Яна 18 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Сказаўшы гэта, Іісус вы́йшаў з вучнямі Сваімі на той бок пато́ку Кедро́н, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён Сам і вучні Яго;
Сказаўшы гэта Езус з вучнямі Сваімі пайшоў за рэчулку Цэдрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў сам з вучнямі Сваімі.
ве́даў жа гэтае месца і Іуда, які вы́даў Яго, бо там часта збіра́ўся Іісус з вучнямі Сваімі;
Але і Юда, які Яго выдаў, знаў гэта месца, бо часта туды хадзіў Езус з сваімі вучнямі.
і вось Іуда, узя́ўшы атрад воінаў і служы́целяў ад першасвятаро́ў і фарысеяў, прыхо́дзіць туды з фа́келамі, і ліхтара́мі, і збро́яй.
Затым Юда ўзяўшы кагорту жаўнераў і слугаў архісьвятараў і фарызэяў прыйшоў туды з фанарамі і сьветачамі і аружжам.
Іісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, вы́йшаў і сказаў ім: каго шука́еце?
А Езус ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў наперад і спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?"
Адказалі Яму: Іісуса Назарэ́я. Кажа ім Іісус: гэта Я. Стаяў жа з імі і Іуда, які вы́даў Яго;
Адказалі Яму: "Езуса Назарэйца". Кажа ім Езус: "Гэта Я". А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
і калі Іісус сказаў ім: «гэта Я», яны адступíлі назад і ўпа́лі на зямлю́.
Калі сказаў ім Езус: "Гэта Я" — яны падаліся ўзад ды палі на зямлю.
Ён зноў спыта́ўся ў іх: каго шука́еце? Яны сказалі: Іісуса Назарэ́я.
Спытаўся іх тады зноў: "Каго шукаеце?" А яны сказалі: "Езуса Назарэйца".
Адказаў Іісус: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шука́еце, пакіньце іх, няхай ідуць, —
Адказаў Езус: "Дык жа сказаў Я вам, што гэта Я. Калі тады Мяне шукаеце, пазвольце ім пайсьці".
каб спо́ўнілася слова, якое Ён сказаў: з тых, каго Ты даў Мне, Я не загубíў нікога.
А гэта, каб споўнілася слова, якое быў ён сказаўшы: "Не загубіў ніводнага з тых, каторых Ты Мне даў" (Ян. 17:12).
Тады Сíман Пётр, ма́ючы меч, вы́няў яго і ўдарыў першасвятаро́вага раба́ і адсе́к яму правае ву́ха; імя́ раба́ было́ Малх;
Затым Сымон Пётр, які меў меч, дастаў яго і ўдарыў слугу архісьвятара, адсякаючы яму правае вуха. Слуга той меў імя Мальхус.
але Іісус сказаў Пятру: укладзí меч у но́жны; чашу, якую даў Мне Айцец, няўжо́ Я не буду піць яе?
Сказаў тады Езус Пятру: "Схавай меч свой у ножны. Ці ж ня маю піць чашу, якую даў Мне Айцец?"
Тады атрад воінаў і тысячанача́льнік, і служы́целі Іудзейскія ўзялí Іісуса і звяза́лі Яго,
Затым кагорта жаўнераў і трыбун ды слугі юдэйскія ўзялі Езуса і звязалі Яго.
і павялí Яго спачатку да Анны, бо ён быў це́сцем Каіа́фы, які быў першасвятаро́м у той год;
І прывялі Яго перш да Аннанія, бо быў сьвёкрам Каіфа, які быў таго года архісьвятаром.
гэта быў той Каіа́фа, які даў пара́ду Іудзеям, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ.
Вось жа Каіф даў параду Юдэям, каб лепш адзін чалавек памёр за народ.
