Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І хадзіў Іісус пасля гэтага па Галіле́і, бо не хацеў па Іудзеі хадзіць, таму што Іудзеі шука́лі, як забіць Яго.
Потым Езус хадзіў па Галілеі, бо не хацеў прабываць у Юдэі, бо Юдэі сабіраліся забіць Яго.
А было́ блізка свята Іудзейскае — пастаўле́нне ку́шчаў.
Надыходзіла Юдэйскае сьвята Палатак.
Сказалі тады Яму браты́ Яго: пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш;
Сказалі затым Яму Яго браты: "Адыйдзіся ад гэтуль, а ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае аглядалі дакананьні Твае, якія робіш.
бо ніхто ўпо́тай не робіць нічога і стара́ецца сам навідаво́ку быць; калі Ты такое робіш, пакажы́ Сябе свету.
Бо ніхто не рабіў чаго колечы тайна, калі сам хацеў паказацца на публічнасьці. Калі такія рэчы чыніш, дай пазнацца сьвету".
Бо і браты Яго не ве́равалі ў Яго.
Бо і браты Яго ня верылі ў Яго.
Сказаў жа ім Іісус: час Мой яшчэ не прыйшоў, а ваш час заўсёды ная́ўны;
Кажа ім затым Езус: "Яшчэ не прыйшла Мая пара, а ваш час заўсёды падходзіць.
не можа свет ненавíдзець вас, Мяне ж ён ненавíдзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхíя;
Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзець, бо Я сьведчу аб ім, што яго паступкі, учынкі ліхія.
вы пайдзíце на гэтае свя́та, а Я яшчэ не пайду на свя́та гэтае, таму што час Мой яшчэ не наста́ў.
Вы ідзіце на гэта сьвята, а Я не пайду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ не надыйшоў".
І, сказаўшы гэта ім, Ён застаўся ў Галілеі.
Гэта сказаўшы, застаўся ў Галілеі.
Калі ж пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшоў на свя́та, не адкрыта, а нíбы ўпо́тай.
Але калі браты Яго адправіліся і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але тайком.
А Іудзеі шука́лі Яго на свяце і гаварылі: дзе Ён?
А ў час сьвята шукалі Яго Юдэі і казалі: "Дзе Ён?"
І многа спрэ́чак было́ пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а іншыя казалі: не, Ён жа ўво́дзіць у зман народ.
Гаварылася пра Яго між людзей многа. Адны казалі, што Ён добры, а другія гаварылі, што не, што зводзіць народ.
Ніхто, аднак, адкрыта не гаварыў пра Яго з-за страху перад Іудзеямі.
Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна, бо баяліся Юдэяў.
Калі ж свята дайшло ўжо да паловы, увайшоў Іісус у храм і вучыў;
А калі сьвята ўпалавіналася Езус увайшоў у сьвятыню і стаў навучаць.
і здзіўляліся Іудзеі, гаво́рачы: як Ён ведае Пісанні, не вучы́ўшыся?
А Юдэі дзівіліся і казалі: "Як Ён можа знаць Пісаньне, бо ж не вучоны?"
У адказ ім Іісус сказаў: Маё вучэ́нне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;
Езус казаў ім: "Мая навука не мая, але Таго, Хто Мяне паслаў.
калі хто хоча волю Яго выко́нваць, то даве́даецца пра гэтае вучэ́нне, ці ад Бога яно, ці Я Сам ад Сябе гавару;
Калі хто хоча спаўняць волю Ягоную, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці я Сам ад Сябе гавару.
хто гаво́рыць сам ад сябе, той ула́снай сла́вы шука́е, а Хто шукае сла́вы Таму, Хто пасла́ў Яго, Той праўдзíвы, і няма няпра́ўды ў Ім;
Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй спахвала шукае, але хто шукае хвалы Таго, Хто Яго паслаў, той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконьня (неправасьці).
ці не даў Маісей вам закон? і ніхто з вас не выко́нвае закону. Чаму вы хочаце забíць Мяне?
