Яна 2 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

А на трэці дзень было́ вясе́лле ў Ка́не Галіле́йскай, і Маці Іісусава была́ там.
 
Затым на трэці дзень спраўлялася вясельле ў Кане ў Галілеі, і ўдзельнічала ў ім маці Езуса.

Запро́шаны таксама быў Іісус і вучні Яго на вясе́лле.
 
На вясельле таксама Езуса разам з Яго вучнямі.

І калі не хапíла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць.
 
А калі не хапіла віна, сказала яму маці: "Віна ня маюць".

Кажа Ёй Іісус: што́ Мне і Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой.
 
Сказаў ёй Езус: "А што Мне і табе жанчына, яшчэ не прыйшла Мая пара (гадзіна)".

Кажа Яго Маці слу́гам: што́ скажа Ён вам, зрабíце.
 
Сказала тады маці Езуса слугам: "Зрабіце ўсё, што вам загадае".

Было ж там шэсць каме́нных пасу́дзін для вады, якія стаялі дзе́ля ачышчэ́ння Іудзейскага і змяшча́лі па дзве ці па тры ме́ры.
 
А стаяла там шэсьць каменных глякоў для абрадавага абмываньня па звычаю Юдэяў. І іх кожная зьмяшчала па два або тры вядры.

Кажа ім Іісус: напоўніце пасу́дзіны вадою. І напоўнілі іх да ве́рху.
 
Загадвае ім Езус: Напоўніць глякі вадой. І напоўнілі іх аж па берагі.

І кажа ім: цяпер чэ́рпайце і нясіце да распара́дчыка засто́лля. І яны пане́слі.
 
Затым сказаў ім Езус: "Зачэрпайце цяпер і занясіце гаспадару вясельля. Ды занесьлі.

Калі ж распара́дчык пакаштава́ў вады, што зрабíлася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распара́дчык засто́лля
 
А калі гаспадар пакаштаваў вады, якая замянілася ў віно, а ня ведаў, адкуль узялося віно (слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі), пазваў гаспадар вясельля маладога

і кажа яму: кожны чалавек спача́тку добрае віно падае́, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль.
 
і сказаў яму. Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап'юцца, тады горшае, а ты захаваў добрае віно аж да гэтага часу".

Так паклаў Іісус пачатак цу́дам у Ка́не Галілейскай і явíў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.
 
Такі вось пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аказаў веліч Сваю. Дык уверылі ў Яго вучні ягоныя.

Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернау́м, Сам і Маці Яго, і браты́ Яго, і вучні Яго, і там застава́ліся некалькі дзён.
 
Затым пайшоў Сам і маці, браты і вучні Яго ў Кафарнаўм. І там прабывалі некалькі дзён.

І набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім
 
А надыходзіла Пасха Юдэйская, дык Езус пайшоў у Ерузалім.

і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, і авечак, і галубоў, і сядзелі мяня́лы грошай;
 
І застаў у сьвятыні прадаючых валоў, авец і галубоў і седзячых мяняльнікаў грошы.

і, зрабіўшы біч з вяровак, усіх вы́гнаў з храма, і авечак, і валоў, і парассыпа́ў грошы мяня́лаў і сталы́ перавярнуў;
 
Дык Езус з вяровак зрабіўшы як бы біч (пугу), павыганяў усіх з сьвятыні, таксама авечкі і валоў, а грошы мяняльніыкаў разсыпаў, а сталы павыварачваў.

і прадаўцам галубоў сказаў: забяры́це гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам га́ндлю.
 
Тым, што прадавалі галубоў, сказаў: "Убірайцеся адсюль, і ня рабіце дому Айца Майго — домам таргоўлі.

І ўспомнілі вучні Яго, што напíсана: «клопат пра дом Твой паглына́е Мяне».
 
Затым прыпомнілі вучні Ягоныя напісана: "Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне" (Пс 68, 10)

На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаме́ннем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць?
 
Затым Юдэі чэпячыся сказалі Езусу: "Які знак дасі нам у доказ, што маеш права (уладу) гэта рабіць?"

У адказ Іісус сказаў ім: разбуры́це храм гэты, і Я за тры дні ўзвяду́ яго.
 
Езус у адказ гаварыў ім: "Разрухайце гэту сьвятыню, а Я ў тры дні адбудую яе".

І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзе́ш яго?
 
Дык сказалі тады Юдэі: "Сорак шэсьць гадоў будавалі гэту сьвятыню, а Ты тры дні яе адбудуеш?"

Ён жа гаварыў пра храм цела Свайго.
 
Але Езус гаварыў пра сьвятыню Цела Свайго.

Калі ж Ён уваскрэ́с з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў, і паве́рылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус.
 
Дык калі ўваскрос, вучні Яго прыпомнілі сабе, што пра гэта казаў, таму ўверылі і Пісаньні і словам, якія Езус сказаў.

А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя́ Яго, бачачы цуды, якія Ён твары́ў.
 
А калі быў Езус у Ерузаліме ў дзень сьвяточны Пасхі, многа ўверыла ў імя Яго, бачачы цуды, якія чыніў.

Але Сам Іісус не давяра́ўся ім, таму што Сам ведаў усіх,
 
Але сам Езус не адкрываўся перад імі, таму што знаў усіх.

і не меў патрэ́бы, каб хто све́дчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што́ было́ ў чалавеку.
 
Ды не патрэба было Яму нічыйго разказу аб чалавеку, бо сам ведаў, што ў чалавеку.