Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
І сталася тых дзён, што вышаў пастаноў ад цэсара Аўгуста зрабіць сьпісаньне ўсяго сьвету.
І сталася ў тыя дні: выйшла ад кесара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім валадарстве.
Гэтае сьпісаньне было найперш за Квірына, намесьніка Сыры.
Гэта быў першы сьпіс за гаспадараньня Кірынэя ў Сірыі.
І ўсі пайшлі запісавацца, кажны да места свайго.
І ўсе йшлі запісвацца, кожны ў сваё места.
І Язэп таксама вышаў з Ґалілеі, зь места Назарэту, да Юдэі, да места Давідавага, званага Бэтлеем, бо ён быў з дому а роду Давідавага,
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з места Назарэту ў Юдэю, у места Давідавае, званае Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
Запісацца з Марыяю, заручанай яму, цяжарнай.
каб запісацца з Марыяю, сваею заручанаю, што была цяжарнаю.
І сталася, як яны былі там, выпаўніліся дні радзіць.
І сталася, калі яны былі там, ёй споўніліся дні радзіць.
І нарадзіла Сына свайго першака, і спавіла Яго, палажыла ў ясьлі, бо ня было ім месца ў начулішчу.
І радзіла Сына свайго першароднага, спавіла Яго і палажыла ў жолаб, бо ім ня было мейсца ў заезьдзе.
І пастыры былі ў тэй самай краіне на полю, сьцерагучы стаду сваю ночы.
У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы каля свайго статку.
І вось, Ангіл Спадароў стаў перад імі, і слава Спадарова зазьзяла навокал іх; і баяліся боязьняй вялікай.
І вось зьявіўся ім Гасподні анёл і Гасподняя слава асьвяціла іх адусюдь, і агарнуў іх вялікі страх.
І Ангіл сказаў ім: «Ня бойцеся, бо вось, я прыношу вам дабравесьць вялікай радасьці, што будзе ўсім людзём;
І сказаў ім анёл: "Ня бойцеся! бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсяму народу;
Бо нарадзіўся вам сядні ў месьце Давідавым Спас, Каторы ё Хрыстос Спадар.
бо сёньня нарадзіўся вам у Давідавым месьце Збавіцель, каторы ёсьць Хрыстос Госпад.
І гэта пазнака вам: вы знойдзеце дзецянётка, спавітае й лежачае ў ясьлях.
І вось вам знак: вы знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі, ляжачае ў жолабе".
І якга было з Ангілам множасьць войска нябёснага, хвалячы Бога й кажучы:
І ўміг прылучылася да анёла вялікае нябеснае войска, славячы Бога і кажучы:
«Слава Богу на вышах, а на зямлі супакой у людзёх добрае волі».
"Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір людзям добрае волі".
І сталася, як ангілы адышлі ад іх да неба, пастыры сказалі адзін аднаму: «Пайдзіма аж да Бэтлеему й абачма, што прыгадзілася, што Спадар наказаў нам».
І сталася, як адыйшлі ад іх анёлы на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: "Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім тую падзею, якую абвясьціў нам Госпад".
І прышлі борзда, і знайшлі разам Марыю а Язэпа а дзецянётка, у ясьлях лежачае.
І пайшлі хутка ды знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, ляжачае ў жолабе.
А абачыўшы, наказавалі ўсюдых узглядам слова, сказанага ім празь дзецянё гэтае.
Угледзеўшы Яго, яны расказалі аб тым, што ім было сказана аб тым Дзіцятку.
І ўсі, што чулі, дзіваваліся з таго, што мовілі ім пастыры.
І ўсё, што чулі, дзівіліся з таго, што ім расказалі пастухі.
Але Марыя заховавала ўсе гэта, разважаючы ў сэрцу сваім.
А Марыя захоўвала ўсе тыя словы, разважаючы ў сваім сэрцы.
