Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі.
Усе пайшлі запісвацца, кожны ў свой горад.
Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,
каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай.
А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць.
І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе.
У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак.
З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу,
бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан.
І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях».
Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала:
«Хвала на вышынях Богу,а на зямлі спакой людзям добрай волі».
Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан».
Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях.
А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця.
Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі.
А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
Калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні.
А калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць Пану,
— як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; —
і каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або двух галубіных птушанят.
Быў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Чалавек гэты, праведны і пабожны, чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім.
Было яму прадказана Духам Святым, што ён не зазнае смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана.
І прыйшоў ён, натхнёны Духам, у святыню. А калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закону,
ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:
«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
святло для асвятлення язычнікаўі хвалу народу Твайго Ізраэля».
А бацька і Маці Езуса дзівіліся таму, што было сказана пра Яго.
І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць.
А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
Была таксама там Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з роду Асэра. Яна была ў вельмі старым узросце і пражыла з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў;
удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не адыходзіла ад святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўдзень і ўначы.
Яна таксама прыйшла ў той самы час і славіла Пана, і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Ерузалема.
Калі яны выканалі ўсё паводле Закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
Дзіця ж расло і ўмацоўвалася, і напаўнялася мудрасцю, а ласка Божая спачывала на Ім.
Бацькі Езуса хадзілі штогод у Ерузалем на свята Пасхі.
І калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі ў Ерузалем паводле звычаю свята.
Калі па заканчэнні дзён свята вярталіся, застаўся Хлопец Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі.
Думаючы, што Ён ідзе з пілігрымамі, прайшлі дзень дарогі і тады пачалі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалем, шукаючы Яго.
Пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
А ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Яго.
Убачыўшы Яго, яны здзівіліся, і сказала Яму Маці Ягоная: «Дзіця, чаму Ты зрабіў нам так? Вось бацька Твой і я балюча перажывалі, шукаючы Цябе».
Ён сказаў ім: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?»
Але яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім.
І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. А Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім.
Езус жа ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей.