Лукаша 21 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Глянуўшы-ж, убачыў Ён багатых, што клалі ахвяры свае́ ў скарбніцу;
 

убачыў такжа бе́дную ўдаву, палажыўшую туды дзьве́ лепты,
 

і сказаў: запраўды кажу вам, што гэтая бе́дная ўдава палажыла больш за ўсіх;
 

бо ўсе́ тыя з лішкаў сваіх клалі ахвяру Богу, яна-ж з бе́днасьці сваёй палажыла ўвесь пражытак свой, які ме́ла.
 

І, калі некато́рыя гаварылі аб царкве́, што яна аздоблена дарагімі каме́ньнямі й дарамі, Ён сказаў:
 

прыдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не астане́цца ка́меня на ка́мені; усё будзе разбурана.
 

І спыталіся ў Яго: Вучыцель! калі-ж гэта будзе і якая прыме́та, калі гэта мусіць стацца?
 

Ён жа сказаў: сьцеражыцеся, каб вас не абаламуцілі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізка. Не хадзе́це сьле́дам іх.
 

Калі-ж пачуеце пра войны і паўстаньні, не палохайцеся, бо гэта мусіць стацца ране́й, але ня зараз кане́ц.
 

Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;
 

і будзе мясца́мі вялікае зямлі трасе́ньне, і голад, і мор, і страх, і знаме́ньні з не́ба вялікія.
 

А перад усім гэтым наложаць на вас рукі і будуць перасьле́даваць вас, выдаючы ў школы і вязьніцы, і за імя Маё павядуць прад цароў і валадароў;
 

і ста́нецца гэта дзеля сьвядо́цтва вам.
 

Дык пакладзе́це сабе́ ў сэрцах не абдумваць загадзя́, як бараніцца:
 

бо Я дам вам вымову і мудрасьць, якой ня здо́леюць пярэчыць, ані змагацца з ёю ўсе́ ворагі вашыя.
 

І будзеце вы́даны і бацькамі, і братамі, і сваякамі і сябрамі; і некато́рых з вас пазабіваюць;
 

і будуць ненавідзець вас усе́ за імя Маё;
 

але і волас з галавы вашай не прападзе́;
 

цярплівасьцяй вашай спасайце душы вашыя.
 

Калі-ж убачыце Ерузалім акружаны войскам, тады ве́дайце, што прыйшло спусташэньне яго:
 

і хай тады тыя, што ў Юдэі, бягуць у горы; і хто ў ме́сьце, выходзь з яго; і хто ў ваколіцах, не ўваходзь у яго,
 

бо гэта дні помсты; каб выпаўнілася ўсё напісанае.
 

Го́ра-ж цяжарным і ко́рмячым грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая бяда́ на зямлі і гне́ў на народ гэты:
 

паля́гуць ад вострага мяча́, і павядуць іх у палон да ўсіх народаў; і Ерузалім тапта́цімуць пага́не, пакуль не закончацца часы́ пага́наў.
 

І будуць знаме́ньні на сонцы і ме́сяцу і зорах, а на зямлі туга́ ў народаў ад разрухі, і зараве́ і забушуе мора.
 

І пруцяне́ць будуць людзі ад страху й чаканьня таго, што пры́йдзе на сусьве́т, бо сілы нябе́сныя захістаюцца.
 

І тады ўбачаць Сына Чалаве́чага, ідучы ў хмары з сілаю і славаю вялікаю.
 

Калі-ж пачне́ гэтае дзе́яцца, тады ўглядайцеся і падніміце галовы вашыя, бо прыбліжаецца адкупле́ньне вашае.
 

І сказаў ім прыповесьць: глядзіце на смакоўніцу і на ўсе́ дрэвы:
 

калі яны ўжо распускаюцца, то, бачучы гэта, ве́даеце самы, што ўжо блізка ле́та.
 

Дык такжа, як угле́дзіце, што і гэнае спаўняецца, ве́дайце, што блізка царства Божае.
 

Запраўды́ кажу вам: ня пройдзе род гэты, як усё гэнае збудзецца:
 

не́ба і зямля прамінуць, але словы Мае́ не прамінуць.
 

Пілнуйцеся-ж, каб сэрцы вашыя не абцяжаліся абжорствам і п’янствам і жыцьцёвымі клапотамі, і каб дзе́нь той не застаў вас неўспадзе́ўкі.
 

Бо ён, як се́тка, пакрые ўсіх, што на абліччы зямлі жывуць.
 

Дык чува́йце ўсякі час і маліцеся, каб заслужыць на ўхіле́ньне ад вас усяго, што ста́нецца, і стануць перад Сынам Чалаве́чым.
 

Удзе́нь Ён навучаў у царкве́; ночы-ж, выхо́дзячы, праводзіў на гары́, называнай Аліўнаю.
 

І ўве́сь народ зраніцы прыходзіў да Яго ў царкву слухаць Яго.