2 да Карынфянаў 12 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Не карысна хвалíцца мне; бо я перайду да відзе́нняў і адкравенняў Гасподніх.
 
Калі выпадае хваліцца, хоць ня варта, перайду да візіяў і аб'яваў Госпадавых.

Ведаю чалавека ў Хрысце, што чатырна́ццаць гадоў назад — ці ў целе, не ведаю, ці не ў целе, не ведаю, Бог ведае, — узя́ты быў да трэцяга неба.
 
Знаю чалавеку ў Хрысьце, які чатырнаццаць год таму (ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю, Бог ведае) захоплены быў у трэцяе неба.

І ведаю пра гэтага чалавека — ці ў целе, ці не ў целе, не ведаю, Бог ведае, —
 
І ведаю, што той чалавек — ці ў целе, ня ведаю, ці па-за целам (таксама ня ведаю), Бог ведае —

што ён быў узяты ў рай і чуў невымоўныя словы, якія чалавеку немагчыма выказаць.
 
быў схоплены (узяты) ў рай і чуў таемныя словы, каторых нельга выяўляць.

Такім чалавекам буду хвалíцца; сабою ж не буду хваліцца, хіба́ толькі немачамі маімі.
 
Гэтым магу хваліцца, але з самога сябе ня буду хваліцца хіба са сваіх зьнямоў (слабасьцяў).

Калі ж захачу пахваліцца, то не буду неразумным, бо скажу ісціну; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне звыш таго, што бачыць ува мне ці чуе ад мяне.
 
Дарэчы, каб і хацеў хваліцца, ня быў хвальцом (неразумным); сказаў, бы толькі праўду. Але стрымоўваюся, каб хто не падумаў аба мне больш, чым што ва мне бачыць, або ад мяне чуе.

І каб я не ўзвыша́ў сябе з-за велічы адкравенняў, да́дзена мне джала ў плоць, ангел сатаны, каб мучыць мяне, каб я не ўзвыша́ў сябе.
 
Але, каб я занадта не выносіўся (ганарыўся) дзеля велічы аб'яваў, дадзены мне бадыль для цела, анёл шатанскі, каб мучыў мяне, каб я не выносіўся.

Тройчы прасіў я Госпада пра тое, каб забраў яго ад мяне,
 
Дзеля таго тройчы маліў я Госпада, каб адыйшоў ад мяне,

але Ён сказаў мне: «дастаткова табе благадаці Маёй, бо сіла Мая ў немачы здзяйсняецца». Дык вось, я больш ахвотна буду хвалíцца сваімі немачамі, каб жыла́ ўва мне сіла Хрыстова.
 
але Госпад сказаў мне: "Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц (цнота) праз слабасьць дасканаліцца. Таму найахватней буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб абжылася ў мяне моц (ласка) Хрыстова.

Таму я знаходжу задавальне́нне, будучы ў немачах, у крыўдах, у няста́чах, у гане́ннях, ва ўціску дзеля Хрыста, бо калі я нямоглы, тады я моцны.
 
Таму падабаюцца мне і мае слабасьці, зьнявагі, недахопы (недастачы), праследаваньні, прыгнёты дзеля Хрыста. Бо калі слабую, набіраю сілы (раблюся дужы).

Я дайшоў да неразумнасці, хва́лячыся, — вы мяне прыму́сілі. Бо вам нале́жала хвалíць мяне, таму што я ні ў чым не маю недахопу ў параўнанні з тымі вышэйшымі Апосталамі, хоць я і нішто:
 
Стаўся неразумным, а вы мяне да гэтага давялі! Гэта вы мусіце мне выяўляць прызнаньне (пахвалу). У нічым ня менш ад "вялікіх апосталаў", хоць я нічога ня варт.

уласцівасці ж Апостала былí вы́яўлены перад вамі ва ўсёй цярплівасці, у знаме́ннях, і цудах, і сілах.
 
Доказы майго апостальства выказаны ў вас вялікаю цярплівасьць, такжа знакі і цуды, і моцамі.

Дык чаго вам не хапа́ла ў параўнанні з астатнімі цэрквамі, хіба толькі таго, што сам я не стаў цяжа́рам для вас? Прабачце мне гэтую віну.
 
Ці ж вы меней атрымалі чым іншыя Касьцёлы? Хіба адно толькі, што ня быў вам (для вас) цяжарам. Даруйце мне гэту крыўду!

Вось, трэці раз я гатовы прыйсці да вас, і не буду цяжа́рам для вас, бо я шукаю не вашага, а вас. Таму што не дзеці павінны назапа́шваць маёмасць для бацькоў, а бацькі для дзяцей.
 
Ужо трэці раз сабіраюся да вас прыбыць, і ня буду вас затрудняць. Бо не скваплюся на вашае, але на вас. Ня дзеці бацькам павінны сабіраць маёмасьць, але бацькі дзецям.

Я ж вельмі ахвотна буду траціць і буду сябе растра́чваць дзеля душ вашых, нягледзячы на тое, што, вельмі любячы вас, я менш любімы.
 
Я вельмі ахвотна панясу вытраты, а нават самога сябе аддам за вашыя душы. Дык што раз больш вас мілуючы — буду менш люблены?

Дапусцім, было так: я не абцяжарваў вас, але, будучы хітрым, я падманам браў з вас.
 
Дарэчы, хай будзе і так: не затрудняў вас, але будучы хітрым — падступам вас здабыў.

Хіба праз каго-небудзь з тых, каго я пасылаў да вас, я нечым карыстаўся ад вас?
 
А можа праз тых, што пасылаў да вас, абмануў вас?

Я папрасіў Ціта і паслаў разам з ім брата: ці ж скарыстаўся чым ад вас Ціт? хіба не ў адным духу мы дзейнічалí хіба не аднымі шляхамі хадзілі?
 
Прасіў Тытуса да паслаў з ім брата. Ці Тытус вас абмануў? Ці і мы паводзілі сябе ў тым самым духу? Ці па тых самых словах?

Зноў думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся́ Мы перад Богам, у Хрысце гаворым, а ўсё, узлю́бленыя, дзеля вашага настаўлення.
 
Вы ўжо даўно думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся. На віду Бога ў Хрысьце вучым, а ўсё, найдаражэйшыя на фармаваньне ваша.

Таму што баюся, каб, прыйшоўшы да вас, я не знайшоў вас такімі, якімі не хачу, таксама каб і вы не знайшлі мяне такім, якім не хочаце: каб не было спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, нагавораў, пыхі, бязладдзяў,
 
Баюся, ці прыйшоўшы да вас, знайду вас не такімі, якімі хацеў бы вас знайсьці. Але і для вас пакажуся такім, якога вы сабе ня хочаце. Каб часам не было ў вас спрэчак, завіднасьці, гневу руганіны, ачарненьняў, абмовы, пышлівасьці, звадкі,

каб зноў, калі прыйду, не прынізіў мяне Бог мой у вас і каб не аплакваць мне многіх, якія саграшылі раней і не пакаяліся ў нечыстаце, і блудзе, і распусце, што яны ўчынілі.
 
каб калі прыбуду да вас зноў, не ўпакорыў мяне Бог мой перад вамі і каб мне не прыйшлося перажываць (сумаваць) многіх сярод вас із-за тых, каторыя дапусьціліся перад тым грахоў і не пакутавалі дзеля нячыстасьці, распусты ды разбэшчанасьці.