2 да Карынфянаў 8 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Паведамляем вам, браты, пра благадаць Божую, да́дзеную цэрквам Македонскім;
 
Паведамляем вам, браты, пра тую ласку, якую Бог абдзяліў Македонскія храмы (касьцёлы),

пра тое, што ў ця́жкім выпрабава́нні бе́дамі яны маюць вялікую радасць, і пры крайняй беднасці сваёй вы́явілі багацце сваёй шчырасці;
 
як у цяжкім выпрабаваньні прыгнёту захавалі вялікую радасьць і як скрайняяя беднасьць выявілася багата прастадушнасцю.

бо яны па сілах, — сведчу я, — ды і звыш сіл, былí шчодрымі:
 
яны, сьведчу, па магчымасьці, ды над магчамасьць дабравольна

яны вельмі прасілі нас прыня́ць дар і дазволіць іх удзел у служэнні святым;
 
дужа прасілі нас пазволіць ім супрацоўнічыць з намі ў дапамозе сьвятым.

і нават не так было, як мы спадзяваліся, але яны саміх сябе аддалí найперш Госпаду, а потым і нам, па волі Божай;
 
Яны ж над наша спадзяваньне ахвяравалі сябе самых найперш Госпаду, а затым нам па волі Божай.

таму мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршы́ў у вас дабрадзе́янне гэтае.
 
Дзеля таго прасілі Тыта (Ціта), каб як ён гэта ўжо пачаў, так таксама завяршыў гэтую справу міласэрнасьці адносна вас.

А паколькі вы ўсім багатыя: вераю, і словам, і ведамі, і ўсёю руплíвасцю, і вашаю да нас любоўю, — то ўзбагача́йце сябе і гэтым дабрадзе́яннем.
 
І як вы ва ўсім былі шчодрымі: у веры, у мове, у ведах, ва ўсякай стараннасьці, у любві сваёй да нас, каб і ў гэтым былі шчодрымі.

Кажу гэта не як загад, але праз руплíвасць іншых выпрабоўваю шчырасць і вашай любові.
 
Кажу гэта не як загадваю, але хочучы выпрабаваць на ўзор іншых руплівасці і вашу любоў.

Бо вы ведаеце благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, што Ён, будучы багатым, зрабіўся бедным дзеля вас, каб вы праз Яго беднасць ўзбагаціліся.
 
Вы знаеце дабрату (міласцівасьць) Госпада нашага Езуса Хрыста, Каторы будучы багатым, дзеля нас стаўся бедным, каб Сваёю беднасьцю нас узбагаціць.

І я выказваю меркаванне пра гэта, бо гэта на карысць вам, якія не толькі пачалі рабіць, але і жадалі гэтага яшчэ з мінулага года.
 
Я вам даю гэту параду, бо гэта карысна для вас, бо вы ў мінулым годзе пачалі ня толькі хацець але і дзейнічыць.

А цяпер завяршы́це справу, каб тое, чаго вы шчыра жадалі, і заве́ршана было зыходзячы з таго, што вы маеце.
 
Давядзіце гэту справу да канца, каб чым ахвотна хацелі падзяліцца — тое споўнілі.

Бо калі ёсць шчыры намер, то ён прымаецца паводле таго, што нехта ма́е, а не паводле таго, чаго не ма́е.
 
Калі ёсьць ахвота (жаданьне), яна выяўляецца не патым, чаго хто ня мае, але па тым, хто што мае.

Ды не так, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб было́ пароўну.
 
Не вымагаецца, каб іншым было палягчэньне, а вам затрудненьне, але каб была роўнасьць (раўнамернасьць).

У цяперашні час ваш дастатак пакрывае іх нястачу, каб потым і іх дастатак пакрыў вашу нястачу, каб было́ пароўну,
 
Хай цяпер ваша лішніца (збытак) пакрые (дапоўніць) іхнюю нястачу (недастатак), а каб так сама іхняя лішніца (збытак) дапоўніў (пакрыў) ваш недастатак, каб так была роўнасьць (раўнамернасьць).

як напісана: «у каго было многа, той не меў лішняга, і ў каго мала, той не меў нястачы».
 
Як напісана: "Хто сабраў многа, ня меў лішніцы, а хто мала — ня меў нястачы".

Дзякуем Богу, Які ўклаў такі руплíвасць у адносінах да вас у сэрца Ціта;
 
Дзякуй Богу, што ў сэрцы Тытуса разбудзіў (выклікаў) такую руплівасьць пра вас.

бо ён і просьбу нашу прыняў, і, будучы вельмі руплівым, па сваёй волі адправіўся да вас.
 
Ён ня толькі выслухаў маю просьбу, але будучы вельмі дбалым, дабравольна выбраўся да вас.

Разам з ім мы паслалі таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце,
 
Разам з ім паслалі мы брата, каторы славіцца па Эвангеліі па ўсіх касьцёлах.

які, акрамя таго, і быў упаўнаважаны цэрквамі спадарожнічаць нам дзеля справы дабрачыннасці гэтай, якой мы служым на славу Самога Госпада і дзякуючы шчырасці вашай;
 
Што больш — Ён касьцёламі прызначаны быць сябрам (спадарожнікам) нашага падарожжа ў гэтай добрай справе, якую мы спаўняем на хвалу нашага Госпада адпаведна нашым стараньням.

зрабілі мы гэта, каб ніхто не нарака́ў на нас пры такім мностве ахвяраванняў, даве́раных нам;
 
Мы высьцерагаемся, каб нам хто не дакараў дзеля такога мноства ахвяр, паручаных нашаму распараджэньню.

бо мы дбаем пра добрае не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
 
Стараемся аб дабро (быць добрымі) ня толькі перад Богам, але і адносна людзей.

Мы паслалі разам з імі таксама брата нашага, руплівасць якога мы шмат разоў вы́прабавалі ў многім, а цяпер ён яшчэ больш руплівы з-за вялікай упэўненасці ў вас.
 
Паслалі мы з імі брата свайго, дбайнасьць якога шмат у чым выпрабавалі, а каторы цяпер яшчэ больш старанны дзеля вялікага даверу ў вас.

Што датычыць Ціта, то ён — мой таварыш, і для вас — супрацоўнік, а што да братоў нашых, то яны — пасланцы́ цэркваў, слава Хрыстова.
 
Тытус жа маім сябрам (таварышам) і трудзіцца разам са мною дзеля вас, а браты нашыя — пасланцы Касьцёлаў, слава Хрыста.

Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва хва́лімся вамі.
 
Дакажыце ім адносна Касьцёлаў сваю любоў, каб мы не надарма хваліліся вамі.