Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.
 

А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі?
 

Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце.
 

Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме?
 

Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце».
 

І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў.
 

Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?”
 

Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем.
 

Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”».
 

У адной з сінагог Ён навучаў у шабат.
 

Была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца.
 

Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: «Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй».
 

Ён усклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала праслаўляць Бога.
 

Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у шабат, сказаў народу: «Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату».
 

А Пан сказаў яму ў адказ: «Крывадушнікі, ці не адвязвае кожны з вас у шабат вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць?
 

А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?»
 

Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.
 

А Ён казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго?
 

Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у сваім садзе. А яно вырасла і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя зрабілі гнёзды ў галінах яго».
 

І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?
 

Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».
 

Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў.
 

І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» А Ён сказаў ім:
 

«Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.
 

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”.
 

І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”.
 

Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”.
 

Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон.
 

Прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і сядуць за стол у Валадарстве Божым.
 

І вось, апошнія будуць першымі, а першыя будуць апошнімі».
 

У той час прыйшлі некаторыя з фарысеяў і сказалі: «Ідзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе».
 

А Ён сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось выганяю злых духаў і аздараўляю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу.
 

Аднак мне трэба хадзіць сёння, заўтра і ў наступны дзень, бо немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам”.
 

Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі.
 

Вось, застаецца вам дом ваш. Кажу ж вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана”».