2 да Карынфянаў 5 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
Бо мы ве́даем, што, калі зямны наш дом, хаціна, разваліцца, дык мы маем ад Бога будоўлю на нябёсах, дом нерукатворны, ве́чны.
Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашу будоўлю, што з нябёсаў.
Толькі-б нам, і апрануўшыся, не аказацца нагімі.
Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, уздыхаем пад цяжырам, з якога ня хочам распрануцца, але адзе́цца, каб сьмяротнае жыцьцём было праглынена.
На гэтае самае і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа.
Дык мы заўсёды добрае мысьлі, ве́даючы, што, жывучы ў це́ле, жывем па-за Госпадам, —
(бо ходзім ве́раю, а ня бачаньнем), —
дык будзьма добрае мысьлі і жадайма ле́пей жыць па-за це́лам, ды жыць у Госпадзе.
Дзеля гэтага рупна стараемся, ці жывучы ў ім, ці па-за ім, быць Яму любымі;
бо ўсім нам трэба зьявіцца перад суд Хрыстовы, каб кожны атрымаў за тое, што ён рабіў це́лам, добрае, ці благое.
Дык, ве́даючы страх Гасподні, мы пераконываем людзе́й, для Бога-ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумле́ньняў.
Бо мы не нанова прадстаўляем сябе́ вам, але дае́м спосаб хваліцца намі, каб ме́лі вы для тых, якія пахваляюцца абліччам, а ня сэрцам.
Калі-ж мы выходзім з сябе́, дык дзеля Бога; калі-ж пры розуме, дык дзеля вас.
Бо любоў Хрыстова абыймае нас, што гэтак разважаем: калі адзін паме́р за ўсіх, то ўсе́ паме́рлі.
Ён-жа памер за ўсіх, каб жывыя ўжо не дзеля сябе́ жылі, але дзеля Таго, Хто паме́р за іх і ўскрос.
Гэтак мы адгэтуль нікога ня ве́даем у це́ле; калі-ж і ве́далі ў це́ле Хрыста, дык цяпе́р ужо ня ве́даем.
Дык хто ў Хрысьце́, той новае стварэньне; старое мінула, вось настала ўсё новае.
Усё-ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня,
бо Бог быў у Хрысьце́, го́дзячы з Сабою сьве́т, не залічаючы ім праступкаў іхніх і кладучы ў нас слова прымірэньня.
Дык мы — пасланцы за Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: пагадзіцеся з Богам.
Бо Таго, Хто грэху ня ве́даў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праве́днасьцяй Божай.