Лукаша 24 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка
А ў першы дзень тыдня на досвітку прыйшлі яны [і некаторыя з імі], несучы падрыхтаваныя духмянасці.
Ў першы дзень тыдня дужа рана жанчыны прыйшлі да гробу, нясучы прыгатаваныя пахашчы,
Але знайшлі, што камень адвалены ад магільні,
але знайшлі камень адвалены ад гробу.
і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.
І ўвайшоўшы не знайшлі цела Госпада Ісуса.
І сталася: калі яны былі ў разгубленасці ад гэтага раптам паўсталі перад імі два чалавекі ў бліскучых шатах.
І сталася, калі яны ня зналі, што думаць аб гэтым, зьявіліся перад імі два чалавекі ў зьзярчым адзеньні.
Калі ж яны, перапалоханыя, схілілі твары да зямлі, тыя сказалі ім: Што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
Калі-ж яны ад страху схілілі галовы да зямлі, тыя сказалі ім: што вы шукаеце жывога між памёршымі?
Яго тут няма, але Ён уваскрэшаны. Успомніце, як Ён казаў вам, калі яшчэ быў Галілеі,
Яго няма тут. Ён уваскрос; прыгадайце, як Ён казаў вам, калі яшчэ быў у Галілеі,
кажучы пра Сына Чалавечага, што Ён павінен быць выдадзеным у рукі грэшных людзей і быць укрыжаваным і на трэці дзень уваскрэснуць.
кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выданы ў рукі грэшных людзей і будзе расьпяты, і на трэці дзень уваскросьне.
І яны ўспомнілі Яго словы.
І яны ўспомнілі Ягоныя словы.
І, вярнуўшыся ад магільні, паведамілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім астатнім.
І вярнуўшыся ад гробу паведамілі адзінаццацёх і ўсіх другіх аб гэтым.
А былі Магдаліна Марыя, і Іаанна, і Марыя Іякава, і астатнія з імі. Яны расказалі гэта Апосталам,
Былі-ж гэта: Марыя Магдаліна і Іванна, і Марыя маці Якава, і другія з імі, што сказалі аб гэтым апосталам.
і паказаліся ім нібы прыдумкаю гэтыя [іх] словы, і не паверылі ім.
І здаліся ім іхныя словы пустымі і не паверылі ім.
Але Пётр, устаўшы, пабег да магільні і, нахіліўшыся, бачыць, [што ляжаць] адны кужэльныя палосы; і ён пайшоў назад, дзівячыся, што адбылося.
Але Пятро, устаўшы, пабег да гробу, і нахіліўшыся, убачыў толькі палотны, і пайшоў назад, дзіўлючыся сам у сабе з таго, што сталася.
І вось два з іх у гэты самы дзень ішлі ў сяло, што ляжала шэсцьдзясят стадыяў ад Іерусаліма, і называлася Эмаус.
У той-жа дзень двух з іх ішлі ў вёску, адлеглую ад Ерузаліма шесьцьдзесят стадыяў, званую Эмаус;
І яны размаўлялі між сабою пра ўсе гэтыя падзеі.
і гутарылі з сабою аб усіх тых здарэньнях.
І сталася: калі яны размаўлялі і разважалі, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі,
І сталася, як яны гутарылі ды разважалі між сабою вось Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі,
вочы ж іх былі стрмліваны, каб не пазнаць Яго.
але іхныя вочы былі стрыманы, каб Яго не пазналі.
І Ён сказаў ім: Пра што гэта вы гутарыце між сабою ў дарозе? — І яны, сумныя, спыніліся62.
Ён-жа сказаў ім: аб чым вы гутарыце між сабою і чаму вы такія сумныя?
У адказ жа адзін, імем Кляопа, сказаў Яму: Ты хіба адзін прышлы ў Іерусаліме не ведаеш, што адбылося ў ім у гэтыя дні?