За Іісусам ішоў Сíман Пётр і другі вучань; вучань жа той быў знаёмы першасвятару́ і ён увайшоў з Іісусам у двор першасвятара́,
А за Езусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань. А вучань той знаёмы быў архісьвятару і таму ўвайшоў з Езусам на дзядзінец (панадворак) архісьвятара.
а Пётр стаяў каля дзвярэ́й зво́нку. Вы́йшаў тады вучань той, які быў знаёмы першасвятару́, і сказаў прыдзве́рніцы, і ўвёў Пятра.
Пётр жа застаўся навонкі пры ўваходзе. Выйшаў тады другі вучань, ведамы архісьвятару, пагаварыў з прыдзьвернай, ды ўвёў Пятра.
Кажа тут служанка-прыдзве́рніца Пятру: і ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.
Кажа тады Пятру служанка прыдзьверніца: "Ці і не ты спасярод вучняў тога чалавека?" А ён кажа: "О не".
І стаялі рабы́ і служы́целі, раскла́ўшы во́гнішча, таму што было́ хо́ладна, і грэ́ліся; з імі Пётр таксама стаяў і грэ́ўся.
Там стаяла прыслуга і слугі пры гарачых вуглях, бо было зімна, дык грэліся. А разам з імі быў і Пётр стоячы і грэючыся.
Першасвята́р жа спыта́ўся ў Іісуса пра вучняў Яго і пра вучэ́нне Яго.
У той час архісьвятар пытаўся ў Езуса пра вучняў і навуку Яго.
Адказаў яму Іісус: Я адкрыта гаварыў свету; Я заўсёды навуча́ў у сінагогах і ў храме, дзе заўсёды збіра́юцца Іудзеі, і тайна не гаварыў нічога;
Адказаў яму Езус: "Я яўна вучыў сьвет, ды вучыў заўсёды ў сынагозе і ў сьвятыні, дзе сабіраюцца ўсе Юдэі, і нічога не гаварыў тайком.
чаму ты ў Мяне пыта́ешся? спыта́йся ў тых, якія чулі, што́ Я гаварыў ім; вось яны ведаюць, што́ Я казаў.
Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, каторыя чулі, што Я ім гаварыў, вось яны ведаюць, што Я ім казаў".
Калі Ён сказаў гэта, адзін са служы́целяў, што блізка стаяў, ударыў Іісуса па шчацэ і сказаў: так Ты адказваеш першасвятару́?
Калі гэта сказаў, дык адзін з прыслугі, стоячы там, ударыў Езуса па твары, кажучы: "Так адказваеш архісьвятару?"
Адказаў яму Іісус: калі Я дрэ́нна сказаў, засве́дчы, што дрэ́нна; а калі добра, чаму ты б’еш Мяне?
Адказаў яму Езус: "Калі блага сказаў, дакажы гэта, а калі добра, дык чаму Мяне б'еш?"
Тады Анна паслаў Яго, звя́занага, да першасвятара́ Каіа́фы.
Затым адаслаў Яго Аннаній зьвязанага да архісьвятара Каіфы.
А Сíман Пётр стаяў і грэ́ўся. Сказалі тады яму: і ты ці не з вучняў Яго? Ён адро́кся і сказаў: не.
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Сказалі яму: "Ці і ты не з ліку вучняў Ягоных?" А ён запярэчыў, кажучы: "Я не!"
Кажа адзін з рабоў першасвятара́, свая́к таго, якому Пётр адсе́к ву́ха: хіба́ я не бачыў цябе з Ім у садзе?
Дык адзін са слугаў архісьвятара, сваяк таго, катораму Пётр адсёк вуха — сказаў яму: "Ці ж я цябе ня бачыў з Ім у садзе?"
Пётр ізноў адро́кся; і адразу пе́вень заспява́ў.
Ды Пётр зноў запярэчыў, а зараз засьпяваў певень.
Тады вядуць Іісуса ад Каіа́фы ў прэто́рыю. Была́ раніца, і яны не ўвайшлі ў прэто́рыю, каб не апага́ніцца, але каб можна было́ есці пасху.
