Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Падыходзілі да Яго ўсе́ мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
І нарака́лі фарысэі і кніжнікі, кажучы: Ён прыймае грэшнікаў і е́сьць разам з імі.
Але Ён сказаў ім вось гэткую прыповесьць:
Хто з вас, маючы сто аве́ц і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзе́вяцьдзесят дзевяць у пустыні і ня пойдзе за прапаўшай, пакуль ня знойдзе яе́?
А, знайшоўшы, возьме яе́ на пле́чы свае́ з радасьцю;
і, прыйшоўшы дамоў, скліча сяброў і сусе́дзяў ды скажа ім: паце́шцеся са мною: я знайшоў маю́ прапаўшую аўцу.
Кажу-ж вам, што так на нябёсах бале́й будзе радасьці з аднаго ка́ючагася грэшніка, чымся з дзевяцьдзесятдзевяцёх пра́веднікаў, ня маючых патрэбы ў пакая́ньні.
Ці якая жанчына, маючая дзе́сяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не засьве́ціць сьве́чкі й не пачне́ мясьцí пакою і шукаць пільна, пакуль ня знойдзе?
А, знайшоўшы, скліча сябровак і сусе́дак ды скажа: паце́шцеся са мною, я знайшла згубленую драхму.
Так кажу вам: бывае радасьць у ангелаў Божых з аднаго грэшніка, які ка́ецца.
Яшчэ сказаў: у аднаго чалаве́ка былі два сыны;
і сказаў малодшы з іх айцу: Бацька, дай мне́ нале́жную мне́ частку маемасьці. І аце́ц падзяліў ім маемасьць.
І праз не́йкі час малодшы сын, сабраўшы ўсё, пайшоў у далёкую старану і там змарнаваў маемасьць сваю, жывучы распусна.
Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у гэнай старане́, і ён пачаў галадаць;
і пайшоў, прыста́ў да аднаго з жы́хараў стараны́ гэнае, а той паслаў яго на поле сваё пасьвіць сьвіне́й;
і ён рады быў бы нае́сца ражкамі, што е́лі сьвіньні, але ніхто не даваў яму.
І, апамятаўшыся, сказаў: колькі наймітаў у айца́ майго маюць лішку хле́ба, а я ўміраю ад голаду!
Устану, пайду да бацькі майго і скажу яму: аце́ц! я саграшыў перад не́бам і перад табою,
і ўжо ня варты называцца сынам тваім; прыймі мяне́, як аднаго з наймітаў тваіх.
Устаў і пайшоў да айца́ свайго. І калі ён быў яшчэ далёка, згле́дзіў яго аце́ц яго і зьлітаваўся, і пабегшы кінуўся яму на шыю і цалаваў яго.
Сын жа сказаў яму: аце́ц, я саграшыў проці не́ба і перад табою і ўжо ня варты называцца сынам тваім.
А аце́ц сказаў слугам сваім: прынясе́це найле́пшую адзе́жу і адзе́ньце яго, і дайце пе́рсьцень на руку яго і вобуй на ногі;
і прывядзе́це кормнае цялё і закале́це: будзем е́сьці і весяліцца,
бо гэты сын мой быў умёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
Старшы-ж сын яго быў у полі; і, варочаючыся, як падыйшоў да дому, пачуў сьпе́вы і скокі.
І, паклікаўшы аднаго з слуг, спытаўся: што гэта такое?
Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і бацька твой закалоў ко́рмнае цялё, бо прыняў яго здаровым.
Ён жа ўзлаваўся і не хаце́ў увайсьці, а бацька яго, выйшаўшы, клікаў яго.
Але ён сказаў у адказ бацьцы: вось я колькі гадоў служу табе́ і ніколі не пярэчыў прыказаньням тваім. Але ты ніколі ня даў мне́ і казьляці, каб мне́ павесяліцца з сябрамі маімі;
а калі гэты сын твой, марна страціўшы маемасьць сваю з блудніцамі, прыйшоў, ты закалоў для яго кормнае цялё.
Ён жа сказаў яму: сын мой! ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё;
а з таго трэба было це́шыцца і весяліцца, што брат твой гэты быў умёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся.