Лукаша 12 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: «Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай.
Няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым.
Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць.
Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся.
Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам.
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся, вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
Кажу вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі.
А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, той будзе адрынуты перад анёламі Божымі.
Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана.
Калі павядуць вас у сінагогі, да кіраўнікоў і ўлад, не турбуйцеся, што ці як адказваць у абарону ці што сказаць,
бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць».
Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».
Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?»
І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці».
І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле.
І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”.
І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”.
Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?”
Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».
І сказаў сваім вучням: «Таму кажу вам: не турбуйцеся аб сваім жыцці, што будзеце есці, і пра цела, у што апранацца.
Бо жыццё важнейшае за ежу, а цела — за вопратку.
Паглядзіце на крумкачоў: яны не сеюць і не жнуць, не маюць ні сховішчаў, ні засекаў, а Бог корміць іх. Наколькі ж вы больш каштоўныя за птушак.
І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць бы локаць?
Дык калі вы не можаце зрабіць нават дробнай справы, чаму турбуецеся пра астатняе?
Паглядзіце на палявыя кветкі, як растуць. Яны не працуюць і не ткуць. Але кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
І калі палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, то наколькі ж больш вас, малаверныя.
І вы не шукайце, што вам есці і што піць, і не турбуйцеся.
Бо усяго гэтага шукаюць людзі гэтага свету. Айцец ваш ведае, што вам патрэбна.
Шукайце найперш Яго Валадарства, і гэта дадасца вам.
Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства.
Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць.
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя;
а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім.
І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны.
Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой.
І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».
Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?»
Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба?
Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць.
Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго.
Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца,
то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі.
А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты.
Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!
Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца!
Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне.
Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх.
Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві».
І сказаў натоўпу: «Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж будзе”, і так адбываецца.
А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Спякота будзе”, і так адбываецца.
Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце?
Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае?
Калі ідзеш з праціўнікам тваім да кіраўніка, то па дарозе пастарайся пагадніцца з ім, каб ён не прывёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе дазорцу, а дазорац не ўкінуў цябе ў вязніцу.
Кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняй лепты».