Лукаша 22 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Надыходзіла-ж сьвята праснакоў, званае Пасха.
 

І шукалі архірэі і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
 

Увайшоў жа шата́н у Юду, празванага Іскарыётам, аднаго з дванаццацёх;
 

і той пайшоў і гаварыў з архірэямі й начальнікамі, як Яго прадаць ім.
 

Яны-ж узрадаваліся і згодзіліся даць яму грошай;
 

і ён абяцаў і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім і не пры народзе.
 

Прыйшоў жа дзе́нь праснакоў, калі нале́жала рэзаць вялікоднае ягня.
 

І паслаў Ісус Пятра і Іоана, сказаўшы: пайдзе́це, прыгатуйце нам е́сьці пасху.
 

Яны-ж сказалі Яму: дзе́ скажаш нам прыгатава́ць?
 

Ён жа сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у ме́ста, спаткаецца з вамі чалаве́к, нясучы́ збанок вады; пайдзе́це за ім у дом, у які ўвойдзе ён,
 

і скажэце гаспадару дому: Вучыцель кажа табе́: дзе́ пакой, у якім бы Мне́ е́сьці пасху з вучнямі Маімі?
 

І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую; там прыгатуйце.
 

Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
 

І, як прыйшла гадзіна, Ён се́ў за стол, і дванаццаць апосталаў з Ім,
 

і сказаў ім: крэпка зажадалася Мне́ е́сьці з вамі гэтую пасху пе́рш, чым ма́ю цярпе́ць му́кі.
 

Бо кажу вам, што ўжо ня буду е́сьці яе́, пакуль ня споўніцца ў Царстве Божым.
 

І, узяўшы ча́ру й аддаўшы хвалу́, сказаў: вазьме́це гэтае і падзяліце між сабою,
 

бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
 

І, узяўшы хле́б і аддаўшы хвалу́, паламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Це́ла Маё, што за вас дае́цца; рабе́це гэта на ўспамін аба Мне́.
 

Такжа і ча́ру пасьля вячэры, кажучы: гэтая ча́ра ёсьць новы тэстамант у Маёй крыві, што за вас праліва́ецца.
 

Ды вось, рука выдаючага Мяне́ са Мною за сталом;
 

Сын жа Чалаве́чы йдзе́ паводле таго, што напе́рад су́джана; але го́ра таму чалаве́ку, што Яго прадае́ць.
 

І яны пачалі пытацца адзін у аднаго: хто гэта з іх ме́ўся ўчыніць гэтае?
 

Узьнялася-ж і спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
 

Ён жа сказаў ім: цары народаў пануюць над імі, і валадары іх дабрадзеямі называюцца,
 

вы-ж ня гэтак: але большы сярод вас станься як ме́ншы, і правадыр — як слуга.
 

Бо хто большы: той, што сядзіць за сталом, ці той, што паслугуе? Ці не́ супачыва́ючы? А я сярод вас, як паслугуючы.
 

Але вы вы́трывалі са Мною ў спакушэньнях Маіх,
 

і Я адказваю вам Царства, як Мне́ адказа́ў Аце́ц Мой,
 

каб вы е́лі й пілі за сталом Маім у царстве Маім; і пася́дзеце на пасадах судзіць дванаццаць кале́н Ізраілявых.
 

І сказаў Госпад: Сымо́н, Сымо́н! вось шата́н пажадаў вас, каб прасе́іваць, як пшаніцу;
 

але Я маліўся за цябе́, каб не паме́ншала ве́ра твая; і ты не́калі, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
 

Той жа адказаў Яму: Госпадзе! з Табою я гатоў ісьці і ў вязьніцу і на сьме́рць!
 

Але Ён сказаў: кажу табе́, Пётр, не прапяе́ пе́вень сягоньня, як ты тройчы адрачэшся, што зна́еш Мяне́.
 

І сказаў ім: калі пасылаў Я вас без мяшка й бяз торбы і без абутку, ці ме́лі вы ў чым недаста́так? Яны адказалі: ні ў чым.
 

