Яна 19 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Тады ўзяў Пілат Іісуса і аддаў на бічава́нне;
 
Тады Пілат узяў Езуса і ўбічаваў.

і воіны, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, ускла́лі Яму на галаву́ і ў адзе́жу пурпуро́вую апрану́лі Яго,
 
А жаўнеры сплёўшы карону з церняў і ўсклалі на галаву Яму і пурпурную шату адзелі на Яго.

і гаварылі: радуйся, Цар Іудзейскі! І білі Яго па шчо́ках.
 
Затым падходзілі да Яго жыдзячы: "Вітай, Кароль Юдэйскі!" Ды білі Яго па вобліку.

Пілат выйшаў зноў і кажа ім: вось, я выво́джу Яго да вас, каб вы ведалі, што я нія́кай віны́ ў Ім не знахо́джу.
 
Тым часам Пілат выйшаў зноў на вонкі і сказаў ім: "Вось жа выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што Я ў Ім не знаходжу ніякай віны".

Тады вы́йшаў Іісус у цярно́вым вянцы́ і пурпуро́вай адзе́жы. І кажа ім Пілат: вось Чалавек!
 
Выйшаў затым Езус у цярнёвай кароне і пурпуравай шаце. Сказаў ім Пілат: "Во чалавек!"

Калі ж уба́чылі Яго першасвятары́ і служыцелі, то пачалí крычаць, ка́жучы: распнí, распнí Яго! Кажа ім Пілат: вазьмíце Яго вы і распнíце, бо я не знахо́джу ў Ім віны.
 
Дык калі Яго ўбачылі архісьвятары і іх слугі, дык закрычалі: "Укрыжуй, укрыжуй Яго! Кажа ім Пілат: Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце, бо Я ў Ім не знаходжу віны".

Адказа́лі яму Іудзеі: мы закон маем, і па закону нашаму Ён павíнен паме́рці, таму што зрабіў Сябе Сы́нам Божым.
 
Адказалі яму Юдэі: "Ты маеш закон, а па закону павінен Ён памярці, бо падаецца за Сына Божага".

Калі пачуў Пілат гэтае слова, то яшчэ больш спало́хаўся,
 
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся.

і ўвайшоў у прэто́рыю зноў і кажа Іісусу: адкуль Ты? Іісус жа адка́зу не даў яму.
 
Дык зноў увёў у прыторыю і спытаўся Езуса: "Скуль Ты?" Але Езус яму не адказаў.

Тады кажа Яму Пілат: мне Ты не гаво́рыш? хіба́ не ведаеш, што я ма́ю ўла́ду распя́ць Цябе і ма́ю ўла́ду адпусцíць Цябе?
 
Кажа Яму тады Пілат: "Не гаворыш да Мяне? Ці ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе ды маю ўладу пусьціць Цябе?"

Адказаў Іісус: ты не меў бы нія́кай ула́ды нада Мною, калі б табе не было да́дзена звыш; таму той, хто вы́даў Мяне табе, бо́льшы грэх ма́е.
 
Адказаў Езус: "Ня меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не была дадзена зьверху. Таму той, хто Мяне выдаў мае большы грэх".

З гэтага часу Пілат шука́ў, як адпусцíць Яго. Іудзеі ж крычалі, ка́жучы: калі Яго адпу́сціш, ты не друг ке́сару; кожны, хто робіць сябе царом, працíўнік ке́сара.
 
Адгэтуль Пілат стараўся асвабадзіць Езуса. Але Юдэі крычалі: "Калі ты Яго выпусьціш, дык ты не прыяцель Цэзараў. Бо кожны, хто агалашаецца Каралём, працівіцца Цэзару".

Пілат, пачу́ўшы гэтае слова, вы́веў Іісуса і сеў на судзе́йскае ўзвышэ́нне на месцы, што называ́лася Ліфо́стратон , а па-яўрэйску Гаввафа́.
 
Пачуўшы гэтыя словы Пілат вывеў Езуса навонкі, сеў на трыбунале, на месца, што завецца Літостратое, а па гэбрайску Габбата.

Была́ ж пятніца перад Пасхай, каля шостай гадзíны. І сказаў Пілат Іудзеям: вось Цар ваш!
 
А быў гэта дзень Прыгатаваньня Пасхі, блізу гадзіна шостая. Сказаў Пілат Юдэям: "Во Кароль ваш".

