Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Міхася Міцкевіча
І сталася потым, што Ён падарожжаваў ад места да места і ад сяла до сяла, агалашаючы а абяшчаючы дабравесьць гаспадарства Божага, і двананцацёх ізь Ім.
Было-ж пасьля таго, — прайходзіў Ён праз месты й селы, прапаведваючы й дабравесьцячы Ўладарства Божае, і з Ім дванаццацёх.
І некатрыя жанкі, каторых Ён уздаравіў ад нячысьцікаў а хваробаў: Марыя званая Магдаленаю, з каторае вышла сем нячысьцікаў,
І некаторыя жанчыны, якіх Ён ацаліў ад злыдухаў і нядугаў: Марыя, званая Магдаленай, вызваленая ад сямі нячыстых;
І Яана, жонка Хузіна, загадніка Гірадавага, і Сусанна, і шмат іншых, што служылі Яму сваёй маемасьцяй.
І Йанна, жана Хузы, домаправіцеля Ірадавага, і Сузанна й шмат іншых, якія прыслугоўвалі Яму сваімі пажыткамі.
І як зьберся груд, і з усіх местаў зыходзіліся да Яго, Ён гукаў прыпавесьцяй:
Калі-ж сабралася вялікая грамада народу, і людзі з усёх местаў зыйходзіліся да Яго, Ён пачаў гаварыць прыпавесьцяй.
«Вышаў сяўбіт сеяць сяўбу сваю; і як ён сеяў, адно ўпала край дарогі, і было патаптана, і птушкі нябёсныя паклявалі яго.
Выйшаў сяўбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, некаторае ўпала скрай дарогі й патаптана было, і птушкі нябесныя падзяўблі яго.
А другое пала на скалу і, абышоўшы, зьвяла, бо ня мела вогкасьці.
Іншае трапіла на камяністы грунт і, узыйшоўшы, засохла, бо не ставала вільгаці.
Іншае ж пала памеж церня, і вырасла церне, і заглушыла яго.
Іншае-ж упала між цярніны, і вырасла цярніна й заглушыла яго.
А іншае пала на добрую зямлю і, абышоўшы, дало плод сотны». Сказаўшы гэта, загукаў: «Хто мае вушы чуць, чуй!»
Каторае-ж упала ў добрую зямлю, узыйшоўшы, урадзіла ў стокроць; і сказаўшы гэтае, усклікнуў: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе!
І пыталіся ў Яго вучанікі Ягоныя: «Што можа значыць прыпавесьць гэта?»
Вучні-ж Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: — што азначае прыпавесьць гэтая?
І Ён сказаў: «Вам дана ведаць тайны гаспадарства Божага, а засталым у прыпавесьцях, каб гледзячы ня бачылі і чуючы не разумелі.
І Ён сказаў ім: — вам дадзена пазнаць тайніцы Ўладарства Божага, а іншым у прыпавесьцях, якія, глядзячы, ня бачаць, і слухаючы не разумеюць.
А прыпавесьць гэткая: сяўба ё слова Божае.
Вось што азначае прыпавесць гэтая: насеньне — гэта Слова Божае.
А палае край дарогі, гэта слухаючыя, да каторых потым прыходзе нячысьцік і выймае слова із сэрцаў іхных, каб, ня верачы, не спасьліся.
І каторае пры дарозе, — гэта тыя, якія слухаюць, але потым прыйходзіць д'ябал і выносіць слова з іхняга сэрца, каб не паверыўшы, ня былі збавёныя.
І палае на скалу, ё тыя, што, як пачуюць, прыймаюць слова з радасьцяй, але яны ня маюць караня, вераць якісь час і ў часе спакусы адступаюць.
А што на камені, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, прыймаюць яго з радасьцяй, але ня маюць грунту пад сабою, і вераць часова, а ў час спакусы адпадаюць.
І палае памеж церня, ё тыя, што слухаюць слова, але, адходзячы, клопатамі, багацьцям а прыемнасьцьмі жыцьцявымі душацца, і ня сьпеюць.
А што ўпала ў цярніну, гэта тыя, якія слухаюць, але адыйшоўшы, заглушаюцца жыцьцёвымі турботамі, багацьцем і ўцехамі, і ня прыносяць плёну.
