Лукаша 16 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго.
 

Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”.
 

Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся.
 

Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”.
 

Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?”
 

Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”.
 

Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”.
 

І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
 

І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.
 

Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім.
 

Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае?
 

І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?
 

Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».
 

Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго.
 

І сказаў ім: «Вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.
 

Закон і Прарокі былі да Яна. З таго часу абвяшчаецца Валадарства Божае, і кожны стараецца сілком уваходзіць у яго.
 

Але хутчэй неба і зямля мінуць, чым знікне адна рыска Закону.
 

Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёй і жэніцца з іншай, чужаложыць. І хто жэніцца з разведзенай, чужаложыць.
 

Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў.
 

А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах
 

і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы.
 

Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны.
 

У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным.
 

Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым”.
 

Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.
 

І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”.
 

Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
 

бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”.
 

Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх”.
 

А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”.
 

Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».