Але яны закрыча́лі: вазьмі, вазьмі, распнí Яго! Кажа ім Пілат: Цара вашага распя́ць? Адказа́лі першасвятары́: няма ў нас цара́, акрамя́ ке́сара.
 
А яны закрычалі: "Вазьмі, вазьмі ўкрыжуй Яго! "Кажа ім Пілат: "Караля вашага ўкрыжаваць!" Архісьвятары адказалі: "Ня маем караля, толькі Цэзара".

Тады ён аддаў Яго ім на распя́цце. І ўзялí Іісуса і павялі;
 
Дык тады Пілат выдаў ім Езуса на ўкрыжаваньне. Затым узялі Езуса і павялі.

і, несучы́ крыж Свой, Ён вы́йшаў на ме́сца, называ́нае Ло́бным, што па-яўрэйску называ́ецца Галго́фа,
 
І Езус нясучы крыж свой прыйшоў на тое месца, што завецца Кальвар'я, а па гэбрайску Голгота.

дзе Яго распя́лі і з Ім двух іншых, з аднаго́ бо́ку і з другога, а пасярэ́дзіне Іісуса.
 
Гэнам Яго ўкрыжавалі. А з Ім двух іншых: з адной стараны і другой, па сярэдзіне Езуса.

І зрабіў на́дпіс Пілат і змясцíў на крыжы́. А было напíсана: Іісус Назаранíн, Цар Іудзейскі.
 
Пілат прыгатовіў таксама надпісь і памясьціў над крыжам. А было напісана: "Езус Назарэец, Кароль Юдэйскі".

Гэты на́дпіс чыталі многія з Іудзеяў, таму што блізка ад горада было́ тое месца, дзе быў распя́ты Іісус, а напíсана было́ па-яўрэйску, па-грэчаску, па-рымску.
 
Многа Юдэяў чытала гэту надпісь, бо месца ўкрыжаваньня было блізка горада. А было напісана: па гэбрайску, па грэцку і па лацінску.

Казалі ж Пілату першасвятары́ Іудзейскія: не пішы: «Цар Іудзейскі», а напішы, што Ён казаў: «Я цар Іудзейскі».
 
Дык казалі архісьвятары Юдэі Пілату: "Не пішы: Кароль Юдэйскі, але што Ён Сам казаў: "Я Кароль Юдэйскі".

Адказаў Пілат: што́ напіса́ў я, тое напіса́ў.
 
Пілат адказаў: "Што напісаў, напісаў".

Воіны ж, калі распя́лі Іісуса, узялí адзе́нне Яго і раздзялíлі на чаты́ры часткі, кожнаму воіну частка, і хіто́н; хіто́н жа быў не шы́ты, а суцэ́льна тка́ны ад верху;
 
Калі Езуса ўкрыжавалі тады жаўнеры ўзялі адзеньне Яго і падзялілі на чатыры часьці для кожнага па адной, і туніку. А туніка была ня шытая, але тканая зьверху ў ніз.

тады сказалі яны адзін аднаму: не будзем разрыва́ць яго, а кíнем на яго жэ́рабя, чый будзе. Так ме́ла спо́ўніцца Піса́нне, у якім ска́зана: «раздзялíлі адзе́нне Маё між сабою і пра во́пратку Маю́ кíдалі жэ́рабя». Воіны так і зрабíлі.
 
Дык казалі яны адзін другому: "Ня рэзма яе, але кіньма жэрабя, чыёй мае быць — а гэта, каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: "Падзялілі між сабой адзеньне Маё, а аб туніку Маю кідалі жэрабя" (Пс. 21:19).

Стаялі ж каля крыжа́ Іісусавага Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Клео́пава, і Марыя Магдалíна.
 
Гэта здзейсьнілі жаўнеры. А пад крыжам Езуса стаяла Маці Ягоная і сястра Маці Яго — Мар'я Клеофаса, поруч Мар'я Магдаліна.

Іісус жа, уба́чыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любíў, кажа Маці Сваёй: Жанчына, вось сын твой.
 
Калі Езус убачыў Маці і вучня, каторага любіў, побач стаячага, сказаў Маці сваёй: "Жанчына, во Сын Твой!"

Потым кажа вучню: вось Маці твая. І з таго часу вучань ўзяў Яе да сябе.
 
Затым сказаў вучню: "Во Маці Твая!" Ад гэтай пары ўзяў яе вучань у сваю апеку.

Пасля гэтага Іісус, ве́даючы, што ўсё ўжо здзе́йснілася, каб збыло́ся Пісанне, кажа: сма́гну.
 
