2 да Карынфянаў 5 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Бо мы ведаем, што калі наш зямны дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем збудаванне ад Бога, дом нерукатворны, вечны на нябёсах.
 

Ад гэтага ж мы і стогнем, прагнучы апрануцца ў наша жыллё з неба,
 

калі б толькі нам і апранутым, не апынуцца голымі.
 

Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, стогнем пад цяжарам, бо не хочам распрануцца, а апрануцца, каб смяротнае было паглынута жыццём.
 

А якраз на гэта стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
 

Таму мы заўсёды бадзёрыя і ведаем, што, пасяляючыся ў целе, мы высяляемся ад Госпада, —
 

бо мы ходзім вераю, а не бачнасцю, —
 

мы, такім чынам, бадзёрыя і лічым за лепшае выселіцца з цела і пасяліцца ў Госпада.
 

Таму мы і рупна стараемся, ці пасяляючыся, ці высяляючыся, быць Яму даспадобы.
 

Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад судом Хрыстовым з тым, каб кожны атрымаў паводле таго, што ён зрабіў у целе: ці добрае, ці благое.
 

Дык, ведаючы страх перад Госпадам, мы пераконваем людзей; Богу ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрыты і вашаму сумленню.
 

Мы не рэкамендуем вам сябе зноў, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб вы мелі што сказаць тым, што хваляцца абліччам, а не сэрцам.
 

Бо, калі мы выйшлі з сябе, то для Бога; калі ж сціплыя, то для вас.
 

Бо любоў Хрыстова ахапіла нас, бо мы разважылі так — што4 Адзін памёр за ўсіх, тады ўсе памерлі;
 

І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не для сябе жылі, а для Таго, Хто памёр за іх і быў уваскрэшаны.
 

Так што мы ад гэтага часу нікога не ведаем паводле цела; калі мы і ведалі Хрыста паводле цела, то цяпер ужо не ведаем Яго такім.
 

Так што калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; старое мінула, вось сталася новае.
 

Усё ж ад Бога, Які прымірыў нас з Сабою праз Хрыста і даў нам служэнне прымірэння,
 

таму што Бог быў у Хрысце, мірачы з Сабою свет, не залічваючы ім іх правінаў, і даў нам слова прымірэння.
 

Дык, мы — пасланцы ад Хрыста, і як бы Сам Бог просіць вас праз нас; просім ад імя Хрыста: памірыцеся з Богам.
 

Таго, Хто не ведаў граху, Ён зрабіў грахом за нас, каб мы сталі праведнасцю Божай у Ім.