Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І глянуўшы, Ён абачыў багатых, што кідалі ў скарбонку падаркі свае;
Глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары́ свае ў ска́рбніцу;
Але абачыў таксама бедную ўдаву, што ўкінула ў яе два медзякі.
убачыў таксама і адну бедную ўдаву́, якая пакла́ла туды дзве ле́пты,
І сказаў Ён: «Запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула балей за ўсіх;
і сказаў: праўду кажу вам, што ўдава́ гэтая бедная больш за ўсіх пакла́ла;
Бо ўсі тыя із бытку свайго ўкінулі на дар Богу, а яна зь нястачы свае ўкінула ўвесь пражытак, які мела».
бо ўсе гэтыя ад даста́тку свайго пакла́лі ў дар Богу, а яна з няста́чы сваёй увесь пражы́так, які ме́ла, пакла́ла.
І як некатрыя сказалі празь сьвятыню, што яна прыбрана харошым каменьням а дарамі, Ён сказаў:
І калі некато́рыя гаварылі пра храм, што ён каштоўнымі камяня́мі і дару́нкамі ўпрыго́жаны, Ён сказаў:
«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы бачыце, не застанецца камень на каменю, каторы ня быў бы ськінены».
пры́йдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застане́цца ка́меня на ка́мені, які не будзе зруйнава́ны.
І папыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцелю, калі гэта будзе? і якая пазнака, калі гэта мае стацца?»
І спыталіся ў Яго, ка́жучы: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якое знаме́нне, калі павíнна гэта збы́цца?
І сказаў Ён: «Уважайце, каб вас не зьвялі, бо шмат хто прыйдзе ў імя Мае, кажучы: "Гэта Я", і "час дабліжыўся". Не хадзіце за імі.
Ён жа сказаў: сцеражы́цеся, каб не ўвялі вас у зман; бо многія пры́йдуць пад íмем Маім, ка́жучы, што гэта Я. І гэты час наблíзіўся; не ідзіце за імі.
Як жа пачуеце праз войны а замятні, не палохайцеся, бо гэта мае стацца ўперад, але ня зараз канец».
Калі ж пачуеце пра войны і сму́ты, не жаха́йцеся, бо гэта павíнна быць спача́тку; але не адразу канец.
Тады сказаў ім: «Народ паўстане на народ, і гаспадарства на гаспадарства;
Тады сказаў ім: паўста́не народ на народ і царства на царства,
Будуць вялікія трасеньні зямлі ў розных месцах а галадові а ліпучкі а страшныя зьявы а вялікія знакі зь неба.
і будуць вялікія землятру́сы ме́сцамі, і голад, і мор, будуць і жахі, і знаме́нні вялікія з неба.
Але наўперад накладуць на вас рукі свае і будуць перасьледаваць, выдаючы ў бажніцы й вязьніцы, прыводзячы да каралёў а дзяржаўцаў за імя Мае.
Але перад гэтым усім пакладу́ць на вас ру́кі свае і будуць гнаць, аддаючы́ ў сінагогі і ў цямніцы, і павядуць да цароў і да правíцеляў за імя́ Маё;
Будзе ж гэта вам на сьветчаньне.
будзе ж гэта вам дзе́ля све́дчання.
«Затым пакладзіце ў сэрцы свае не абдумаваць загадзя абароны;
Так што пакладзíце ў сэ́рцах сваіх не абду́мваць за́гадзя, што адка́зваць,
Бо Я вам дам вусны а мудрасьць, каторым ня будуць магчы перачыць ані працівіцца ўсі праціўнікі вашыя.
бо Я дам вам ву́сны і мудрасць, якой не змогуць супрацьстая́ць або пярэ́чыць усе працíўнікі вашы.
І вы будзеце выданы нават бацькамі а братамі а сваякамі а прыяцельмі, і заб’юць нека торых із вас;
Вы́дадзены ж будзеце і бацька́мі, і брата́мі, і сваяка́мі, і сябра́мі; і заб’юць некаторых з вас;
І будуць ненавідзіць вас усі за імя Мае.
і будзеце зненавíджаныя ўсімі за імя́ Маё;
Але й волас із галавы вашае не загіне.
але і волас з галавы вашай не прападзе́;
Цярплівай трывалкосьцяй сваёй прыдбаеце душы свае.
цярпе́ннем вашым здабу́дзьце ду́шы вашы.
«А як і абачыце Ерузалім абступлены войскам, тады ведайце, што спустошаньне яго дабліжылася.
