Лукаша 2 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І сталася ў тыя дні: ад кесара Аўгуста выйшла пастанова зрабіць перапіс па ўсёй населенай зямлі3.
 
І сталася ў тыя дні: выйшла ад кесара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім валадарстве.

Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй уладарыў Квірыній.
 
Гэта быў першы сьпіс за гаспадараньня Кірынэя ў Сірыі.

І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
 
І ўсе йшлі запісвацца, кожны ў сваё места.

І пайшоў таксама Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Вілеем, бо быў ён з дому і роду Давідавага,
 
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з места Назарэту ў Юдэю, у места Давідавае, званае Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,

Каб запісацца з Марыям, з ім заручонаю [жанчынаю], якая была цяжарная.
 
каб запісацца з Марыяю, сваею заручанаю, што была цяжарнаю.

І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні, каб радзіць ёй,
 
І сталася, калі яны былі там, ёй споўніліся дні радзіць.

і нарадзіла Яна Сына, Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было месца ім ў гасцініцы.
 
І радзіла Сына свайго першароднага, спавіла Яго і палажыла ў жолаб, бо ім ня было мейсца ў заезьдзе.

А былі ў той самай ваколіцы пастухі, што жылі ў полі і сцераглі ўночы свой статак.
 
У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы каля свайго статку.

І [вось] Анёл Гасподні паўстаў перад імі, і слава Гасподняя азарыла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
 
І вось зьявіўся ім Гасподні анёл і Гасподняя слава асьвяціла іх адусюдь, і агарнуў іх вялікі страх.

І сказаў ім Анёл: Не бойцеся, бо вось я добравешчу вам вялікую радасць, якая будзе ўсяму народу,
 
І сказаў ім анёл: "Ня бойцеся! бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсяму народу;

бо сёння ў горадзе Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад.
 
бо сёньня нарадзіўся вам у Давідавым месьце Збавіцель, каторы ёсьць Хрыстос Госпад.

І гэта вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае, якое будзе ляжаць у яслях.
 
І вось вам знак: вы знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі, ляжачае ў жолабе".

І раптам з’явілася разам з Анёлам мноства нябеснага войска, хвалячы Бога і кажучы:
 
І ўміг прылучылася да анёла вялікае нябеснае войска, славячы Бога і кажучы:

Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, людзям — добрая воля!
 
"Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір людзям добрае волі".

І сталася: калі адышлі ад іх Анёлы ў неба, пастухі казалі адзін аднаму: Хадзем тады ў Вілеем і паглядзім, што там адбылося, пра што Госпад даў знаць нам.
 
І сталася, як адыйшлі ад іх анёлы на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: "Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім тую падзею, якую абвясьціў нам Госпад".

І, спяшаючыся, прыйшлі і знайшлі Марыям, Іосіфа і Дзіцятка, што ляжала ў яслях;
 
І пайшлі хутка ды знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, ляжачае ў жолабе.

убачыўшы ж, яны расказалі пра слова, якое ім было абвешчана пра Гэтае Дзіцятка.
 
Угледзеўшы Яго, яны расказалі аб тым, што ім было сказана аб тым Дзіцятку.

І ўсе, пачуўшы, здзівіліся таму, што казалі ім пастухі.
 
І ўсё, што чулі, дзівіліся з таго, што ім расказалі пастухі.

А Марыям захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў Сваім сэрцы.
 
А Марыя захоўвала ўсе тыя словы, разважаючы ў сваім сэрцы.

І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны пачулі і ўбачылі, як ім было сказана.
 
І вярнуліся пастухі, славячы і выхваляючы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

І калі споўнілася восемь дзён, і належала абрэзаць Яго, далі Яму імя Ісус, названае Анёлам перш, чым Ён быў зачаты ва ўлонні.
 
І калі мінула восем дзён, калі трэба было абразаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае ангелам да зачацьця Яго ў лоне.

І, калі споўніліся дні іх ачышчэння паводле Маісеевага Закона, прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Госпаду,
 
А калі скончыліся дні яе ачышчэньня паводля Майсеявага закону, Яго прынесьлі ў Ерузалім, каб прадставіць перад Госпадам,

Як напісана ў Законе Гасподнем: «Кожная мужчынская істота, што раскрывае матчына ўлонне будзе пасвечана Госпаду»,
 
як напісана ў Гасподнім законе, каб хлапчанё, якое раскрывае лона, было пасьвячана Госпаду;

і каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў Законе Гасподнім: пару туркавак або двух галубянят.
 
і каб прынесьці ахвяру, як сказана ў Гасподнім законе: дзьве горліцы, ці двое галубянят.

І вось, быў у Іерусаліме чалавек, якому імя Сімяон, і чалавек гэты, праведны і набожны, чакаў суцяшэння Ізраіля, і Святы Дух быў на ім;
 
І вось быў ў Ерузаліме чалавек на імя Сымэон. І той чалавек быў справядлівы і пабожны, чакаючы суцяшэньня Ізраілявага; і з ім быў Сьвяты Дух.

і была яму абвешчана Святым Духам, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
 
Яму было прадсказана Сьвятым Духам, што ня ўгледзіць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Гасподняга Хрыста.