Адзін з іх, па імені Клеопа, сказаў Яму: ці ты адзін з тых, што прыйходзілі ў Ерузалім, ня ведаеш, што сталася там у гэтыя дні?
І спытаўся ў іх: Што ж такое? — Яны ж сказалі Яму: Ды з Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, магутны ў справе і ў слове перад Богам і ўсім народам;
І сказаў ім: што? Яны сказалі Яму: што было з Ісусам Назаранінам, Каторы быў прарок магутны ў слове і дзеле перад Богам і ўсім народам;
і як выдалі Яго першасвятары і нашы начальнікі на смяротны прысуд і ўкрыжавалі Яго.
як Яго выдалі архірэі ды нашыя начальнікі на сьмяротны прысуд і раскрыжавалі Яго.
А мы спадзяваліся, што Ён Той, Які павінен вызваліць Ізраіля. А да ўсяго гэтага ідзе63 трэці дзень з таго часу, як гэта адбылося.
А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць той, што павінен збавіць Ізраіля. А да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася;
Але і некаторыя з нашых жанчын уразілі нас: пабываўшы раным рана каля магільні
але некаторыя жанчыны з нашых стрывожылі нас. Яны да дня былі ля гробў
і не знайшоўшы Яго цела, яны прыйшлі і сказалі, што бачылі і з’явенне Анёлаў, якія кажуць, што Ён жыве.
і не знайшлі Ягонага цела, і прыйшоўшы сказалі, што яны бачылі зьяўленьне ангелаў, якія сказалі, што Ён жывы.
І пайшлі некаторыя з нашых да магільні і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі.
І пайшлі некаторыя з нас да гробу і знайшлі так, як казалі жанчыны, але Яго ня бачылі.
І Ён сказаў ім: О, неразважлівыя і марудлівыя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што сказалі прарокі!
Тады Ён сказаў ім: О бязмысныя і сэрца лянога да веры ўсяму, што прадказалі прарокі!
Ці не гэта трэба было перацярпець Хрысту і ўвайсці ў Сваю славу?
Ці-ж ня гэтак і трэба было цярпець Хрысту і так увайсьці ў Сваю славу?
І, пачаўшы ад Маісея і ад усіх прарокаў, тлумачыў ім ва ўсіх Пісаннях тое, што было пра Яго.
І пачаўшы ад Майсея і прарокаў, выясьняў ім усё напісанае аб Ім.
І наблізіліся яны да сяла, куды ішлі, і Ён зрабіў выгляд, што ідзе далей.
І падыйшлі яны да тае вёскі, куды ішлі, і Ён паказаў ім від, што хоча йсьці далей,
Але яны затрымлівалі Яго, кажучы: Застанься з намі, бо вечарэе і дзень ужо канчаецца. — І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
але яны затрымалі Яго, кажучы: астанься з намі, бо ўжо дзень схіліўся да вечара. І Ён увайшоў і застаўся з імі.
І сталася: калі Ён узлёг з імі, то, узяўшы хлеб, дабраславіў і, пераламаўшы, падаваў ім.
І калі Ён сядзеў за сталом з імі, то ўзяўшы хлеб, багаславіў, паламаў і падаў ім.
І ім адкрыліся вочы, і пазналі Яго; але Ён стаў нябачны для іх.
І тады ў іх адчыніліся вочы і яны пазналі Яго, але Ён зьнік з іхных вачэй.
І сказалі яны адзін аднаму: Ці не гарэла наша сэрца [ў нас], калі Ён казаў нам у дарозе, калі Ён раскрываў нам Пісанні?
І яны сказалі адзін аднаму: ці-ж не гарэла ў нас нашае сэрце, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі выясьняў Пісаньне?
І, устаўшы, у тую ж гадзіну яны вярнуліся ў Іерусалім і знайшлі ў зборы адзінаццаць Апосталаў і тых, што з імі,
І ўстаўшы ў той-жа час, вярнуліся ў Ерузалім і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і быўшых з імі,
якія казалі, што Госпад сапраўды быў уваскрэшаны і паказаў Сіману.
якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.
А яны расказвалі, што было ў дарозе, і як пазналі Яго ў пераламленні хлеба.
І яны расказалі, што здарылася ў дарозе і як пазналі Яго па ламаньні хлеба.
А калі яны казалі пра гэта, Ён64 Сам стаў сярод іх і кажа ім: Мір вам!
Калі яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў паміж Сваіх вучнаў і сказаў ім: мір вам!
Яны ж, зжахнуўшыся і перапалохаўшыся, думалі, што бачаць духа.
Яны-ж здумеўшыся і спалохаўшыся, думалі, што бачаць духа.
І Ён сказаў ім: Чаго вы ўзрушыліся і чаму сумненні ўваходзяць у вашы сэрцы?
І сказаў ім: чаго вы затрывожаны і чаму сумнівы ўвайходзяць у вашыя сэрцы?
Паглядзіце на Мае рукі і Мае ногі: гэта Я Сам; памацайце Мяне і паглядзіце, бо дух не мае цела і касцей, Я ж, як бачыце, маю.
Глядзеце на Мае рукі і на Мае ногі; гэта Я сам. Дакранецеся да Мяне і прыгледзьцеся; дух-жа ня мае цела і касьцей, што, як бачыце, Я маю.
І, гэта сказаўшы, Ён паказаў ім рукі і ногі.
І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
Калі ж яны ад радасці яшчэ не верылі і здзіўляліся, Ён сказаў ім: Ці ёсць у вас тут якая яда?
Калі-ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзівіліся, сказаў ім: ці маеце тут якую ежу?
І яны падалі Яму кавалак печанай рыбы; [і пчаліных сотаў].
Яны падалі Яму кусок печанае рыбы і мёду ў сотах.
І, узяўшы, перад імі з’еў.
І ўзяўшы еў перад імі.
І сказаў ім: Гэта Мае словы, што Я казаў вам, калі яшчэ быў з вамі: трэба, каб спраўдзілася ўсё, што напісана пра Мяне ў Маісеевым законе, і ў прарокаў, і псалмах.
І сказаў ім: вось тое, аб чым Я вам гаварыў, яшчэ як быў з вамі, што павінна выпаўніцца ўсё напісанае аба Мне ў Майсеевым законе і ў прароках ды ў псальмах.
Тады Ён адкрыў ім розум для зразумення Пісанняў;
Тады адчыніў ім розум разумець Пісаньне.
І сказаў ім: Так напісана, што Хрыстос павінен адпакутаваць і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень,
І сказаў ім: так напісана і так належала Хрысту цярпець і ўваскроснуць з памёршых на трэці дзень,
і каб Яго імем было абвешчана пакаянне дзеля даравання грахоў усім народам, пачынаючы з Іерусаліма.
і каб была абвяшченая ў Ягонае імя пакута і адпушчэньне грахоў між усіх народаў, пачынаючы ад Ерузаліму.
Вы сведкі гэтаму.
А вы сьведкі гэтага.
І [вось] Я пасылаю абяцанае Маім Бацькам на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе [Іерусаліме] пакуль не ўмацуецеся65 сілаю з вышыні.
І вось Я пасылаю на вас абяцанае Маім Айцом, вы-ж аставайцеся ў месьце, пакуль не адзенецеся сілаю звыш.
І Ён вывеў іх з горада да самай Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, добраславіў іх.
І вывеў іх з места ў Бэтанію і, падняўшы рукі Свае, багаславіў іх.
І сталася: калі добраслаўляў іх, Ён аддаліўся ад іх і быў узнесены ў неба.
І сталася, як багаславіў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўздымацца на неба.
І яны, упаўшы ніцма перад Ім, вярнуліся ў Іерусалім з вялікаю радасцю,
І яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерузалім з вялікаю радасьцю.
і былі заўсёды у святыні, [хвалячы і] добраслаўляючы Бога. [Амін].
І былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і багасловачы Бога.