1 Пятра 1 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Пётр, Апостал Ісуса Хрыста, — прышэльцам, рассеяным у Понце, Галатыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным
 
Пётр (Пятро), апостал Езуса Хрыста — перасяленцам разсеяным (разагнаным) у Понце, у Галацыі, у Кападоцыі, у Азіі і ў Бітыніі.

паводле прадбачання Бога Бацькі ў асвячэнні Духам да паслухмянасці і акраплення Крывёю Ісуса Хрыста: Ласка вам і мір няхай памножыцца!
 
Выбраным оглядам (прадбачлівасьцю) Бога Айца, пасьвятаю Духа, каб былі паслухмянымі, і пакроплены крывёй Езуса Хрыста — хай ласка і мір (супакой) будуць вам шчодра памножаны.

Дабраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Які праз Сваю вялікую міласць адрадзіў нас да жывой надзеі ўваскрэсеннем Ісуса Хрыста з мёртвых,
 
Багаслаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыста. Ён у вялікім міласердзі сваім праз уваскрасеньне з умёршых Езуса Хрыста адрадзіў нас да жывой надзеі:

да спадчыны нятленнай, беззаганнай і неўвядальнай, што захоўваецца ў нябёсах для вас,
 
да спадчыны незьнішчальнай (нецялеснай, несьмяротнай) і незаганнай ды нявянучай, захаванай вам у небе.

сілаю Божай праз веру ахаваных для выратавання, гатоваму адкрыцца ў апошні час.
 
Вы моцай Божай праз веру ўхаваныя да збаўленьня, маючага аб'явіцца ў апошні час.

Аб гэтым радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,
 
Тады будзеце радавацца, хоць цяпер мусіце перажыць крыху смутку дзеля шматлікіх выпрабаваньняў.

каб выпрабаваная ваша вера сталася шмат каштоўнейшай, чым золата, якое гіне, хоць і выпрабоўваецца ў агні, для пахвалы, і славы, і гонару пры з’яўленні Ісуса Хрыста,
 
Гэтым вартасьць (важнасьць) вашай веры выявіцца шмат даражэйшай ад незьнішчальнага золата, якое выпрабоўваецца ў агні на славу, пахвалу і пашану пры аб'яве Езуса Хрыста.

Якога вы, хоць не бачылі, любіце, у Якога вы, хоць цяпер Яго не бачыце, верыце і захапляецеся радасцю невыказнаю і поўнай славы.
 
Яго хоць ня відзелі, а мілуеце Яго, хоць вы цяпер ня бачыце Яго, а верыце, цешыцеся радасьцю духоваю і поўную хвалы (праслаўнаю),

дасягаючы мэты вашай веры — выратавання душ.
 
а тады калі дасьцігнеце мэту вашае веры — збаўленьне душаў.

Пра гэта выратаванне рабілі пошукі і даследаванні прарокі, якія прадказвалі аб прызначанай вам ласцы,
 
Пра гэта збаўленьне цікавіліся і разважалі прарокі, і яны прадсказвалі пра будучую для вас ласку.

даследуючы, калі ці на якую пару паказваў Дух Хрыста, Які быў у іх, і Які загадзя сведчыў пра Хрыстовы пакуты і пра славу пасля іх.
 
Разважалі яны (бадалі), калі і на якую пару паказваў у іх прабываючы Дух Хрыстовы. Ён прадказваў цярпеньні для Хрыста і будучыя ўслаўленьні (хвалу),

Ім было адкрыта, што не ім самім, а вам1 служыла ўсё гэта, што цяпер абвешчана вам праз тых, хто дабравесціў вам Святым Духам, пасланым з неба, у што прагнуць пранікнуць Анёлы.
 
ім (прарокам) было аб'яўлена, што яны, не сабе, а вам прыслужыліся тымі ведамасьцямі, якія вам цяпер адсланілі, адкрылі прапаведнікі (вяшчуны) Эвангеліі моцай сасланага ім з неба Духа Сьвятога. Заглянуць у гэтыя справы прагнуць і анёлы.

Таму, падпаясаўшы паясніцу вашага розуму, вы цвярозыя, ускладзіце поўную надзею на ласку, якая прыпадзе вам пры з’яўленні Ісуса Хрыста.
 
Таму падперазаўшы паясьніцы (бёдры) вашага розуму, трэзвыя (бадзёрыя), мейце моцную надзею на ласку, празначаную вам пры аб'яве Езуса Хрыста.

Як паслухмяныя дзеці не падстройвайцеся пад ранейшыя пажадлівасці, калі вы былі ў няведанні,
 
Як паслухмяныя дзеці, не аддавайце вашым ранейшым (даўнейшым) страсьцям (поцягам), калі вы былі яшчэ несьвядомымі (ня ведалі),

а на ўзор Святога, Які заклікаў вас, і самі будзьце святымі ва ўсіх паводзінах,
 
але ва ўсіх паводзінах будзьце вы таксама сьвятымі на ўзор Сьвятога, Які вас паклікаў (пазваў),

бо напісана: «Будзьце святымі, бо Я святы».
 
бо напісана: "Будзьце сьвятымі, бо і Я Сьвяты".

І калі вы называеце Бацькам Таго, Хто без аглядкі на асобы судзіць кожнага паводле ўчынкаў, то ў страху праводзьце той час, у які вы жывяце як прышэльцы,
 
Бо калі Айцом завіцё Таго, Хто ня гледзячы на асобу судзіць кожнага па яго ўчынках (дзейнасьці), дык у боязі праводзьце час ваш (вашага жыцьця).

ведаючы, што не тленным срэбрам альбо золатам, вы былі выкуплены ад вашага марнага жыцця, перададзенага ад бацькоў,
 
Ведайце, што адкуплены вы ад сапсутых бацькамі вашымі перададзеных паводзін (жыцьця) ня марным серабром або золатам,

а каштоўнаю Крывёю Хрыста, як беззаганнага і незаплямленага Ягняці,
 
але найдаражэйшай крывёй Хрыста, як ягнёнка беззаганнага і без спракуды.

прадвызначанага да заснавання свету, і Ён з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,
 
Ён, праўда, быў прабачаны перад стварэньнем сьвету, але аб'явіўся ў апошні час дзеля вас.

якія ўверавалі праз Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, так каб ваша вера і надзея была на Бога .
 
Вы праз Яго ўверылі ў Бога, Каторы ўваскрасіў Яго з умёршых і надзяліў Яго славаю, так што вера вашая і надзея, накіраваныя да Бога.

Ачысціўшы вашы душы паслухмянасцю праўдзе [праз Духа] для некрывадушнага браталюбства, ад [чыстага] сэрца шчыра любіце адзін аднаго,
 
Ачысьціўшы душы вашыя ў паслузе праўдзе з мэтаю здабыцьця шчырай братняе любові, шчыра адны другіх любіце.

бо вы адроджаны не ад тленнага насення, але ад нятленнага, праз жывое і трывалае [навекі] слова Божае.
 
Адроджаны вы не марнеючага насеньня, але з духовага праз жывое слова Божае і трывалае.

Бо кожнае цела — як трава, і ўся слава яго2 — як кветка травы; засохла трава, і кветка апала,
 
Бач: "Кожнае цела (чалавек) — як трава, і ўсякая слава ягоная — як краска травы, засыхае трава і краска зачэзла".

а слова Гасподняе застаецца навекі. І гэта тое слова, якое дабравешчана вам.
 
Толькі слова Госпадава трываюць вечна. Гэта вось слова абвешчана вам як Добрая Навіна.