Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Глянуўшы, Ён убачыў багатых, якія кідалі свае дары ў скарбонку.
Убачыў таксама і адну бедную ўдаву, якая кідала туды дзве лепты,
і сказаў: «Праўдзіва кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх укінула.
Бо ўсе яны кідалі ў дар, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўвесь пражытак свой, які мела».
Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны».
Спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?»
Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі.
Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец».
Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства;
будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, жахлівыя з’явы і вялікія знакі з неба.
Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё.
І будзе гэта вам на сведчанне.
Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца,
бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя.
Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, родныя і сябры, а некаторых з вас заб’юць.
І зненавідзяць вас усе за імя Маё.
Але і волас з галавы вашай не прападзе.
Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя.
Калі ж убачыце Ерузалем, акружаны войскам, ведайце, што наблізілася спусташэнне ягонае.
Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы, а хто ў горадзе, няхай выходзяць, і хто ў ваколіцах, няхай не ўваходзяць у яго,
бо гэта дні помсты, каб збылося ўсё напісанае.
Гора ў тыя дні цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі! Бо вялікі будзе ўціск на зямлі і гнеў на гэты народ.
Палягуць ад вастрыя мяча і будуць забраныя ў палон да ўсіх народаў. А Ерузалем будзе таптаны язычнікамі, пакуль не скончацца часы язычнікаў.
Будуць знакі на сонцы, месяцы і зорках, а на зямлі — трывога народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання.
Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо пахіснуцца нябесныя моцы.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і вялікай славаю.
Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца вашае адкупленне».
І сказаў ім прыпавесць: «Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы.
Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, як усё адбудзецца.
Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём, п’янствам і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана,
бо ён, як пастка, прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі.
Таму чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вы маглі пазбегнуць усяго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым».
У дзень Ён навучаў у святыні, а ноччу ўзыходзіў начаваць на гару, называную Аліўнай.
Увесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго.