Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міхася Міцкевіча
І сталася тых дзён, што вышаў пастаноў ад цэсара Аўгуста зрабіць сьпісаньне ўсяго сьвету.
Дзеялася ў дні тыя: выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
Гэтае сьпісаньне было найперш за Квірына, намесьніка Сыры.
Гэтае сьпісаньне было першае з часу гаспадараньня Кірынея ў Сірыі.
І ўсі пайшлі запісавацца, кажны да места свайго.
І пайшлі запісвацца ўсе, кажны ў сваё места.
І Язэп таксама вышаў з Ґалілеі, зь места Назарэту, да Юдэі, да места Давідавага, званага Бэтлеем, бо ён быў з дому а роду Давідавага,
Пайшоў і Язэп з Галілеі, з места Назарэту ў Юдэі, у места Давыдава, званае Бэтлеэм, бо ён быў з Дому й роду Давыдавага;
Запісацца з Марыяю, заручанай яму, цяжарнай.
Каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім жаною, якая была цяжарнай.
І сталася, як яны былі там, выпаўніліся дні радзіць.
І сталася: як яны былі там, надыйшоў дзень, у які прышла пара ёй радзіць.
І нарадзіла Сына свайго першака, і спавіла Яго, палажыла ў ясьлі, бо ня было ім месца ў начулішчу.
І парадзіла Сына Свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла Яго ў ясьлях, бо нястала ім месца ў гасподзе.
І пастыры былі ў тэй самай краіне на полю, сьцерагучы стаду сваю ночы.
У той-жа ваколіцы былі на полі пастухі, якія на варте ночнай сьцераглі статак свой.
І вось, Ангіл Спадароў стаў перад імі, і слава Спадарова зазьзяла навокал іх; і баяліся боязьняй вялікай.
І вось Ангел Гасподні стануў прад імі, і слава Гасподняя азарыла іх; яны-ж праняліся вылікім страхам.
І Ангіл сказаў ім: «Ня бойцеся, бо вось, я прыношу вам дабравесьць вялікай радасьці, што будзе ўсім людзём;
І сказаў ім Ангел: — ня бойцеся! я абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям.
Бо нарадзіўся вам сядні ў месьце Давідавым Спас, Каторы ё Хрыстос Спадар.
Бо сёньня нарадзіўся вам у месьце Давыдавым Збавіцель, Хто ёсьць Хрыстос Гаспад.
І гэта пазнака вам: вы знойдзеце дзецянётка, спавітае й лежачае ў ясьлях.
І вось вам знак: вы знойдзеце Дзіцятка ў пялёнках, паложанае ў ясьлях.
І якга было з Ангілам множасьць войска нябёснага, хвалячы Бога й кажучы:
І раптам зьявілася з Ангелам шматлікае ваяцтва нябеснае, славячы Бога й прамаўляючы:
«Слава Богу на вышах, а на зямлі супакой у людзёх добрае волі».
— Слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, а ў людзях дабраволеньне.
І сталася, як ангілы адышлі ад іх да неба, пастыры сказалі адзін аднаму: «Пайдзіма аж да Бэтлеему й абачма, што прыгадзілася, што Спадар наказаў нам».
Калі-ж ангелы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: — пойдзем да Бэтлеэму й паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Госпад.
І прышлі борзда, і знайшлі разам Марыю а Язэпа а дзецянётка, у ясьлях лежачае.
І яны ў сьпеху пайшлі, і знайшлі Марыю й Язэпа, і Дзіцятка, паложанае ў ясьлях.
А абачыўшы, наказавалі ўсюдых узглядам слова, сказанага ім празь дзецянё гэтае.
А, ўбачыўшы, зразумелі й расказалі пра тое, што было ім абвешчана пра Дзіцятка.
І ўсі, што чулі, дзіваваліся з таго, што мовілі ім пастыры.
А ўсе, слухаючы, дзівіліся з таго, што расказвалі ім пастухі.
Але Марыя заховавала ўсе гэта, разважаючы ў сэрцу сваім.
Марыя-ж захавала ўсе тыя словы, пакладаючы ў сэрцы сваім.
І зьвярнуліся пастыры, славячы а хвалячы Бога за ўсе, што чулі а бачылі, як было ім наказана.
І пастухі вярнуліся, услаўляючы і ўсхваляючы Бога за ўсё тое, што чулі й бачылі, як і сказана ім было.
І, як выпаўнілася восьмі дзён да абразаньня дзецяняці, назвалі Яго Ісус, як назваў Ангіл перад зачацьцям Яго ў жываце.
І калі споўнілася восем дзён дзеля абрэзаньня Яго, далі Яму імя Ісус, нарачонае праз Ангела яшчэ да зачацьця Яго ў улоньні маці.
І, як мінулі дні ачышчэньня ейнага, подле права Масеявага, прынесьлі Яго да Ерузаліму, каб абрачы Спадару,
А калі споўніліся дні ачышчэньня яе, паводля закону Майсеевага, прынясьлі Яго ў Ерусалім, каб паставіць прад Госпадам;
Як напісана ў праве Спадаровым, што кажнае дзецянё мужчынскае, дзетніцу рашчыняючае, Сьвятым Спадару будзе звацца;
Як сказана ў законе Гасподнім: каб усякае дзіця мужчынскага полу, якое разрывае ложасну, Госпаду пасьвячана было.
І даць аброк, подле сказанага ў праве Спадаровым, пару туркоў альбо двое галубянят.
І каб прынясьці ў ахвяру, згодна закону Гасподняга, пару галубкоў, ці двое галубянят.
І вось, быў чалавек у Ерузаліме, каторага імя Сымон. Ён жа муж справядлівы а набожны, што спадзяваўся пацехі Ізраелявае; і Дух Сьвяты быў на ім.
І быў тады ў Ерусаліме чалавек на імя Сымеон. Быў ён муж праведны й дабрачэсны, чакаў уцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.
І было яму аб’яўлена Духам Сьвятым, што ён не абача сьмерці, пакуль не пабача Хрыста Спадаровага.
Было яму абяцана Духам Сьвятым, што не пабачыць ён сьмерці, дакуль не пабачыць Хрыста Гасподняга.
І прышоў ён Духам да сьвятыні. І як бацькі прынесьлі дзецянё Ісуса, каб учыніць над Ім подле звычаю права,
І вось, кіраваны натхненьнем Духа Сьвятога, ён прыйшоў у храм; і калі бацькі прынясьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім вымаганы законам уклад,
Тады прыняў ён Яго на ўлоньне свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
Ён узяў Яго на рукі, сьвятаславіў Бога й прамовіў:
«Цяпер адпушчаеш слугу Свайго, Спадару, подле слова Свайго, у супакою;
— Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладыка, подля слова Твайго ў супакой;
Бо вочы мае бачылі спасеньне Твае,
Бо абачылі вочы мае збавеньне Тваё,
Што Ты прыгатаваў перад відзеньням усіх людзёў,
Якое Ты прыгатаваў прад воблікам усіх народаў —
Сьвятло да аб’яўленьня народам і славу люду Твайго Ізраеля».
Сьвет для прасьвятленьня няверных, і славу народу Твайго Ізраіля.
І Язэп і маці дзіваваліся з таго, што было сказана празь Яго.
І Язэп і Маці Яго дзівіліся з усяго сказанага пра Яго.
І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, прызначана гэта на ўпад і на паўстаньне шмаг каго ў Ізраелю і на знак, катораму будуць перачыць,
Сымеон-жа дабрасловіў іх і сказаў Марыі, Маці Ягонай — вось ляжыць прызначаны на ўпадак і на ўздым многіх у Ізраэлі, і на знак прараканьня.
Але меч пратнець таксама душу тваю, каб аб’яўлены былі падумкі шмат сэрцаў».
І Табе Самой душу меч праніжа, бо выявяцца помыслы многіх сэрцаў.