І зьвярнуліся пастыры, славячы а хвалячы Бога за ўсе, што чулі а бачылі, як было ім наказана.
І вярнуліся пастухі, славячы і выхваляючы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
І, як выпаўнілася восьмі дзён да абразаньня дзецяняці, назвалі Яго Ісус, як назваў Ангіл перад зачацьцям Яго ў жываце.
І калі мінула восем дзён, калі трэба было абразаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае ангелам да зачацьця Яго ў лоне.
І, як мінулі дні ачышчэньня ейнага, подле права Масеявага, прынесьлі Яго да Ерузаліму, каб абрачы Спадару,
А калі скончыліся дні яе ачышчэньня паводля Майсеявага закону, Яго прынесьлі ў Ерузалім, каб прадставіць перад Госпадам,
Як напісана ў праве Спадаровым, што кажнае дзецянё мужчынскае, дзетніцу рашчыняючае, Сьвятым Спадару будзе звацца;
як напісана ў Гасподнім законе, каб хлапчанё, якое раскрывае лона, было пасьвячана Госпаду;
І даць аброк, подле сказанага ў праве Спадаровым, пару туркоў альбо двое галубянят.
і каб прынесьці ахвяру, як сказана ў Гасподнім законе: дзьве горліцы, ці двое галубянят.
І вось, быў чалавек у Ерузаліме, каторага імя Сымон. Ён жа муж справядлівы а набожны, што спадзяваўся пацехі Ізраелявае; і Дух Сьвяты быў на ім.
І вось быў ў Ерузаліме чалавек на імя Сымэон. І той чалавек быў справядлівы і пабожны, чакаючы суцяшэньня Ізраілявага; і з ім быў Сьвяты Дух.
І было яму аб’яўлена Духам Сьвятым, што ён не абача сьмерці, пакуль не пабача Хрыста Спадаровага.
Яму было прадсказана Сьвятым Духам, што ня ўгледзіць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Гасподняга Хрыста.
І прышоў ён Духам да сьвятыні. І як бацькі прынесьлі дзецянё Ісуса, каб учыніць над Ім подле звычаю права,
І ён прыйшоў па натхненьню ў сьватыню. І калі бацькі ўносілі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць на Ім законны абрад,
Тады прыняў ён Яго на ўлоньне свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
ён ўзяў Яго на рукі, багаславіў Бога і сказаў:
«Цяпер адпушчаеш слугу Свайго, Спадару, подле слова Свайго, у супакою;
Цяпер адпускаеш Твайго слугу, Валадару, з мірам,
Бо вочы мае бачылі спасеньне Твае,
бо бачылі мае вочы Тваё збаўленьне,
Што Ты прыгатаваў перад відзеньням усіх людзёў,
якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў,
Сьвятло да аб’яўленьня народам і славу люду Твайго Ізраеля».
сьвятло для аб’яўленьня паганаў і славу Твайго народу Ізраіля.
І Язэп і маці дзіваваліся з таго, што было сказана празь Яго.
Язэп-жа і маці Ягоная дзівіліся з таго, што аб Ім гаварылі.
І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, прызначана гэта на ўпад і на паўстаньне шмаг каго ў Ізраелю і на знак, катораму будуць перачыць,
І багаславіў іх Сымэон і сказаў Марыі, Ягонай маці: вось Гэты ляжыць на ўпадак і на паўстаньне многіх у Ізраілю і на знак, Якому будуць працівіцца.
Але меч пратнець таксама душу тваю, каб аб’яўлены былі падумкі шмат сэрцаў».
І табе самой меч праніжа душу, каб выявіліся замыслы многіх сэрцаў.
І там была Ганна Фануелішка, прарока з пакаленьня Ашэравага. Яна была старая, жыла ж із мужам сем год ад дзявоцтва свайго,
І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава з Асіравага пакаленьня, яна была ў старым веку, жыўшы з мужам ад дзявоцтва сем гадоў,
Удава каля асьмідзясят чатырох год, каторая не адходзіла ад сьвятыні, але служыла постам а малітваю ночы і ўдзень.