А палае на добрую зямлю, ё тыя, што, пачуўшы слова, дзяржаць у гожым а добрым сэрцу і выдаюць плод у цярплівосьці.
Каторае-ж упала на добры грунт, гэта тыя, якія, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў добрым і чыстым сэрцы, і прыносяць плён у цярплівасьці; сказаўшы гэтае, усклікнуў: — хто мае вушы слухаць, няхай пачуе.
«Ніхто, засьвяціўшы лянпу, не накрывае яе судзіною або не станове пад ложак, але стаўляе на падстаноўку, каб уходзячыя бачылі сьвятліню.
Ніхто-ж, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінаю, ці ня ставіць яе пад ложак, але ставіць на падсьвечнік, каб уваходзячы бачылі сьвятло.
Бо нічога нямаш тайнага, што ня стала б яўным, ані схаванага, што ня стала б ведамым і ня выявілася б.
Бо няма нічога тайнага, каб ня выявілася, ані сукрытага, каб ня выкрылася й ня стала ведамым.
«Дык уважайце, як вы слухаеце, бо хто мае, таму будзе дадана; а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што яму здаецца, што мае».
Дзеля таго, уважайце, як слухаеце: бо хто мае, таму дададзена будзе, а хто ня мае, у таго адыймецца й тое, што думае мець.
І прышлі да Яго маці а браты Ягоныя, але не маглі ўзыйсьці да Яго, з прычыны гурбы.
І прышлі да Яго Маці й браты Яго, але не маглі падыйсьці да Яго з-за народу.
І паведамілі Яму: «Маці а браты Твае стаяць вонках, хочучы бачыць Цябе».
Тады паведамілі Яго, кажучы: — Маці Твая й браты Твае стаяць на дварэ — хочуць бачыць Цябе.
І, адказуючы, сказаў ім: «Маці Мая а браты Мае тыя, што слухаюць слова Божае і поўняць яго».
Але Ён у адказ сказаў ім: — Маці Мая й браты Мае — гэта тыя, якія слухаюць Слова Божае й выпаўняюць яго.
І сталася аднаго дня, што ўвыйшоў Ён у струг з вучанікамі Сваімі і сказаў ім: «Пераплывіма на другі бок возера»; і адамкнулі.
І сталася аднаго дня: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі, і сказаў ім: пераплывём на той бок возера; і паплылі.
А як плылі, Ён заснуў. І ўзьнялася бура на возеру, і іх залівала, і яны былі ў небясьпечнасьці.
І калі яны плылі, Ён заснуў, а на возеры ўсхадзілася бура, іх залівала хвалямі, і яны былі ў небясьпецы.
І, прыступіўшы, пабудзілі Яго, кажучы: «Вучыцелю! Вучыцелю! гінем». І Ён, прачхнуўшыся, зганіў вецер а хвалі вады; і перасталі, і сталася цішыня.
Тады, падыйшоўшы, пабудзілі Яго, кажучы: Вучыцелю, Вучыцелю! загібаем; Ён-жа, устаўшы, забараніў ветру й хвалям водным — і ўсё ўляглося, і стала ціша.
А Ён сказаў ім: «Ідзе вера вашая?» Яны ж, баючыся, зумяваліся, кажучы адзін аднаму: «Хто ж гэта, што на’т расказуе вятром а вадзе, і слухаюць Яго?»
Тады сказаў ім: — дзе вера вашая? яны-ж у страху й падзіўленьні гаварылі адзін аднаму: — Хто ж Ён, калі й ветрам і вадзе загадвае.
І прышлі да краіны Ґадарынскае, каторая насупроці Ґалілеі.
І прыплылі ў краіну Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
А як Ён вышаў на зямлю, пераняў Яго адзін чалавек ізь места, што меў нячысьцікаў здаўна, і не адзяваўся ані жыў у доме, але памеж грабоў.
Калі Ён выйшаў з лодкі на бераг, спаткаў Яго адзін чалавек з места, які праз доўгі час апанаваны быў злыдухам, і хадзіў не адзеўшыся, і жыў ня ў доме, але ў грабоўцах.
