Лукаша 2 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І сталася тых дзён, што вышаў пастаноў ад цэсара Аўгуста зрабіць сьпісаньне ўсяго сьвету.
 

Гэтае сьпісаньне было найперш за Квірына, намесьніка Сыры.
 

І ўсі пайшлі запісавацца, кажны да места свайго.
 

І Язэп таксама вышаў з Ґалілеі, зь места Назарэту, да Юдэі, да места Давідавага, званага Бэтлеем, бо ён быў з дому а роду Давідавага,
 

Запісацца з Марыяю, заручанай яму, цяжарнай.
 

І сталася, як яны былі там, выпаўніліся дні радзіць.
 

І нарадзіла Сына свайго першака, і спавіла Яго, палажыла ў ясьлі, бо ня было ім месца ў начулішчу.
 

І пастыры былі ў тэй самай краіне на полю, сьцерагучы стаду сваю ночы.
 

І вось, Ангіл Спадароў стаў перад імі, і слава Спадарова зазьзяла навокал іх; і баяліся боязьняй вялікай.
 

І Ангіл сказаў ім: «Ня бойцеся, бо вось, я прыношу вам дабравесьць вялікай радасьці, што будзе ўсім людзём;
 

Бо нарадзіўся вам сядні ў месьце Давідавым Спас, Каторы ё Хрыстос Спадар.
 

І гэта пазнака вам: вы знойдзеце дзецянётка, спавітае й лежачае ў ясьлях.
 

І якга было з Ангілам множасьць войска нябёснага, хвалячы Бога й кажучы:
 

«Слава Богу на вышах, а на зямлі супакой у людзёх добрае волі».
 

І сталася, як ангілы адышлі ад іх да неба, пастыры сказалі адзін аднаму: «Пайдзіма аж да Бэтлеему й абачма, што прыгадзілася, што Спадар наказаў нам».
 

І прышлі борзда, і знайшлі разам Марыю а Язэпа а дзецянётка, у ясьлях лежачае.
 

А абачыўшы, наказавалі ўсюдых узглядам слова, сказанага ім празь дзецянё гэтае.
 

І ўсі, што чулі, дзіваваліся з таго, што мовілі ім пастыры.
 

Але Марыя заховавала ўсе гэта, разважаючы ў сэрцу сваім.
 

І зьвярнуліся пастыры, славячы а хвалячы Бога за ўсе, што чулі а бачылі, як было ім наказана.
 

І, як выпаўнілася восьмі дзён да абразаньня дзецяняці, назвалі Яго Ісус, як назваў Ангіл перад зачацьцям Яго ў жываце.
 

І, як мінулі дні ачышчэньня ейнага, подле права Масеявага, прынесьлі Яго да Ерузаліму, каб абрачы Спадару,
 

Як напісана ў праве Спадаровым, што кажнае дзецянё мужчынскае, дзетніцу рашчыняючае, Сьвятым Спадару будзе звацца;
 

І даць аброк, подле сказанага ў праве Спадаровым, пару туркоў альбо двое галубянят.
 

І вось, быў чалавек у Ерузаліме, каторага імя Сымон. Ён жа муж справядлівы а набожны, што спадзяваўся пацехі Ізраелявае; і Дух Сьвяты быў на ім.
 

І было яму аб’яўлена Духам Сьвятым, што ён не абача сьмерці, пакуль не пабача Хрыста Спадаровага.
 

І прышоў ён Духам да сьвятыні. І як бацькі прынесьлі дзецянё Ісуса, каб учыніць над Ім подле звычаю права,
 

Тады прыняў ён Яго на ўлоньне свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
 

«Цяпер адпушчаеш слугу Свайго, Спадару, подле слова Свайго, у супакою;
 

Бо вочы мае бачылі спасеньне Твае,
 

Што Ты прыгатаваў перад відзеньням усіх людзёў,
 

Сьвятло да аб’яўленьня народам і славу люду Твайго Ізраеля».
 

І Язэп і маці дзіваваліся з таго, што было сказана празь Яго.
 

І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, прызначана гэта на ўпад і на паўстаньне шмаг каго ў Ізраелю і на знак, катораму будуць перачыць,
 

Але меч пратнець таксама душу тваю, каб аб’яўлены былі падумкі шмат сэрцаў».
 

І там была Ганна Фануелішка, прарока з пакаленьня Ашэравага. Яна была старая, жыла ж із мужам сем год ад дзявоцтва свайго,
 

Удава каля асьмідзясят чатырох год, каторая не адходзіла ад сьвятыні, але служыла постам а малітваю ночы і ўдзень.
 

І гэтая, тае ж часіны прышоўшы, хваліла Спадара й мовіла празь Яго ўсім, што чакалі адкупленьня ў Ерузаліме.
 

І, як яны зьдзеялі ўсе подле права Спадаровава, зьвярнуліся да Ґалілеі, да места свайго Назарэту.
 

І дзяцятка расло, і дужэла ў духу, поўнае мудрасьці; і ласка Божая была на Ім.
 

А бацькі Ягоныя што году хадзілі да Ерузаліму на сьвята Пасхі.
 

І як Яму было двананцаць год, яны ўзышлі да Ерузаліму подле звычаю таго сьвята.
 

І як, скончыўшы тыя дні, зварачаліся, задлякалася дзяцё Ісус у Ерузаліме, а Язэп а маці Ягоная ня ведалі;
 

Але, думаючы, што Ён быў у грамадзе, ішлі дзень дарогі. І шукалі Яго памеж сваякоў а знаёмых.
 

І, не знайшоўшы Яго, зьвярнуліся да Ерузаліму, шукаючы Яго.
 

І сталася, што за тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, памеж вучыцеляў седзячага, слухаючы іх і пытаючы ў іх.
 

І ўсі, што слухалі Яго, зумяваліся з розуму а адказаў Ягоных.
 

І, абачыўшы Яго, зьдзіваваліся; і маці Ягоная сказала Яму: «Дзяцё! чаму Ты зрабіў гэтак нам? Гля, айцец Твой а я із журбою шукалі Цябе».
 

А Ён адказаў ім: «Што ж, што Мяне шукалі? хіба вы ня ведалі, што Я маю быць у справах Айца Свайго?»
 

Але яны не зразумелі сказанага, што ім сказаў.
 

І зыйшоў зь імі, і прышоў да Назарэту і быў ім падданы. Але маці Ягоная заховавала ўсі гэтыя словы ў сэрцу сваім.
 

А Ісус павялічаўся мудрасьцяй а ростам а ласкаю ў Бога й людзёў.