Затым вядуць Езуса ад Каіфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. Але самі не ўвайшлі ў прэтор'ю, каб не спаганіцца, але каб маглі есьці Пасху.
Вы́йшаў Пілат да іх і сказаў: якое абвінава́чанне выстаўля́еце вы су́праць Гэтага Чалавека?
Выйшаў затым Пілат да іх і сказаў: "У чым вінаваціце гэтага чалавека?"
У адказ яны сказалі яму: калі б Ён не быў злачы́нцам, мы не вы́далі б Яго табе.
Дык сказалі яму: "Калі б Ён ня быў праступнікам, ня выдалі б Яго табе".
Тады сказаў ім Пілат: вазьмíце Яго вы і па закону вашаму судзíце Яго. Сказалі яму Іудзеі: нам не дазваля́ецца кара́ць смерцю нікога, —
Дык сказаў ім Пілат: "Вазьміце Яго і асудзіце Яго па вашаму Закону. Сказалі яму тады Юдэі: "Нам нельга нікога забіваць",
каб спо́ўнілася слова Іісуса, якое Ён сказаў, ука́зваючы, якою смерцю Ён ма́е памерці.
каб споўнілася слова Езуса сказанае ім, якою сьмерцю меў уміраць.
Увайшоў тады зноў Пілат у прэто́рыю, і паклíкаў Іісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Іудзейскі?
Дык увайшоў Езус зноў у прэторыю, і пазваўшы Езуса спытаўся ў Яго: "Ці Ты кароль Юдэйскі?"
Адказаў яму Іісус: ты ад сябе гэта гаво́рыш, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
Адказаў Езус: "Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі гэта аба Мне?"
Адказаў Пілат: хіба́ я Іудзей? народ Твой і першасвятары́ вы́далі Цябе мне; што́ Ты зрабіў?
Адказаў Пілат: "Ці ж я Юдэй? Народ твой і архісьвятары выдалі мне Цябе. Што нарабіў?"
Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было́ Царства Маё, то слу́гі Мае́ змага́ліся б за тое, каб Мяне не вы́далі Іудзеям. Але цяпер Царства Маё не адгэ́туль.
Адказаў Езус: "Маё каралеўства не з гэтага сьвету. Бо каб Маё каралеўства было з гэтага сьвету, слугі Мае ваявалі б пэўне, каб ня быў выдадзен Юдэям. Але каралеўства Маё цяпер не зсюль.
Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты Цар? Адказаў Іісус: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзíўся і на тое прыйшоў у свет, каб све́дчыць пра ісціну; і кожны, хто ад ісціны, слу́хаецца голасу Майго.
Сказаў Яму затым Пілат: "Дык Ты Кароль?" Адказаў Езус: "Сам кажаш, што Я Кароль. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб даказаць праўду. Кожны, хто з праўды, слухае голасу Майго".
Кажа Яму Пілат: што ёсць ісціна? І, прамовіўшы гэта, ён зноў вы́йшаў да Іудзеяў і кажа ім: я нія́кай віны не знахо́джу ў Ім;
Дык пытаецца ў Езуса Пілат: "А што гэта праўда?" А гэта сказаўшы Пілат, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: "Я не находжу ў Ім ніякай віны.
ёсць жа звы́чай у вас, каб каго́сьці аднаго́ я адпуска́ў вам на Пасху; хочаце, адпушчу́ вам Цара Іудзейскага?
У вас жа ёсьць звычай, каб на Пасху выпусьціць вам аднаго вязьня. Дык хочаце, пушчу вам караля юдэйскага?"
Тады зноў закрычалі ўсе, ка́жучы: не Яго, а Вара́вву. А Вара́вва быў разбойнік.
Але яны ўсе закрычалі: "Не Яго, але Барабу!" А Бараба быў разбойнікам.