Абачыўшы Ісуса, ён крыкнуў, і паў ніцма перад Ім, і сказаў вялікім голасам: «Што Табе да мяне, Ісусе, Сыну Бога Навышняга? прашу Цябе, ня муч мяне».
Убачыўшы Ісуса, ён закрычаў, упаў прад Ім, і гучным голасам сказаў: — што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага? малю Цябе, ня муч мяне.
Бо расказаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека, бо шмат разоў імаў яго, і сьцераглі яго зьвязанага ланцугамі і ў пугах; але ён разрываў вязі, і гнаў яго нячысьцік на пустыні.
Бо Ісус загадаў злыдуху выйсьці з гэтага чалавека, таму што праздоўгі час мучыў яго; і яго вязалі ланцугамі й накладалі кайданы, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні.
І Ісус папытаўся ў яго, кажучы: «Што за імя твае?» І ён сказаў: «Леґіён», бо шмат нячысьцікаў было ўвыйшоўпіы ў яго.
І папытаў у яго Ісус: — як тваё імя? ён-жа адказаў — Легіён, бо шмат злыдухаў увайшло ў яго.
І яны прасілі Яго, каб Ён не казаў ім ісьці ў бяздоньне.
І прасілі Ісуса, каб не загадаў ім ісьці ў прадоньне.
І вось, пасьцілася там на гарах вялікая чарада сьвіньняў; і прасілі Яго дазволіць ім увыйсьці ў іх. І Ён дазволіў ім.
Тут-жа на гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіней, і злыдухі прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх; і Ён дазволіў.
Тады нячысьцікі, вышаўшы зь людзіны, увыйшлі ў сьвіньні; і рынулася чарада із стромы ў возера, і патанула.
Тады злыдухі выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньні, і рынуўся увесь гурт з кручы ў возера й затануў.
А пастухі, абачыўшы, што сталася, уцяклі й наказалі ў месьце й на сёлах.
Пастухі пабачыўшы, што сталася, разбегліся й расказалі ў месьце й сёлах.
І вышлі абачыць, што сталася; і прышлі да Ісуса, і засьпелі чалавека, з каторага вышлі нячысьцікі, ля ног Ісусавых седзячага, адзеўшыся і ў добрым розуме; і баяліся.
І павыйходзілі людзі пабачыць, што здарылася; і прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалавека, з якога выйшлі злыдухі; ён сядзеў ля ног Ісусавых, адзеты, і пры сваім розуме, — і яны жахнуліся.
І тыя, што бачылі, паведалі ім, як быў уздароўлены апанаваны нячысьцікамі.
Тыя-ж, якія бачылі, расказалі ім, як быў ацалены апанаваны злыдухам.
І прасіў яго ўвесь груд аколіцы Ґадарынскае адыйсьці ад іх, бо агарнуў іх вялікі страх. Ён увыйшоў у струг і зьвярнуўся.
І прасіў Яго ўвесь народ тэй Гадарынскай ваколіцы адыйсьці ад іх, бо яны былі ахоплены вялікім страхам; Ён увайшоў у лодку й вярнуўся.
І прасіў Яго чалавек, з каторага вышлі нячысьцікі, каб быць ізь Ім; але Ісус выправіў яго, кажучы:
А чалавек, з якога выйшлі нячыстыя, прасіў Яго, каб астацца з Ім; але Ісус адпусьціў яго, кажучы:
«Зьвярніся да дому свайго і павядай, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Бог». І адышоў, агалашаючы па ўсім месьце, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Ісус.
— Вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе Бог; ён пайшоў і абвяшчаў па ўсім месьце, што стварыў яму Ісус.
І сталася, як Ісус зьвярнуўся, што груд із радасьцяй прыняў Яго, бо ўсі чакалі Яго.
І сталася, калі вярнуўся Ісус, народ вітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
І вось, прышоў чалавек, імям Яір, а ён быў начэльнік бажніцы, і, паўшы ў ногі Ісусу, прасіў Яго, каб увыйшоў у дом ягоны;
І вось прыйшоў чалавек, на імя Іаір, — быў-жа ён начальнікам сынагогі — і ўпаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом да яго.
Бо ён меў адзіную дачку год двананцацёх веку, і тая канала. А як Ён ішоў, груд ціснуў Яго.
