Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міхася Міцкевіча
І глянуўшы, Ён абачыў багатых, што кідалі ў скарбонку падаркі свае;
І наглядаючы ў храме, убачыў, як багацеі кідалі ў скарбонку пашмат дароў.
Але абачыў таксама бедную ўдаву, што ўкінула ў яе два медзякі.
І ўбачыў адну бедную ўдавіцу, якая ўкінула туды дзьве лепты.
І сказаў Ён: «Запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула балей за ўсіх;
І сказаў: папраўдзе кажу вам, што гэтая бедная ўдавіца ўкінула больш за ўсіх.
Бо ўсі тыя із бытку свайго ўкінулі на дар Богу, а яна зь нястачы свае ўкінула ўвесь пражытак, які мела».
Бо ўсе тыя ад збытку свайго клалі ахвяру Богу, яна-ж з беднасьці свае палажыла ўсё, што мела да пражытку свайго.
І як некатрыя сказалі празь сьвятыню, што яна прыбрана харошым каменьням а дарамі, Ён сказаў:
І калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што ўпрыгожана яна дарагімі каменьнямі і дарамі, Ён сказаў:
«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы бачыце, не застанецца камень на каменю, каторы ня быў бы ськінены».
— Настануць дні, калі з усяго таго, што вы бачыце, не застанецца каменя на камені, якія ня былі-б разбураны.
І папыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцелю, калі гэта будзе? і якая пазнака, калі гэта мае стацца?»
І пыталіся ў Яго, кажучы: — Вычыцелю! калі-ж гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта павінна стацца?
І сказаў Ён: «Уважайце, каб вас не зьвялі, бо шмат хто прыйдзе ў імя Мае, кажучы: "Гэта Я", і "час дабліжыўся". Не хадзіце за імі.
Ён-жа сказаў: будзьце асьцярожнымі, каб ня ўпалі ў блуд, бо шматлікія прыйдуць пад імём Маім, кажучы — гэта Я, — і што — час ужо блізкі, — не хадзеце сьледам за імі.
Як жа пачуеце праз войны а замятні, не палохайцеся, бо гэта мае стацца ўперад, але ня зараз канец».
Калі-ж пачуеце пра войны і забурэньні, не жахайцеся, бо гэта павінна стацца перш, але не адразу канец.
Тады сказаў ім: «Народ паўстане на народ, і гаспадарства на гаспадарства;
Тады сказаў ім: — паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства.
Будуць вялікія трасеньні зямлі ў розных месцах а галадові а ліпучкі а страшныя зьявы а вялікія знакі зь неба.
І пройдуць мясцамі вялікія землятрусы, і будуць галадоўлі і паморкі і жахлівыя зьявы; і будуць вялікія знаменьні з неба.
Але наўперад накладуць на вас рукі свае і будуць перасьледаваць, выдаючы ў бажніцы й вязьніцы, прыводзячы да каралёў а дзяржаўцаў за імя Мае.
А перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае, і будуць гнобіць вас, выдаючы ў сынагогі і вязьніцы, і павядуць да каралеў і ўладцаў за імя Маё.
Будзе ж гэта вам на сьветчаньне.
Прыдасца-ж гэта для дзеля сьвядоцтва вам.
«Затым пакладзіце ў сэрцы свае не абдумаваць загадзя абароны;
Дык палажэце сабе на сэрца не абдумоўваць загадзя, што адказваць.
Бо Я вам дам вусны а мудрасьць, каторым ня будуць магчы перачыць ані працівіцца ўсі праціўнікі вашыя.
Бо Я дам вам у вусны выслаўленьні і мудрасьць, якой ня змогуць супярэчыць і супрацівіцца ўсе супраціўнікі вашыя.
І вы будзеце выданы нават бацькамі а братамі а сваякамі а прыяцельмі, і заб’юць нека торых із вас;
Выдаваць-жа будуць вас і бацькі, і браты, і сваякі, і сябры, і некаторых з вас усьмерцяць.
І будуць ненавідзіць вас усі за імя Мае.
І зьненавідзяць вас усе за імя Маё.
Але й волас із галавы вашае не загіне.
Але і волас з галавы вашае не загіне.
Цярплівай трывалкосьцяй сваёй прыдбаеце душы свае.
Цярпеньнем вашым ухаваеце душы вашыя.
«А як і абачыце Ерузалім абступлены войскам, тады ведайце, што спустошаньне яго дабліжылася.
Калі-ж убачыце Ерусалім абложаны войскам, то ведайце, што надыйходзіць спусташэнне яго.
Тады тыя, што ў Юдэі, уцякайце ў горы; і хто ў ім, выходзь ізь яго; і хто ў ваколіцы, ня ўходзь у яго;
Тагды, хто у Юдэі, няхай бягуць у горы, а хто ў месьце, няхай выйходзіць з яго.
Бо гэта дні помсты, каб усе напісанае выпаўнілася.
Бо тыя дні помсты, каб збылося напісанае.
І бяда цяжарным а соячым тых дзён, бо будзе вялікая нястача на зямлі і гнеў на люд гэты.
Гора-ж цяжарным і карміцелькам грудзьмі ў дні тыя, бо вялікае будзе прыгнечаньне на зямлі, і гнеў на народ гэты.
І падуць ад ляза мяча, і будуць заведзены ў палон да ўсіх народаў; і Ерузалім будзе таптаны народамі, пакуль ня скончацца часы народаў.
І падуць ад вастрыя мяча, і забраныя будуць у няволю да ўсіх народаў; і Ерусалім будзе тратаваны нявернікамі, пакуль ня скончацца часы няверных.
«І будуць знакі на сонцу а месяцу а гвездах, і на зямлі трывога народаў у замятні, равеньне а хваляваньне мора.
І будуць знаменьні на сонцы, і месяцы і зорках, а на зямлі скруха між народаў і роспач ад нечаканага ўсхваляваньня і рокату морскага.
Людзі будуць паміраць із страху а спадзяваньня прыходзячага на ўвесь сьвет, бо сілы нябёсныя захістаюцца.
І людзі будуць упадаць у зьнямогу ад страху і чаканьня няшчасьця сусьветнага, бо сілы нябесныя ўзрушацца.
«І тады абачаць Сына Людзкога, у булакох ізь сілаю а славаю вялікай ідучага.
Тады ўбачаць Сына Чалавечага, ідучы на воблаках з сілаю і славаю вялікаю.
Як жа пачнець гэта дзеяцца, глядзіце і ўзьнімайце галавы свае, бо бліжыцца адкупленьне вашае».
Калі-ж стане гэта збывацца, схамянецеся, і ўзьнімеце галовы вашыя, бо збліжаецца адкупленьне вашае.
І сказаў ім прыпавесьць: «Глядзіце на фіґу а на ўсі дзервы.
І сказаў ім прыпавесьць: — глядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы.
Як яны ўжо пукаюцца, то ведаеце самы, гледзячы на гэта, што лета блізка.
Калі яны ўжо распускаюцца, то пабачыўшы, самі ведаеце, што ужо блізка лета.
Дык таксама, як абачыце, што гэта дзеецца, ведайце, што гаспадарства Божае блізка.
Гэтак і вы: калі пабачыце пачатак падзеяў тых, ведайце, што збліжаецца Уладарства Божае.
Запраўды кажу вам, што ня мінець род гэты, як усе станецца.
Запраўды, кажу вам: ня пройдзе род гэты, як усё тое станецца.
Неба й зямля мінуць, але словы мае а ніяк ня мінуць.
Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
Шануйцеся, каб сэрцы вашыя наагул не цяжарыліся пярэсыцьцю а п’янствам а жыцьцявымі рупатамі, і каб дзень тый не засьпеў вас якга, неўспадзеўкі;
Трымайцеся-ж уважна, каб сэрцы вашыя не абцяжаліся аб'яданьнем і п'янствам ды жыцьцёвымі турботамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзяванна.
Бо, як пасадка, ён прыйдзе на ўсіх тых, што жывуць на відзе ўсяе зямлі.
Бо як сеткаю спадзе ён на ўсіх, якія жывуць на абліччы зямлі.
Дык будзьце чукавыя кажнае пары, молячыся, каб вы маглі ўсьцерагчыся ад усяго таго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Людзкім».
Дык чувайцеся усячасна і малецеся, каб быць годнымі ўсьцерагчыся ад усіх бедаў, што маюць прыйсьці, і каб стануць прад Сынам Чалавечым.
І ўдзень Ён навучаў у сьвятыні, а ночы, выходзячы, заставаўся вонках на гары, званай Аліўнай.
У дзень Ён навучаў у храме; калі-ж надыйходзіла ноч, Ён, выйходзячы, ішоў на гору, званаю Аліўная.
І ўвесь люд прыходзіў рана нараніцы да Яго, слухаць Яго.
А ўвесь народ зранку прыйходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.