І там была Ганна Фануелішка, прарока з пакаленьня Ашэравага. Яна была старая, жыла ж із мужам сем год ад дзявоцтва свайго,
Таксама была тут Ганна прарочыца, дачка Фануіла, з роду Асіравага, была яна ў глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам сем гадоў ад дзявоцтва свайго;
Удава каля асьмідзясят чатырох год, каторая не адходзіла ад сьвятыні, але служыла постам а малітваю ночы і ўдзень.
Удава гадоў васьмідзесяці чатырох, яна не адыйходзіла ад храму, у посьце й малітве трымалася прад Богам і дзень і ноч.
І гэтая, тае ж часіны прышоўшы, хваліла Спадара й мовіла празь Яго ўсім, што чакалі адкупленьня ў Ерузаліме.
І яна, у той час прыйшоўшы, праслаўляла Госпада й гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў выбаўленьня ў Ерусаліме.
І, як яны зьдзеялі ўсе подле права Спадаровава, зьвярнуліся да Ґалілеі, да места свайго Назарэту.
І калі яны выканалі ўсё, подля закону Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у сваё места Назарэт.
І дзяцятка расло, і дужэла ў духу, поўнае мудрасьці; і ласка Божая была на Ім.
Дзіцятка-ж расло і ўмацоўвалася духам, і поўнілася мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім.
А бацькі Ягоныя што году хадзілі да Ерузаліму на сьвята Пасхі.
Бацькі-ж Ягоныя кажны год хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
І як Яму было двананцаць год, яны ўзышлі да Ерузаліму подле звычаю таго сьвята.
І калі Ён быў дванаццаці летнім, прышлі яны, як звычайна, ў Ерусалім на сьвята.
І як, скончыўшы тыя дні, зварачаліся, задлякалася дзяцё Ісус у Ерузаліме, а Язэп а маці Ягоная ня ведалі;
І калі кончыліся дні сьвята, і яны варачаліся, юнак Ісус застаўся ў Ерусаліме; і не заўважылі гэтага Язэп і Маці Ягоная.
Але, думаючы, што Ён быў у грамадзе, ішлі дзень дарогі. І шукалі Яго памеж сваякоў а знаёмых.
Бо думалі, што Ён ідзе з іншымі; прайшоўшы-ж дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякоў і знаёмых;
І, не знайшоўшы Яго, зьвярнуліся да Ерузаліму, шукаючы Яго.
І не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
І сталася, што за тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, памеж вучыцеляў седзячага, слухаючы іх і пытаючы ў іх.
Па трох днёх знайшлі Яго ў храме; Ён сядзеў сярод вучыцялёў, слухаючы іх і пытаючы іх.
І ўсі, што слухалі Яго, зумяваліся з розуму а адказаў Ягоных.
Усе, хто слухалі Яго, дзівіліся з розуму й адказаў Яго.
І, абачыўшы Яго, зьдзіваваліся; і маці Ягоная сказала Яму: «Дзяцё! чаму Ты зрабіў гэтак нам? Гля, айцец Твой а я із журбою шукалі Цябе».
І яны задзівіліся, ўбачыўшы Яго; і сказала Яму Маці Ягоная: Сыне, што Ты зрабіў з намі? вось, айцец Твой і я з вялікім жалем шукалі Цябе.
А Ён адказаў ім: «Што ж, што Мяне шукалі? хіба вы ня ведалі, што Я маю быць у справах Айца Свайго?»
Ён-жа сказаў ім: нашто вам было шукаць Мяне? хіба-ж вы ня ведалі, што Мне прызначана быць у тым, што належыць да Айца Майго?
Але яны не зразумелі сказанага, што ім сказаў.
Але яны не зразумелі выказаных Яго словаў.
І зыйшоў зь імі, і прышоў да Назарэту і быў ім падданы. Але маці Ягоная заховавала ўсі гэтыя словы ў сэрцу сваім.
І Ён пайшоў з імі й прыйшоў да Назарэту, і быў у паслушэнстве ім; і Маці Ягоная захавала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
А Ісус павялічаўся мудрасьцяй а ростам а ласкаю ў Бога й людзёў.
Ісус-жа ўзрастаў у мудрасьці й сталасьці ды ў ласцы прад Богам і людзьмі.