Бо ў яго была адзіная дачка, дванаццацілетняя, і была яна пры сьмерці; калі-ж Ён ішоў, народ ціснуўся да Яго.
І жонка, двананцаць год хворая на крываток, што ўсю сваю маемасьць выдала на лекараў і ў ніводнага не магла вылячыцца,
І вось жанчына, якая з дванаццацёх гадоў цярпела ад крывяцечы й аддала на лекараў усю маёмасьць сваю, і ад ніводнага не дастала вылячэньня,
Прыступаючы адзаду, дакранулася да кутаса адзецьця Ягонага, і якга ейны крываток запыніўся.
Падышоўшы ззаду, дакранулася да краю адзеньня Ягонага, і зараз-жа цеча крывяцеча ў яе спынілася.
А Ісус сказаў: «Хто дакрануўся да Мяне?» Як жа ўсі перачылі, Пётра а былыя зь Ім сказалі: «Вучыцелю, груд напірае на Цябе й цісьне, а Ты кажаш: "Хто дакрануўся да Мяне?"»
І сказаў Ісус: — хто дакрануўся да Мяне? калі-ж усе адмаўляліся, сказаў Пётра ды іншыя з ім: Вучыцель! народ акружае й націскае на Цябе, — і Ты гаварыш, хто дакрануўся да Мяне?
А Ісус сказаў: «Хтось даткнуўся да Мяне, бо Я пазнаў, што моц вышла зь Мяне».
Але Ісус сказаў: — нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як зыйшла ад Мяне сіла.
І як жонка абачыла, што ня ўтоіцца, падышла дрыжачы і, ніцма паўшы перад Ім, паведаміла Яму перад усім людам дзеля чаго дакранулася да Яго, і як была якга ўздароўлена.
І жанчына, абачыўшы, што яна ня ўтоіцца, у трывозе падыйшла, і ўпаўшы прад Ім, абвесьціла прад усімі народам, з якой прычыны дакранулася да Яго і як ураз-жа аздаравела.
І Ён сказаў ёй: «Высьмелься, дачка! вера твая ўздаравіла цябе, ідзі ў супакою».
Ён-жа сказаў ёй: — бадзёрся, дачка! вера твая выбавіла цябе.
Як Ён яшчэ казаў, прыходзе адзін ад начэльніка бажніцы й кажа яму: «Дачка твая памерла; ня трудуй Вучыцеля балей».
І калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыйходзіць хтось з дому начальніка сынагогі й кажа яму: — дачка твая памерла, ня турбуй Вучыцеля.
Але Ісус, пачуўшы, адказаў яму, кажучы: «Ня бойся, адно вер, і яна будзе ўздароўлена».
Але Ісус, пачуўшы гэта, сказаў яму: — ня бойся, толькі вер, і збавёная будзе.
І, прышоўшы да дому, не дазволіў нікому ўвыйсьці, апрача Пётры а Якава а Яана а айца а маці дзеваччыных.
Прыйшоўшы-ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, Яна й Якуба, і бацькі й маці юначкі.
І ўсі плакалі а галасілі па ёй; але Ён сказаў: «Ня плачча: яна не памерла, але сьпіць».
Усе плакалі й галасілі па ёй; але Ён сказаў: — ня плачце, яна не памерла, але сьпіць.
І сьміяліся зь Яго, ведаючы, што яна памерла.
І сьмяяліся з Яго ў зьнявазе, бо ведалі, што памерла.
Ён жа, выправіўшы ўсіх вонкі, моцна ўзяў яе за руку й гукнуў, кажучы: «Дзевачка, устань!»
Ён-жа, выслаўшы ўсіх вонкі, узяў яе за руку і ўсклікнуў, прамоўвіўшы: дзяўчынка, ўстань.
І дух ейны зьвярнуўся да яе; і яна якга ўстала, і Ён казаў даць ёй есьці.
І вярнуўся дух яе і ўраз-жа ўстала, і Ён вялеў даць ёй есьці.
І зумеліся бацькі ейныя. Ён жа расказаў ім нікому ня гукаць праз тое, што сталася.
І ў вялікім подзіве былі бацькі яе; Ён-жа сказаў ім не гаварыць, што сталася.