Ці не Майсей даў вам Закон, але ніхто з вас не спаўняе Закону.
Народ адказаў: дэман у Табе; хто хоча забіць Цябе?
Чаму хочаце Мяне забіць? — Адказала грамада, кажучы: "Чарта маеш, хто хоча Цябе забіць?"
У адказ Іісус сказаў ім: адну справу зрабіў Я, і вы ўсе здзіўля́ецеся;
У адказ сказаў Езус ім: "Я даканаў адзін пачын, а ўсе дзівіцеся.
вось Маісей даў вам абрэ́занне, — хоць яно і не ад Маісея, але ад айцоў, — і ў суботу вы абраза́еце чалавека;
Дык жа Майсей устанавіў абразаньне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў і вы абразаеце ў шабат.
калі абрэ́занне прыма́е чалавек у суботу, каб не быў пару́шаны закон Маісееў, — чаму на Мяне вы гне́ваецеся, што ўсяго чалавека Я ацалíў у суботу?
Калі тады можна абразаць чалавека ў шабат, не нарушаючы Майсеявага Закону, дык чаму злуіцёся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека вылечыў у шабат?
Не судзíце па вы́гляду, а пра́ведным судо́м судзíце.
Дык не судзіце па знешнасці, але судзіце справядлівым судом".
Гаварылі тады некато́рыя з Іерусалíмлян: ці не Той гэта, Якога шукаюць, каб забіць?
Дык некаторыя з жыхароў Ерузаліма казалі: "Ці гэта Той, Каторага хочуць забіць?"
І вось, Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць; няўжо на самай справе дазна́ліся нача́льнікі, што Ён сапраўды́ Хрыстос?
Бо вось яўна навучае і нічога Яму ня кажуць. Ці сапраўды пераканаліся старэйшыны, што Ён Хрыстус?
Але Гэтага мы ведаем, адкуль Ён; калі ж Хрыстос пры́йдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён.
Але аб Ім ведаем, скуль родам, а пра Хрыстуса, калі паявіцца, ніхто ведаць ня будзе, скуль Ён прыходзіць".
Прамо́віў го́ласна тады Іісус у храме, ву́чачы і гаворачы: і Мяне ве́даеце, і ве́даеце, адкуль Я; і не Сам ад Сябе Я прыйшоў, але íсцінны Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ве́даеце;
А Езус навучаючы ў сьвятыні ў голас сказаў: "І Мяне знаеце і ведаеце скуль Я, Я Сам ад Сябе не прыйшоў, але верагодны Той, Хто Мяне паслаў, а Якога вы ня знаеце.
Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.
Я Яго знаю, бо Я ад Яго, бо Ён Мяне паслаў.
Тады шукалі, як схапíць Яго, але ніхто не падня́ў на Яго рукí, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.
Дык маніліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго пара.
А многія з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі пры́йдзе Хрыстос, хіба́ Ён больш цудаў зробіць, чым Гэты зрабіў?
А спасярод натоўпу многа ўверыла ў Яго і яны казалі: "Ці ж калі Хрыстус прыйдзе, болей цудаў даканае, чым тыя, якія Ён учыніў?"
Пачулі фарысеі, што народ так спрача́ецца пра Яго; і паслалі фарысеі і першасвятары́ слуг, каб схапілі Яго.
А калі фарызэі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі фарызэі і князі слугаў, каб Яго ўзяць.
Сказаў тады ім Іісус: яшчэ нядоўга Я бу́ду з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;
Сказаў ім тады Езус: "Кароткі толькі час буду з вамі, бо пайду да Таго, Хто Мяне паслаў.
бу́дзеце шука́ць Мяне, і не зно́йдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсцí.
Будзеце Мяне шукаць і ня знайдзеце, а дзе Я буду, вы туды ня можаце прыйсьці".
І гаварылі Іудзеі паміж сабою: куды Ён збіра́ецца ісці, што мы не зно́йдзем Яго? ці не да рассе́леных між Грэкамі збіра́ецца Ён ісці і навуча́ць Грэкаў?
