Лукаша 13 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І ў гэты самы час прыйшлі некато́рыя і паве́дамілі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат змяша́ў з ахвя́рамі іх.
І ў адказ Іісус сказаў ім: вы думаеце, што гэтыя Галіле́яне былí грэшныя больш за ўсіх Галіле́ян, калі яны так пацярпе́лі?
Не, кажу вам; але калі не пака́ецеся, усе гэтакса́ма загíнеце.
Або тыя васемнаццаць, на якіх упа́ла ве́жа Сілаа́мская і пабіла іх, думаеце, што яны былí вінава́тыя больш за ўсіх людзей, якія жывуць у Іерусаліме?
Не, кажу вам; але калі не пака́ецеся, усе гэтакса́ма загінеце.
І казаў такую прытчу: нехта меў у вінагра́дніку сваім паса́джаную смако́ўніцу; і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
і сказаў вінагра́дару: вось ужо трэці год я прыхо́джу шукаць пло́ду на гэтай смако́ўніцы і не знахо́джу; ссячы́ яе, нашто яна і зямлю́ марну́е?
Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я абкапа́ю яе і абкладу́ гноем,
і можа, яна дасць плод; калі ж не, то нале́та ссячэ́ш яе.
І вучыў Ён у адной з сінагог у суботу;
і вось, была́ там жанчына, што васемнаццаць гадоў ме́ла духа не́мачы; і была́ яна ску́рчаная і не магла вы́прастацца зусім.
Уба́чыўшы яе, Іісус падазва́ў і сказаў ёй: жанчына! ты вы́звалена ад не́мачы тваёй.
І ўскла́ў на яе ру́кі; і адразу яна вы́прасталася, і сла́віла Бога.
А старэйшына сінагогі, абу́рыўшыся, што Іісус ацалíў у суботу, сказаў на гэта народу: ёсць шэсць дзён, у якія нале́жыць працаваць; у тыя і прыходзьце ацаля́цца, а не ў дзень суботні.
Гасподзь жа сказаў яму ў адказ: крываду́шнік! ці ж не адвя́звае кожны з вас у суботу свайго вала́ або асла́ ад я́сляў і не вядзе паíць?
А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую вось ужо васемнаццаць гадоў як звяза́ў сатана, ці не трэба было́ вы́зваліць ад пу́таў гэтых у дзень суботні?
І калі гаварыў ён гэта, засаромеліся ўсе працíўнікі Яго, і ўвесь народ радаваўся усім сла́ўным учы́нкам Яго.
Ён жа казаў: да чаго падо́бна Царства Божае, і з чым параўна́ю яго?
яно падо́бна да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек, узяўшы, пасадзíў у са́дзе сваім; і яно вы́расла, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя сялíліся ў го́ллі яго.
Яшчэ сказаў: з чым параўна́ю Царства Божае?
яно падо́бна да заква́скі, якую жанчына, узя́ўшы, пакла́ла ў тры ме́ры мукí, пакуль не ўкíсла ўсё.
І прахо́дзіў Ён па гарадах і вёсках, навуча́ючы і трыма́ючы шлях у Іерусалім.
І сказаў Яму нехта: Госпадзі, ці ма́ла ёсць тых, якія спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:
намага́йцеся ўвайсцí праз ву́зкія вароты; бо многія, кажу вам, будуць імкну́цца ўвайсцí, і не змогуць.
Калі ўста́не гаспадар до́ма і зачы́ніць дзверы, то вы, сто́ячы знадво́рку, пачняце́ сту́каць у дзверы і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам! І ў адказ Ён скажа вам: не ведаю вас, адкуль вы.
Тады пачняце́ каза́ць: мы елі перад Табою і пілí, і на вуліцах нашых вучыў Ты.
А Ён скажа: кажу вам: не ведаю вас, адкуль вы; адыдзíце ад Мяне ўсе, хто чы́ніць няпраўду.
Там будзе плач і скры́гат зубоў, калі ўбачыце Аўраа́ма, і Ісаа́ка, і Іа́кава, і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе вы́гнанымі вон.
І пры́йдуць з усхо́ду і за́хаду, і з по́ўначы і по́ўдня, і ўзля́гуць у Царстве Божым.
І вось, ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.
У той дзень падышлí некато́рыя з фарысеяў і казалі Яму: вы́йдзі і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць.
І сказаў ім: ідзіце, скажы́це гэтаму лíсу: вось, Я выганяю дэманаў і ацале́нні твару́ сёння і заўтра, а на трэці дзень ско́нчу;
аднак нале́жыць Мне сёння і заўтра, і ў насту́пны дзень хадзíць, бо не можа ста́цца, каб прарок загíнуў па-за Іерусалімам.
Іерусаліме, Іерусаліме, які забіва́еш прарокаў і каме́ннем пабіва́еш пасла́ных да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад кры́лы, і вы не захаце́лі!
Вось, пакіда́ецца вам дом ваш пусты́. І кажу вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не пры́йдзе час, калі скажаце: «благаславёны, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе!»