ўдава гадоў васьмідзесяцёх чатырох, каторая не адходзячы ад сьвятыні, постам і малітваю служыла Богу дзень і ноч.
І гэтая, тае ж часіны прышоўшы, хваліла Спадара й мовіла празь Яго ўсім, што чакалі адкупленьня ў Ерузаліме.
І яна ў той час прыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла аб Ім усім, хто жадаў выбаўленьня Ізраіля.
І, як яны зьдзеялі ўсе подле права Спадаровава, зьвярнуліся да Ґалілеі, да места свайго Назарэту.
І калі яны выканалі ўсё паводля Гасподняга закону дык вярнуліса ў Галілею ў сваё места Назарэт.
І дзяцятка расло, і дужэла ў духу, поўнае мудрасьці; і ласка Божая была на Ім.
Дзіцятка-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю і Божая ласка была на Ім.
А бацькі Ягоныя што году хадзілі да Ерузаліму на сьвята Пасхі.
І кожны год Ягоныя бацькі хадзілі ў Ерузалім на сьвята Пасхі.
І як Яму было двананцаць год, яны ўзышлі да Ерузаліму подле звычаю таго сьвята.
І калі Ён быў дванаццацёхгадовы, прыйшлі яны як звычайна ў Ерузалім на сьвята.
І як, скончыўшы тыя дні, зварачаліся, задлякалася дзяцё Ісус у Ерузаліме, а Язэп а маці Ягоная ня ведалі;
Калі-ж па сканчэньні дзён сьвята яны варочаліся, астаўся хлопчык Ісус у Ерузаліме. І не заўважылі гэтага Язэп і Ягоная Маці,
Але, думаючы, што Ён быў у грамадзе, ішлі дзень дарогі. І шукалі Яго памеж сваякоў а знаёмых.
думаючы, што Ён ідзе з другімі. Прайшоўшы-ж дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
І, не знайшоўшы Яго, зьвярнуліся да Ерузаліму, шукаючы Яго.
І не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.
І сталася, што за тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, памеж вучыцеляў седзячага, слухаючы іх і пытаючы ў іх.
І сталася пасьля трох дзён знайшалі Яго ў сьвятыні як сядзеў між вучыцялёў, слухаючы і пытаючыся ў іх.
І ўсі, што слухалі Яго, зумяваліся з розуму а адказаў Ягоных.
Усе, што слухалі, дівіліся з Ягонага розуму і адказаў.
І, абачыўшы Яго, зьдзіваваліся; і маці Ягоная сказала Яму: «Дзяцё! чаму Ты зрабіў гэтак нам? Гля, айцец Твой а я із журбою шукалі Цябе».
І ўгледзеўшы Яго, зьдзівіліся; і сказала Яму Ягоная Маці: Дзіця, што Ты зрабіў нам? Вось Твой бацька і Я з вялікаю трывогаю шукалі Цябе.
А Ён адказаў ім: «Што ж, што Мяне шукалі? хіба вы ня ведалі, што Я маю быць у справах Айца Свайго?»
І сказаў ім: нашто было Мяне шукаць? Ці-ж вы ня ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Майму Айцу?
Але яны не зразумелі сказанага, што ім сказаў.
Але яны не разумелі слоў, што сказаў ім.
І зыйшоў зь імі, і прышоў да Назарэту і быў ім падданы. Але маці Ягоная заховавала ўсі гэтыя словы ў сэрцу сваім.
Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмяны ім. А Ягоная Маці захоўвала ўсе тыя словы ў сваім сэрцы.
А Ісус павялічаўся мудрасьцяй а ростам а ласкаю ў Бога й людзёў.
Ісус-жа рос мудрасцю і ростам ды ў ласцы ў Бога і ў людзей.