Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, хто не зазна́е смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое пры́йдзе ў сіле.
 
І казаў: «Сапраўды кажу вам: некаторыя, што стаяць тут, не пакаштуюць смерці, перш чым не ўбачаць, як Валадарства Божае прыйшло ў магутнасці».

І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару́ высокую адных асобна, і перамянíўся перад імі.
 
І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пётру, і Якуба, і Яна і вядзе іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі.

І ўбра́нне Яго стала бліску́чым і надзвы́чай белым, як снег, такім, як бялíльшчык на зямлі не можа вы́беліць.
 
Адзенне Яго заззяла і стала белым, як снег, як на зямлі бялільшчык выбеліць не зможа.

І явіўся ім Ілія́ з Маісе́ем; і размаўлялі з Іісусам.
 
І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гаварылі з Ісусам.

І, азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Раввí ! добра нам тут быць, зробім тры шатры́, Табе адзін, Маісе́ю адзін і адзін Іліí.
 
І, кажучы, гаворыць Пётра Ісусу: «Рабі, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, і Майсею адну, і Іллі адну».

Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былí перапало́ханы.
 
Бо сам не ведаў, што гаворыць, бо надта быў спалоханы.

І ўзнíкла во́блака, ахіна́ючы іх, і з во́блака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слухайце.
 
І з’явілася воблака, засланяючае іх, ды голас выйшаў з воблака: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце!»

І нечакана, агле́дзеўшыся наво́кал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе.
 
І яны, зараз жа паглядзеўшы навокал, апрача Ісуса, нікога больш не бачылі каля сябе.

І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што́ бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
 
І, калі сыходзілі з гары, загадаў ім Ён, каб нікому не расказвалі, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.

І захава́лі ў сабе гэтае сло́ва, разважа́ючы між сабой: што значыць «уваскрэ́снуць» з мёртвых?
 
І яны стрымалі слова, толькі між сабой разважалі, што гэта значыць: «уваскрэснуць».

І пыталіся ў Яго, ка́жучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсцí ране́й?
 
Дык пыталі Ісуса: «Чаму гэта фарысеі і кніжнікі кажуць, што трэба, каб перш прыйшоў Ілля?»

А Ён сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́, прыйшоўшы ране́й, узно́віць усё; а як жа напíсана пра Сына Чалавечага, — што многа адпаку́туе і знява́жаны будзе?
 
А Ён гаворыць ім: «Ілля, калі прыйдзе перш, направіць усё; і, як напісана аб Сыне Чалавечым, будзе шмат цярпець, і будзе пагарджаны.

Але кажу вам, што і Ілія́ прыйшоў, і ўчынíлі з ім, што хацелі, як напíсана пра яго.
 
Але Я вам кажу: і Ілля прыйшоў, і з ім зрабілі, як хацелі, як аб ім напісана».

І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрача́ліся з імі.
 
І, вяртаючыся да вучняў, убачылі вакол іх вялікі натоўп кніжнікаў, што спрачаліся з імі.

І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, ура́зіўся і, падбягаючы, віталі Яго.
 
І адразу, бачачы Ісуса, увесь народ здзівіўся і, падбягаючы, вітаў Яго.

І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрача́ецеся з імі?
 
І спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся між сабой?»

Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сы́на майго, які ма́е ў сабе духа нямога;
 
І нехта з натоўпу адказаў: «Настаўнік, я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

і дзе ні схо́піць яго, кíдае яго, і ён пену пускае і скрыго́ча зубамі і дранцве́е; і прасіў я вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, ды яны не змаглі.
 
І ён, дзе толькі наваліцца на яго, кідае яго, так што пеніцца ён і скрыгіча зубамі ды пруцянее. Дык прасіў я вучняў Тваіх, каб яго выгналі, але яны не змаглі».

Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязве́рны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне.
 
Ён жа, адказваючы ім, кажа: «О род няверны, як доўга буду Я між вамі? Як доўга буду вас цярпець? Прынясіце яго да Мяне».

І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пуска́ючы пену.
 
І прынеслі яго да Яго. І калі ўбачыў Яго, зараз жа дух пачаў ім тузаць ды, кінуўшы на зямлю, качаў яго, выціскаючы пену.

І запытаўся Іісус у ба́цькі яго: як даўно гэта зда́рылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства;
 
І запытаўся ў бацькі: «Як даўно яму гэта прычынілася?» А ён сказаў: «Ад дзяцінства;

і часта дух і ў агонь кíдаў яго, і ў ваду, каб загубíць яго; але, як што можаш, дапамажы́ нам, зжа́ліўшыся над намі.
 
і часта кідаў яго нават у агонь і ў ваду, каб яго загубіць, але, калі можаш, ратуй нас, злітуйся над намі».

А Іісус сказаў яму: калі можаш ве́раваць, усё магчыма для таго, хто веруе.
 
А Ісус гаворыць яму: «Калі можаш! Усё магчыма таму, хто верыць».

І адразу, усклíкнуўшы, хло́пцаў бацька са слязьмí сказаў: верую, Госпадзі! памажы́ майму няве́р’ю!
 