Затым Езус ведаючы, што ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне: сказаў: "Смагну".

Тут стаяла пасу́дзіна, по́ўная во́цату. І воіны, напо́ўніўшы гу́бку во́цатам і насадзíўшы яе на сцяблíну ісо́пу, падне́слі да Яго ву́снаў;
 
А была там пастаўлена пасудзіна, напоўнена воцатам, дык жаўнеры намачылі губку ў воцат насадзілі на трасьціну і паднялі да вуснаў.

і калі паспыта́ў Іісус во́цату, Ён сказаў: здзе́йснілася! І, схілíўшы галаву́, аддаў дух.
 
Калі Езус дакрануўся воцату, сказаў: "Споўнілася" і схіліўшы галаву — аддаў духа, сканаў.

А пако́лькі была́ пятніца, то Іудзеі, каб не засталíся це́лы на крыжы́ ў суботу, — бо вялікі дзень была́ та́я субота, — прасíлі Пілата, каб перабíць у іх го́лені і зняць;
 
Ды Юдэі, так як быў дзень Прыгатаваньня, каб у шабат целы не заставаліся на крыжы, бо гэта быў шабат урачысты, дык прасілі Пілата, каб ім паламаці ногі (галені) і зьняць іх.

і вось прыйшлі воіны і ў першага перабíлі го́лені, і ў другога, распя́тага з Ім;
 
Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і паламалі ногі першаму і другому, якія былі побач Езуса ўкрыжаваныя.

прыйшо́ўшы ж да Іісуса, як уба́чылі, што Ён ужо памёр, то не перабіва́лі ў Яго голеняў;
 
А калі падыйшлі да Езуса і ўбачылі, што Ён памёршы, не ламалі Яму ног,

але адзін з воінаў кап’ём праця́ў Яму бок, і адразу вы́цекла кроў і вада;
 
але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго і зараз выцякла кроў і вада.

і той, хто бачыў, засве́дчыў, і све́дчанне яго праўдзíвае; і ён ведае, што ісціну гаворыць, каб вы паверылі;
 
А той, хто відзеў даказвае ды праўдзівы яго доказ. Ды ведае ён, што праўду кажа, каб і вы ўверылі.

бо гэта ста́лася, каб спо́ўнілася Пісанне: «косць Яго не будзе палама́на»;
 
Гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: "Косць Яго ня будзеце ламаць (Вых. 12:46).

яшчэ і ў другім ме́сцы Пісанне гаворыць: «будуць глядзець на Таго, Каго праця́лі».
 
А на іншым месцы кажа Пісаньне: "Увідзяць, каго пракалолі, прабілі (Зах. 12, 10).

Пасля гэтага Іосіф з Арымафе́і, які быў вучнем Іісуса, але та́йным з-за стра́ху перад Іудзеямі, папрасíў Пілата, каб узяць це́ла Іісусава; і Пілат дазво́ліў; тады прыйшоў ён і ўзяў це́ла Іісусава.
 
Затым Юзэф з Арыматэі, а ён са страху перад Юдэямі быў скрытым (тайным) вучнем Езуса і прасіў Пілата, каб узяць Цела Езуса. А Пілат дазволіў.

Прыйшоў і Нікадзім, які прыхо́дзіў ране́й да Іісуса ўначы́, і прынёс су́месь са смíрны і ало́ю фу́нтаў каля ста.
 
Дык прыйшоў ён тады з Мікодам, з тым, што раней быў прыйшоўшы ноччу да Езуса, і прынёс каля ста фунтаў мешанкі міры і алоя.

Узялí яны це́ла Іісусава і абвілí Яго пало́тнамі з духмя́насцямі, як паво́дле звы́чаю хава́юць Іудзеі.
 
Яны затым узялі Цела Езуса з духмяннасьцямі ўкруцілі ў палатно па звычаю хаваньня ў Юдэяў.

Быў жа на тым ме́сцы, дзе Ён быў распя́ты, сад, і ў са́дзе магіла новая, у якой ніколі яшчэ ніхто не быў пакла́дзены;
 
А на месцы дзе, быў укрыжаваны знаходзіўся сад, а ў садзе быў гроб, у якім ніхто яшчэ ня быў пахаваны.

і там, з-за пятніцы Іудзейскай, пако́лькі блізка была́ магіла, пакла́лі Іісуса.
 
Там тады дзеля дня Прыгатаваньня Юдэйскага палажылі Цела Езуса ў гроб, бо быў блізка.