Яна 20 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыхо́дзіць ра́на, калі было́ яшчэ цёмна, да магілы і бачыць, што ка́мень адва́лены ад магілы;
А ў першы дзень тыдня нараніцы, калі было яшчэ цёмна, прыйшла да гробу Мар'я Магдаліна. Убачыла яна камень адвалены ад гроба.
тады бяжы́ць яна і прыхо́дзіць да Сíмана Пятра і да другога вучня, якога любíў Іісус, і кажа ім: узялí Госпада з магілы, і не ведаем, дзе пакла́лі Яго.
Дык пабегла да Сымона Пятра і другога вучня, каторага любіў Езус і казала ім: "Узялі Госпада з гробу і ня ведаем, дзе Яго падзелі".
Вы́йшаў тады Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;
Дык пайшлі тады Пётр і той другі вучань дый прыйшлі да гробу.
яны бе́глі або́два разам, але другі вучань бег хутчэ́й за Пятра і прыйшоў першым да магілы,
І беглі яны абодвы разам, але той першы вучань аперадзіў Пятра і першы дабег да гробу.
і, нахілíўшыся, бачыць, што ляжаць пало́тны; аднак не ўвайшоў.
А нагінуўшыся ўбачыў ляжачае палатно, аднак не ўвайшоў.
Прыхо́дзіць тады Сíман Пётр усле́д за ім і ўвахо́дзіць у магілу, і бачыць, што ляжа́ць пало́тны
Прыйшоў затым Пётр Сымон, і ідучы за ім і ўвайшоў у гроб, і ўвідзеў ляжачае палатно
і што ху́ста, якая была́ на галаве Яго, не з пало́тнамі ляжы́ць, а асо́бна скру́чаная на іншым ме́сцы.
і хустку, якая была на Яго галаве і ляжала ня разам з палатном, але асобна скручана на адным месцы.
Тады ўвайшоў і другі вучань, што першым прыйшо́ў да магілы, і ўбачыў ён, і ўве́раваў;
Дык тады і той вучань, які першы прыбег да гробу, убачыў і ўверыў.
бо яны яшчэ не ведалі з Пісання, што нале́жыць Яму з мёртвых уваскрэ́снуць.
Бо яны яшчэ не разумелі Пісаньня, што трэба было, каб Ён паўстаў з умёршых.
Тады пайшлі вучні зноў да сябе.
Затым вучні зноў вярнуліся дамоў.
Марыя ж стаяла зво́нку каля магілы, пла́чучы; і калі плакала, яна нахілíлася да магілы
А Мар'я стаяла навонкі гроба і плакала. Плачучы, нахінулася і заглянула ў гроб.
і бачыць двух Ангелаў у белым адзе́нні, якія сядзя́ць адзін у галава́х, другі ў нага́х, дзе ляжа́ла было́ це́ла Іісусава.
І спасьцерагла двух анёлаў у белі седзячых, аднаго ля галавы, а другога ля ног, дзе было паложана Цела Езуса.
І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты пла́чаш? Яна кажа ім: узялí Госпада майго, і не ведаю, дзе пакла́лі Яго.
Пытаюцца яны ў яе: "Жанчына, чаго плачаш?" Кажа ім: "Узялі Госпада Майго і ня ведаю, дзе падзелі?"
Сказа́ўшы гэта, яна абярну́лася назад і ўба́чыла, што стаíць Іісус, але не пазна́ла, што гэта Іісус.
Гэта сказаўшы аглянулася за сябе і ўвідзіла Езуса стаячага, а ня ведала, што гэта быў Езус.
Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты пла́чаш? каго шука́еш? Яна, ду́маючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: гаспада́р! калі ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты пакла́ў Яго, і я вазьму Яго.
Пытаецца ў яе Езус: "Жанчына, чаму плачаш? Каго шукаеш?" А яна думаючы, што гэта быў садоўнік, кажа Яму: "Чалавеча, калі Ты Яго ўзяў, скажы мне, дзе ты Яго палажыў, а я вазьму".
Кажа ёй Іісус: Марыя! Яна, абярну́ўшыся, кажа Яму: Раввунí! што значыць: Вучыцель!
Кажа ёй Езус: "Мар'я". А яна павярнуўшыся кажа Яму: "Раббоні, значыць: Вучыцелю".
Кажа ёй Іісус: не дакрана́йся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышо́ў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыхо́джу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.
