1 Пятра 4 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Дык як Хрыстос пакутаваў [за нас] у целе, то і вы ўзбройцеся тою ж думкаю, бо той, хто пакутаваў целам, перастае грашыць,
 
Дык вось, калі Хрыстус цярпеў за нас целам, то і вы узбройцеся тоюж думкай, хто бо целам цярпіць, перастае грашыць,

каб ужо не ў чалавечых пажадлівасцях, а ў волі Божай пражыць астатні ў целе час.
 
каб рэшту быцьця ў целе ўжо не для похацяў чалавечых жыць, але для волі Божай.

Бо даволі, што вы ў мінулы час [жыцця] выконвалі волю язычнікаў, калі хадзілі ў распусце, пажадлівасцях, выпіўках, гулянках, п’янстве, у грэшным ідаласлужэнні.
 
Даволі бо ўжо было мінулага часу для насычэння паганскай жадобы тым, што бадзяліся ў бэстыяльскай распусьце, п’янстве, абжорстве й нясуразным балванахвальстве;

Таму яны і здзіўляюцца, што вы не бяжыце разам з імі на той жа разліў распусты і ліхасловяць вас;
 
таму-то яны й дзівяцца, што не квапіцеся занурацца зь імі ў балоце распусты, ды языком бэсьцяць вас;

яны дадуць адказ Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых.
 
але незабаўна адкажуць перад Тым, што мае прыйсьці судзіць жывых і мяртвых.

Бо дзеля таго і мёртвым было дабравешчана, каб яны, падпаўшы пад суд, як людзі ў целе, але жылі духам па-Божаму.
 
Натое-ж бо і для мяртвых была аглашаная Эванэлія, каб яны асуджаныя водля свае чалавецкасьці ў целе, жылі водля Бога ў Духу.

Ды ўсяму наблізіўся канец. Дык будзьце ў добрым розуме і цвярозыя для малітваў.
 
Дый блізкі канец усяму. Будзьце, восьжа, агляднымі ды не драмеце — малецеся.

Перш за ўсё майце шчырую любоў адзін да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў.
 
А больш за ўсё майце шчырую любасьць адзін да другога, любасьць бо шмат грахоў прысланяе (Прып. 10:12).

Будзьце гасцінныя адзін да аднаго без наракання,
 
Адны другім без нарокаў будзьце гасьціннымі,

кожны, як атрымаў дар, служыце ім адзін аднаму, як добрыя домакіраўнікі разнастайнай ласкі Божай.
 
прыслужнымі, кажны водля атрыманага дару — як добрыя разьмяркоўнікі шматякіх ласкаў Божых.

Калі хто гаворыць, гавары, як словы Божыя; калі хто служыць, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім праслаўляўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і ўладарства навекі вякоў, амін.
 
Калі гаворыць хто — гавары як словы Божыя; прыслужвае хто — служы па сіле з праканання, што яе Бог дае, каб славіўся Ён праз Езуса Хрыстуса, Якоу хвала і сіла на вякі вечныя. Амэн.

Улюбёныя, не здзіўляйцеся агню між вас, які пасылаецца вам дзеля выпрабавання, нібы адбываецца з вамі нешта дзівоснае,
 
Найдаражэйшыя, ня будзьце неабытымі з гартуючым вас агнём спакусы, бы зь нечым дзівосным здарыўшымся вам;

але як вы далучаецеся да пакутаў Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў з’яўленні Яго славы вы з захапленнем узрадаваліся.
 
але, будучы супольнікамі Хрыстовых цярпенняў, радуйцеся, каб і тады, як аб’явіцца хвала, ягона, радаваліся й весяліліся.

Калі вас зневажаюць за імя Хрыстова, шчаслівыя вы, бо Дух славы і Дух Божы спачывае на вас. [Тымі Ён ліхасловіцца, а вамі праслаўляецца].
 
Калі вас бэсьцяць за імя Хрыстусава, дык шчасце вам, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас.

Бо няхай ніхто з вас не пакутуе як забойца, альбо злодзей, альбо ліхадзей, альбо як той, хто квапіцца на чужое;
 
Абы толькі хто з вас не цярпеў як забойца, ці як злыдзень, або злодзей і пасягаючы на чужое;

а калі як хрысціянін, то няхай не саромеецца, а няхай услаўляе Бога за гэтае імя8.
 
а калі — як хрысьціянін, дык ня стыдзіся, але хвалі Бога за гэткае ймя.

Бо час пачацца суду з дома Божага; калі ж перш — з нас, то які канец тым, хто не пакараецца Дабравесцю Божаму?
 
Прышла бо пара, каб начаўся суд ад Божага дому; калі-ж перш — ад нас, то якіж канец будзе тых, што не пакараюцца Божай Эванэліі?

І калі праведнік ледзь ратуецца, то бязбожны і грэшны дзе апынецца?
 
Бо калі праведнік ледзьве збавіцца, то бязбожнік і грэшнік дзе акажуцца?

Так што і пакутнікі з волі Божай няхай аддаюць свае душы вернаму Творцу, робячы дабро.
 
Дык і церпячыя з Божай волі хай праз добрыя учынкі паручаюць душу сваю вернаму Стварыцелю.