І прыйшоў ён у Духу ў святыню; і калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закона,
 
І ён прыйшоў па натхненьню ў сьватыню. І калі бацькі ўносілі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць на Ім законны абрад,

і ён Яго на рукі, добраславіў Бога і сказаў:
 
ён ўзяў Яго на рукі, багаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш Свайго слугу, Уладару, паводле Свайго слова, з мірам;
 
Цяпер адпускаеш Твайго слугу, Валадару, з мірам,

бо мае вочы ўбачылі Тваё збавенне,
 
бо бачылі мае вочы Тваё збаўленьне,

якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў;
 
якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў,

святло на асвячэнне язычнікам і славу Твайго нарлда Ізраіля.
 
сьвятло для аб’яўленьня паганаў і славу Твайго народу Ізраіля.

І Яго бацька і Маці4 здзіўляліся сказанаму пра Яго.
 
Язэп-жа і маці Ягоная дзівіліся з таго, што аб Ім гаварылі.

І добраславіў іх Сімяон і сказаў Марыям, Яго Маці: Вось, Гэты прызначаны на ўпадках і ўзвышэнне многіх у Ізраіле і на знак, якому будуць супярэчыць,
 
І багаславіў іх Сымэон і сказаў Марыі, Ягонай маці: вось Гэты ляжыць на ўпадак і на паўстаньне многіх у Ізраілю і на знак, Якому будуць працівіцца.

і Табе [ж] Самой душу праткне меч, каб адкрыліся думкі многіх сэрцаў.
 
І табе самой меч праніжа душу, каб выявіліся замыслы многіх сэрцаў.

І была прарочыца Ганна, дачка Фануілава, з племя Асірава; яна была на схіле сваіх дзён, пражыўшы з мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва,
 
І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава з Асіравага пакаленьня, яна была ў старым веку, жыўшы з мужам ад дзявоцтва сем гадоў,

удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўночы і ўдзень.
 
ўдава гадоў васьмідзесяцёх чатырох, каторая не адходзячы ад сьвятыні, постам і малітваю служыла Богу дзень і ноч.

І ў гэтую самую гадзіну, падышоўшы, яна славіла Бога і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Іерусаліма.
 
І яна ў той час прыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла аб Ім усім, хто жадаў выбаўленьня Ізраіля.

І, калі яны закончылі ўсё паводле Закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у свой горад Назарэт.
 
І калі яны выканалі ўсё паводля Гасподняга закону дык вярнуліса ў Галілею ў сваё места Назарэт.

А Дзіцятка расло і ўмачоўвалася [духам], напаўняючыся мудрасцю, і ласка Божая была на Ім.
 
Дзіцятка-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю і Божая ласка была на Ім.

І Яго бацькі штогод хадзілі ў Іерусалім на свята Пасхі.
 
І кожны год Ягоныя бацькі хадзілі ў Ерузалім на сьвята Пасхі.

І, калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі туды5, як зазвычай на свята,
 
І калі Ён быў дванаццацёхгадовы, прыйшлі яны як звычайна ў Ерузалім на сьвята.

і калі, па заканчэнні гэтых дзён, вярталіся, Хлопчык Ісус застаўся ў Іерусаліме, а Яго бацькі6 не ведалі пра гэта.
 
Калі-ж па сканчэньні дзён сьвята яны варочаліся, астаўся хлопчык Ісус у Ерузаліме. І не заўважылі гэтага Язэп і Ягоная Маці,

Думаючы ж, што Ён разам са спадарожнікамі, прайшлі яны дзень дарогі і пачалі расшукваць Яго між сваякоў і знаёмых,
 
думаючы, што Ён ідзе з другімі. Прайшоўшы-ж дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.

і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Іерусалім, расшукваючы Яго.
 
І не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў святыні, калі Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
 
І сталася пасьля трох дзён знайшалі Яго ў сьвятыні як сядзеў між вучыцялёў, слухаючы і пытаючыся ў іх.

і ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся Яго розуму і адказам.
 
Усе, што слухалі, дівіліся з Ягонага розуму і адказаў.

І, убачыўшы Яго, яны былі ўражаныя, і Яго Маці сказала Яму: Сыне, чаму Ты нам зрабіў так? Вось, Твой боцька і Я змучыліся, шукаючы Цябе.
 
І ўгледзеўшы Яго, зьдзівіліся; і сказала Яму Ягоная Маці: Дзіця, што Ты зрабіў нам? Вось Твой бацька і Я з вялікаю трывогаю шукалі Цябе.

І Ён сказаў ім: Чаму ж вы шукалі Мяне? Хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Майму Бацьку?
 
І сказаў ім: нашто было Мяне шукаць? Ці-ж вы ня ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Майму Айцу?

Ды яны не зразумелі слова, якое сказаў ім.
 
Але яны не разумелі слоў, што сказаў ім.

І Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І яго Маці захоўвала ўсе [гэтыя] словы ў Сваім сэрцы.
 
Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмяны ім. А Ягоная Маці захоўвала ўсе тыя словы ў сваім сэрцы.

А Ісус узрастаў у мудрасці і гадах, і любові ў Бога і людзей.
 
Ісус-жа рос мудрасцю і ростам ды ў ласцы ў Бога і ў людзей.