Тады бацька хлопчыка, плачучы, гаварыў уголас: «Веру, [Госпадзе,] дапамажы майму недавер’ю».

Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забаранíў духу нячыстаму, ка́жучы яму: дух нямы і глухі, Я зага́дваю табе, вы́йдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
 
І, калі Ісус убачыў, што збягаецца натоўп людзей, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: «Дух глухі і нямы! Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».

І, ускры́кнуўшы і моцна скалану́ўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр.
 
І той, крычучы і моцна тузаючы ім, выйшаў з яго; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія гаварылі: «Ён памёр».

Але Іісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго; і ён устаў.
 
Ісус жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго?
 
І, калі Ісус вярнуўся дамоў, вучні Яго ўжо адзін на адзін пыталіся ў Яго: «Чаму мы не змаглі яго выгнаць?»

І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа вы́йсці, толькі ад малітвы і по́сту.
 
І Ён сказаў ім: «Гэты род ніяк не можа выйсці, акрамя як праз [пост і] малітву».

І, вы́йшаўшы адтуль, прахо́дзілі праз Галіле́ю, і Ён не хацеў, каб хто даве́даўся.
 
І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто пра гэта ведаў.

Бо навуча́ў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя і заб’юць Яго, і, забіты, Ён на трэці дзень уваскрэ́сне.
 
Бо навучаў вучняў Сваіх і казаў ім: «Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, але, забіты, Ён праз тры дні ўваскрэсне».

Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.
 
Ды яны слоў гэтых не разумелі і баяліся Яго пытацца.

І прыйшоў у Капернау́м; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважа́лі між сабою?
 
І прыбылі ў Кафарнаўм. І, калі былі ў доме, спытаў Ён іх: «Аб чым вы ў дарозе разважалі?»

Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрача́ліся адзін з адным, хто бо́льшы.
 
Але яны маўчалі, бо ў дарозе спрачаліся між сабой, хто з іх большы.

І, сеўшы, паклíкаў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.
 
І Ісус, сеўшы, паклікаў дванаццаць, і гаворыць ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім ды ўсіх паслугачом».

І, узяўшы дзіця́, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
І, узяўшы дзіця, паставіў яго між імі, і прытуліў яго, і сказаў ім:

хто пры́ме адно з такіх дзяце́й у імя́ Маё, той Мяне пры́ме, а хто Мяне пры́ме, той не Мяне прыма́е, але Таго, Хто паслаў Мяне.
 
«Калі хто ў імя Маё прыме адно з такіх дзяцей, Мяне прымае, а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто Мяне паслаў».

Азва́ўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што íмем Тваім выганяе дэманаў, але не хо́дзіць за намі, і мы забаранíлі яму, бо не хо́дзіць за намі.
 
Сказаў Яму Ян: «Настаўнік, мы бачылі некага, які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі».

Іісус жа сказаў: не забараня́йце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя́ Маё і мог бы неўзаба́ве знява́жыць Мяне.
 
Ісус жа гаворыць: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто чыніць цуды ў імя Маё, не можа зараз жа блага гаварыць пра Мяне.

Бо хто не су́праць вас, той за вас.
 
Бо хто не супраць нас, той за нас.

І хто напо́іць вас чашай вады ў імя́ таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй.
 
Бо хто падасць вам кубак вады ў імя Маё, таму што вы — Хрыстовы, сапраўды кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.

А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што ве́руюць у Мяне, таму ле́пей было́ б, калі б павесілі жарнавы́ ка́мень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора.
 
А хто згоршыць аднаго з гэтых малых, што вераць у Мяне, такому лепш было б, каб прычапілі жоран млынавы на шыю яго і кінулі ў мора.

І калі спакуша́е цябе рука твая, адсячы́ яе: ле́пей табе кале́кам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукí ма́ючы, пайсці ў гее́ну, у агонь незгаса́льны,
 
І, калі рука твая горшыць цябе, адсячы яе. Бо лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве рукі, пайсці ў пекла, у агонь нязгасны

дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.
 
[, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае].

І калі нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе: ле́пей табе ўвайсці ў жыццё кульга́вым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у гее́ну, у агонь незгаса́льны,
 
І калі нага твая згаршае цябе, адсячы яе. Лепш табе кульгаваму ўвайсці ў жыццё, чым, маючы абедзве нагі, быць укінутым у пекла

дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.
 
[, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не згасае].

І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго: ле́пей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым, два во́кі маючы, быць укíнутым у гее́ну вогненную,
 
І калі вока тваё горшыць цябе, выдзяры яго, бо лепш табе ўвайсці ў Валадарства Божае аднавокім, чым, маючы двое вачэй, быць укінутым у пекла,

дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.
 
дзе чарвяк іх не памірае ды агонь не згасае.

Бо кожны агнём асо́ліцца і кожная ахвяра соллю асо́ліцца.
 
Бо кожны агнём будзе пасолены [, і ўсякая ахвяра соллю пасоліцца].

Добрая рэч — соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе папра́віце? Ма́йце соль у сабе, і мір ма́йце між сабою.
 
Соль добрая, а калі соль звятрэе, дык чым яе прысаліць? Майце ў сабе соль і спакой майце між сабою».