Тады Ён сказаў ім: але цяпе́р, хто ма́е мяшок, той вазьмі яго, таксама й торбу; а ў каго няма, прадай во́пратку сваю і купі ме́ч;
 

бо кажу вам, што павінна вы́паўніцца на Мне́ тое, што напісана: і да злачынцаў залічаны. Бо ўсё аба Мне́ спаўня́ецца (Ісая 53:12).
 

Яны сказалі: Госпадзе! вось тут два мячы! Ён сказаў ім: даволі!
 

І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; за Ім пайшлі і вучні Яго.
 

Прыйшоўшы-ж на ме́сца, сказаў ім: маліцеся, каб не папа́сьці ў спакушэньне.
 

І Сам адыйшоў ад іх, як кінуць ка́мень, і, укле́нчыўшы, маліўся,
 

кажучы: Аце́ц, калі Твая воля, пранясі ча́ру гэтую міма Мяне́, але не́ Мая воля, але Твая няхай ста́нецца.
 

Зьявіўся-ж Яму ангел з не́ба, узмацоўваючы Яго,
 

і ў барацьбе сьмяротнай пільне́й маліўся, і быў пот Яго, як каплі крыві, па́даючы на зямлю.
 

Устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў сваіх і знайшоў іх сьпячымі ад го́ра,
 

і сказаў ім: што вы сьпіцё? Устаньце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне.
 

Яшчэ Ён гаварыў, аж вось народ, а напе́радзе ішоў адзін з дванаццацёх, званы Юда, і ён падыйшоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
 

Ісус жа сказаў яму: Юда! пацалункам Сына Чалаве́чага прадае́ш?
 

Быўшыя-ж з Ім, ба́чучы, да чаго даходзе, сказалі: Госпадзе! ці ня ўдэрыць нам мячом?
 

І адзін з іх удэрыў слугу архірэйскага і адсе́к яму правае вуха.
 

Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.
 

Архірэям жа і начальнікам царквы́ і старшы́нам, сабраўшымся проці Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі ды каламі, каб узяць Мяне́.
 

Кожны дзе́нь бываў Я з вамі ў царкве́, і вы не падымалі на Мяне́ рук; але цяпе́р ваш час і ўлада це́мры.
 

І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом архірэя. Пётр жа ішоў здалёк.
 

Калі-ж распалілі агонь сярод двара́ ды пасе́лі разам, се́ў і Пётр між імі.
 

Адна служанка, убачыўшы яго се́дзячы ля вагня і паўглядаўшыся на яго, сказала: і гэты быў з Ім.
 

Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы: Жанчына! я ня ве́даю Яго.
 

І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: не, чалаве́ча!
 

І, як прайшла з гадзіна часу, яшчэ не́хта настайваў: запраўды́, і гэты быў з Ім, бо ён Галіле́янін.
 

Але Пётр сказаў: Чалаве́ча, ня ве́даю, што ты гаворыш. І ў той жа час, калі ён яшчэ гаварыў, прапяяў пе́вень.
 

Тады Госпад, азірнуўшыся, паглядзе́ў на Пятра, і ўспомніў Пётр слова Госпада, як Ён сказаў яму: пе́рш, чым прапяе́ пе́вень, тройчы адрачэшся ад Мяне́.
 

І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
 

І людзі, трымаўшыя Ісуса, зьдзе́каваліся над Ім і білі Яго;
 

і, накрыўшы Яго, білі Яго па абліччу і пыталіся ў Яго: прароч, хто ўдэрыў Цябе́?
 

І шмат другога, ла́ючы, гаварылі на Яго.
 

Калі-ж настаў дзе́нь, сабраліся старшы́ны народу і архірэі і кніжнікі і ўвялі Яго ў свой сынэдрыон,
 

кажучы: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паве́рыце;
 

калі-ж і Я спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне́ і ня звольніце Мяне́.
 

Адгэтуль Сын Чалаве́чы сядзе праваруч сілы Божай.
 

І сказалі ўсе́: дык Ты — Сын Божы? Ён адказаў ім: вы ка́жаце, што Я.
 

Яны-ж сказалі: яко́е яшчэ трэба нам сьвядо́цтва? бо-ж мы самы чулі з вуснаў Яго.