Калі ж уба́чыце акру́жаны войскам Іерусалім, тады ведайце, што наблíзілася спусташэ́нне яго;
Тады тыя, што ў Юдэі, уцякайце ў горы; і хто ў ім, выходзь ізь яго; і хто ў ваколіцы, ня ўходзь у яго;
тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцяка́юць у горы, а хто ў горадзе, няхай выхо́дзяць, а хто ў вако́ліцах, няхай не ўвахо́дзяць у яго,
Бо гэта дні помсты, каб усе напісанае выпаўнілася.
таму што гэта дні пакара́ння, каб спо́ўнілася ўсё напíсанае.
І бяда цяжарным а соячым тых дзён, бо будзе вялікая нястача на зямлі і гнеў на люд гэты.
Гора ж цяжа́рным і тым, што ко́рмяць грудзьмí, у тыя дні, бо вялікае бе́дства будзе на зямлі і гнеў на народ гэты;
І падуць ад ляза мяча, і будуць заведзены ў палон да ўсіх народаў; і Ерузалім будзе таптаны народамі, пакуль ня скончацца часы народаў.
і ўпаду́ць ад вастрыя́ мяча́, і будуць адве́дзены ў пало́н ва ўсе народы, і Іерусалім будзе патапта́ны язычнікамі, пакуль не ско́нчацца часы́ язычнікаў.
«І будуць знакі на сонцу а месяцу а гвездах, і на зямлі трывога народаў у замятні, равеньне а хваляваньне мора.
І будуць знаме́нні на сонцы, і месяцы, і зорках, а на зямлі туга́ народаў у ро́спачы ад шуму марскога і хвалява́ння;
Людзі будуць паміраць із страху а спадзяваньня прыходзячага на ўвесь сьвет, бо сілы нябёсныя захістаюцца.
і людзі будуць мярцве́ць ад страху і чака́ння таго, што надыхо́дзіць на сусвет, бо сілы нябесныя зру́шацца,
«І тады абачаць Сына Людзкога, у булакох ізь сілаю а славаю вялікай ідучага.
і тады ўба́чаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на во́блаку з сілаю і славаю вялікаю.
Як жа пачнець гэта дзеяцца, глядзіце і ўзьнімайце галавы свае, бо бліжыцца адкупленьне вашае».
Калі ж пачне гэта збыва́цца, то вы́прастайцеся і ўзнімíце гало́вы вашы, таму што набліжа́ецца адкупле́нне ваша.
І сказаў ім прыпавесьць: «Глядзіце на фіґу а на ўсі дзервы.
І сказаў ім прытчу: паглядзíце на смако́ўніцу і на ўсе дрэвы:
Як яны ўжо пукаюцца, то ведаеце самы, гледзячы на гэта, што лета блізка.
калі яны ўжо распуска́юцца, вы, ба́чачы гэта, самі ведаеце, што блізка лета.
Дык таксама, як абачыце, што гэта дзеецца, ведайце, што гаспадарства Божае блізка.
Так і вы, калі ўба́чыце, што гэта збыва́ецца, ве́дайце, што блізка Царства Божае.
Запраўды кажу вам, што ня мінець род гэты, як усе станецца.
Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе;
Неба й зямля мінуць, але словы мае а ніяк ня мінуць.
неба і зямля міну́ць, а словы Мае́ не міну́ць.
Шануйцеся, каб сэрцы вашыя наагул не цяжарыліся пярэсыцьцю а п’янствам а жыцьцявымі рупатамі, і каб дзень тый не засьпеў вас якга, неўспадзеўкі;
Сцеражы́цеся, каб сэ́рцы вашы не абцяжа́рваліся абжорствам і п’янствам, і клопатамі жыццёвымі, і каб не прыйшоў да вас неспадзява́на дзень той;
Бо, як пасадка, ён прыйдзе на ўсіх тых, што жывуць на відзе ўсяе зямлі.
бо ён, як па́стка, пры́йдзе на ўсіх, што жывуць на аблíччы ўсёй зямлі;
Дык будзьце чукавыя кажнае пары, молячыся, каб вы маглі ўсьцерагчыся ад усяго таго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Людзкім».
дык будзьце пíльныя і ўвесь час маліцеся, каб спадо́біліся вы пазбе́гнуць усяго гэтага, што ма́е адбы́цца, і стаць перад Сы́нам Чалавечым.
І ўдзень Ён навучаў у сьвятыні, а ночы, выходзячы, заставаўся вонках на гары, званай Аліўнай.
Удзень Ён вучыў у храме, а ночы, выхо́дзячы, право́дзіў на гары́, называ́най Елеонскаю.
І ўвесь люд прыходзіў рана нараніцы да Яго, слухаць Яго.
І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.