.
Ва ўсім я паказаў вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса — што Ён Сам сказаў: «Большае шчасце даваць, чым браць».
У-ва ўсім перасьцерагаў я вас, што, гэтак працуючы, мусім падтрымліваць нядужых і памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: “Шчасьлівей даваць, чым браць”».
І, сказаўшы гэта, ён схіліў на свае калені і памаліўся з усімі імі.
І, сказаўшы гэтае і ўкленчыўшы, ён маліўся з імі ўсімі.
І быў даволі вялікі агульны плач; і, кідаючыся Паўлу на шыю, яны шчыра цалавалі Яго,
Стаўся ж вялікі плач ва ўсіх, і, кідаючыся на шыю яму, цалавалі яго,
адчуваючы асаблівы боль з-за слова, якое ён сказаў, — што яны ўжо не ўбачаць яго аблічча. І яны праводзілі яго на карабель.
сумуючы найбольш дзеля слова, якое ён сказаў, што ўжо больш ня будуць бачыць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.