Кажа ёй Езус: "Не дакранайся Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, Бога Майго і Бога вашага".
Прыхо́дзіць Марыя Магдалíна і абвяшча́е ву́чням, што ба́чыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй.
Дык пайшла Мар'я Магдалена і сказала вучням: "Відзела я Госпада і Ён мне гэта сказаў".
І ўве́чары таго ж першага дня тыдня, калі дзве́ры там, дзе сабра́ліся вучні, былí замкнёныя з-за стра́ху перад Іудзеямі, прыйшо́ў Іісус і стаў пасярэ́дзіне, і кажа ім: мір вам!
Тога дня вечарам па шабаце, пры запёртых дзьвярах дзеля страху ад Юдэяў сабраліся вучні і вось жа зьявіўся Езус, стаў між іх і сказаў ім: "Супакой вам!"
І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і бок Свой. І ўзра́даваліся ву́чні, уба́чыўшы Госпада.
Гэта сказаўшы паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся тады вучні ўбачыўшы Госпада.
Іісус жа зноў сказаў ім: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасыла́ю вас.
Сказаў ім затым Езус зноў: "Супакой вам. Як Мяне паслаў Айцец так і Я пасылаю вас".
Сказаўшы гэта, дзьму́хнуў і кажа ім: прымíце Духа Святога;
Гэта сказаўшы дыхнуў на іх і сказаў ім: "Вазьміце Духа Сьвятога,
каму адпу́сціце грахí, таму будуць адпу́шчаны; на кім пакíнеце, на тым застану́цца.
каторым адпусьціце грахі, будуць ім адпушчаны, а каторым затрымаеце (не адпусьціце), будуць не адпушчаны (затрыманы).
А Фама́, адзін з двана́ццаці, называ́ны Блізню́к, не быў з імі, калі прыхо́дзіў Іісус;
А Тамаш, адзін з Дванаццаці, званы Дыдымус, ня быў разам з імі, калі аб'явіўся Езус.
казалі яму іншыя вучні: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі не ўбачу на рука́х Яго ран ад цвіко́ў і не ўкладу́ пальца майго ў ра́ны ад цвіко́ў, і не ўкладу́ рукí маёй у бок Яго, не паве́ру.
Сказалі яму іншыя вучні: "Відзелі Госпада". А ён сказаў ім: "Калі не ўбачу прабоінаў цьвікамі на руках Ягоных, і не ўкладу рукі сваёй у бок Ягоны — не ўверу".
І праз восем дзён зноў былí ў доме вучні Яго і Фама́ з імі. Прыхо́дзіць Іісус, калі дзверы былí замкнёныя; стаў пасярэ́дзіне і сказаў: мір вам!
Дык калі па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме і Тамаш з імі, а дзьверы былі запёртыя, зьявіўся Езус і стаў між іх і сказаў: "Супакой вам".
Потым кажа Фаме́: дай палец твой сюды́ і паглядзí на ру́кі Мае́; і дай руку́ тваю і ўкладзí ў бок Мой; і не будзь няве́руючым, а будзь ве́руючым.
Потым сказаў Тамашу: "Укладзі гэтта палец свой і паглядзі рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой ды ня будзь недаверкам, але веручым".
У адказ Фама́ сказаў Яму: Гасподзь мой і Бог мой!
Адказаў Тамаш Яму: "Госпад мой і Бог мой!"
Кажа яму Іісус: ты ўве́раваў, таму што ўбачыў Мяне; блажэ́нныя тыя, якія не бачылі і ўве́равалі.
Кажа яму Езус: "Уверыў таму, што Мяне ўвідзеў, Тамаш, шчасьлівыя тыя, што ня відзелі Мяне, а ўверылі".
Многа яшчэ зрабіў Іісус перад вучнямі Сваімі і іншых цу́даў, пра якія не напíсана ў кнíзе гэтай;
Многа яшчэ іншых цудаў учыніў Езус у прысутнасьці вучняў Сваіх, якія не спісаны ў гэтай кнізе.
а гэта напíсана, каб вы ўве́равалі, што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, і каб, ве́руючы, жыццё ме́лі ў імя́ Яго.
Гэтыя ж спісаны, каб вы верылі, што Езус — Хрыстусам, Сынам Божым ды каб праз веру мелі ў імя Яго жыцьцё".