Ды гаварылі Юдэі між сабой: "Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго ня знойдзем? Ці меўся пайсьці да паган разкінутых і паган навучаць?
што зна́чаць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «бу́дзеце шука́ць Мяне, і не зно́йдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсцí»?
Што ж гэта за навука, якую абвяшчае: "Шукаць Мяне будзеце і ня знойдзеце ды дзе Я буду, вы туды прыйсьці ня можаце?"
У апошні ж вялікі дзень свята стаяў Іісус і ўсклíкнуў, ка́жучы: калі хто ма́е смагу, няхай прыхо́дзіць да Мяне і п’е;
А ў апошні вялікі дзень сьвята стаў Езус і казаў у голас: "Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п'е.
хто веруе ў Мяне, як ска́зана ў Пісанні, у таго з нутра́ пацяку́ць рэ́кі вады жывой.
А хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне: рэкі жывой вады пацякуць з Яго нутра.
А сказаў Ён гэта пра Духа, Якога ме́ліся прыня́ць ве́руючыя ў Яго; бо не было́ яшчэ на іх Духа Святога, таму што Іісус яшчэ не быў прасла́ўлены.
А так казаў аб Духу, якога мелі атрымаць веручыя ў Яго. Бо Дух ня быў яшчэ сасланы, бо Езус ня быў яшчэ праслаўлены.
Многія з народу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды́ прарок.
Многія спаміж людзей, чуючы гэту навуку, казала: "Гэта сапраўды Прарок".
Іншыя казалі: гэта Хрыстос. А другія казалі: хіба́ ж з Галіле́і Хрыстос пры́йдзе?
Іншыя ж казалі: "Гэта Хрыстус". А яшчэ іншыя даказвалі: "Ці ж Хрыстус прыйдзе з Галілеі?
ці ж не ска́зана ў Пісанні, што з се́мені Давідавага і з Віфлее́ма, таго пасе́лішча, адкуль быў Давід, Хрыстос пры́йдзе?
Ці ж Пісаньне ня піша, што Хрыстус прыйдзе з роду Давіда, і з горада Бэтлеем, скуль быў Давід?"
Дык вось нязго́да ўзнíкла ў наро́дзе з-за Яго.
З гэтае прычыны дайшло да раздваеньня ў народзе.
Некато́рыя ж з іх хацелі схапíць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукí.
Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.
І вось прыйшлі слу́гі да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: чаму вы не прывялí Яго?
Прыйшлі затым слугі да перадавых сьвятароў і фарызеяў. А яны сказалі: "Чаму вы Яго не прывялі?"
Слу́гі адказалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.
Слугі адказалі: "Ніводзін чалавек так не гаварыў як Ён".
На гэта фарысеі сказалі ім: няўжо і вас увялі ў зман?
Дык адказалі ім фарызэі: "Ці і вы ім зьведзены?
хіба́ хто з начальнікаў уве́раваў у Яго, ці з фарысеяў?
А ці ўверыў у Яго хоць хто з фарызэяў або князёў?
А народ гэты, што не ведае закону, — пракля́ты ён.
А гэта зборышча, які ня знае Закону, пракляты".
Кажа ім Нікадзім, які прыходзіў да Яго ўначы́ і быў адзін з іх:
Сказаў ім Мікода, той, што прыходзіў да Яго ноччу, а быў адным з іх:
хіба́ закон наш су́дзіць чалавека, не вы́слухаўшы яго спача́тку і не даве́даўшыся, што ён робіць?
"Ці ж закон наш асуджае чалавека, чым перш яго не праслухае і не праверыць, што ён робіць?"
У адказ сказалі яму: ці не з Галіле́і і ты? даследуй і пабач, што з Галіле́і прарок не прыхо́дзіць.
У адказ яму сказалі: "Ці і Ты не Галілеец? Праслядзі за Пісаньнем, а пераканаешся, што Прарок не з'явіцца з Галілеі.
І пайшлі кожны ў свой дом.
Дый разыйшліся кожны ў свой дом.