Лукаша 2 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І сталася ў тыя дні: ад кесара Аўгуста выйшла пастанова зрабіць перапіс па ўсёй населенай зямлі3.
 
І сталася ў тыя дні, выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб сьпісаць увесь сьвет.

Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй уладарыў Квірыній.
 
Гэты першы сьпіс быў зроблены начальнікам Сырыі Цырынам.

І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
 
І ішлі ўсе, каб запісацца, кожны ў сваё места.

І пайшоў таксама Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Вілеем, бо быў ён з дому і роду Давідавага,
 
Пайшоў-жа і Язэп з Галілеі, з места Назарэту, у Юдэю, у места Давіда, якое завецца Бэтлеем, затым што быў з дому і роду Давіда,

Каб запісацца з Марыям, з ім заручонаю [жанчынаю], якая была цяжарная.
 
каб запісацца з Марыяй, пашлюбаванай з ім жонкай, якая была ўцяжку.

І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні, каб радзіць ёй,
 
Сталася-ж, калі яны там былі, выпаўніліся дні, каб радзіла.

і нарадзіла Яна Сына, Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было месца ім ў гасцініцы.
 
І нарадзіла сына свайго первароднага, і спавіла яго ў пялёнкі і палажыла яго ў жолабе, бо ня было ім месца ў заезьдзе.

А былі ў той самай ваколіцы пастухі, што жылі ў полі і сцераглі ўночы свой статак.
 
І былі ў тэй-жа ваколіцы пастухі, якія ня спалі, адбываючы начныя варты каля сваей стады.

І [вось] Анёл Гасподні паўстаў перад імі, і слава Гасподняя азарыла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
 
І вось анёл Пана стаў каля іх і яснасьць Божая адусюль іх асьвяціла і агарнуў іх вялікі страх.

І сказаў ім Анёл: Не бойцеся, бо вось я добравешчу вам вялікую радасць, якая будзе ўсяму народу,
 
І сказаў ім анёл: Ня бойцеся, бо вось абвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе для ўсяго народу,

бо сёння ў горадзе Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад.
 
што вам сяньня ў месьце Давіда нарадзіўся Збаўца, каторы ёсьць Хрыстус Пан.

І гэта вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае, якое будзе ляжаць у яслях.
 
І гэты вам знак: Знойдзеце дзіця, спавітае ў пялёнкі і паложанае ў жолабе.

І раптам з’явілася разам з Анёлам мноства нябеснага войска, хвалячы Бога і кажучы:
 
І зараз зьявілася з анёлам мноства войска нябеснага, хвалячых Бога і кажучых:

Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, людзям — добрая воля!
 
Слава на вышыні Богу, і на зямлі супакой людзям добрае волі.

І сталася: калі адышлі ад іх Анёлы ў неба, пастухі казалі адзін аднаму: Хадзем тады ў Вілеем і паглядзім, што там адбылося, пра што Госпад даў знаць нам.
 
І сталася, калі анёлы адыйшлі ад іх да неба, пастухі гаварылі адзін да другога: Пойдзем аж у Бэтлеем і паглядзім таго слова, якое сталася, якое паказаў нам Пан.

І, спяшаючыся, прыйшлі і знайшлі Марыям, Іосіфа і Дзіцятка, што ляжала ў яслях;
 
І прыйшлі сьпяшаючы, і знайшлі Марыю і Язэпа і дзіця паложанае ў жолабе.

убачыўшы ж, яны расказалі пра слова, якое ім было абвешчана пра Гэтае Дзіцятка.
 
А ўбачыўшы, расказвалі аб слове, якое было ім сказана аб гэтым дзіцяці.

І ўсе, пачуўшы, здзівіліся таму, што казалі ім пастухі.
 
І ўсе, што чулі, дзівіліся з таго, што да іх пастухі гаварылі.

А Марыям захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў Сваім сэрцы.
 
А Марыя перахоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны пачулі і ўбачылі, як ім было сказана.
 
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

І калі споўнілася восемь дзён, і належала абрэзаць Яго, далі Яму імя Ісус, названае Анёлам перш, чым Ён быў зачаты ва ўлонні.
 
І калі мінула восем дзён, каб было абрэзана дзіця, далі яму імя Езус, якое было названа анёлам перш, чым ён зачаўся ў лоне.

І, калі споўніліся дні іх ачышчэння паводле Маісеевага Закона, прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Госпаду,
 
І калі выпаўніліся дні ачышчэньня яе паводле закону Майсея, занясьлі яго ў Ерузалім, каб ставіць яго Пану,

Як напісана ў Законе Гасподнем: «Кожная мужчынская істота, што раскрывае матчына ўлонне будзе пасвечана Госпаду»,
 
як напісана ёсьць у законе Пана: Што «кожны первародны мужчынскага роду будзе названы сьвятым Пану» (Вых. 13:2),

і каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў Законе Гасподнім: пару туркавак або двух галубянят.
 
і каб даць ахвяру, паводле таго, што сказана ў законе Пана, пару туркоў або два галубкі.

І вось, быў у Іерусаліме чалавек, якому імя Сімяон, і чалавек гэты, праведны і набожны, чакаў суцяшэння Ізраіля, і Святы Дух быў на ім;
 
І вось быў у Ерузаліме чалавек, якому на імя Сымон, а чалавек гэты справядлівы і багабойны, чакаючы пацехі Ізраіля, і Дух сьвяты быў у ім.

і была яму абвешчана Святым Духам, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
 
І атрымаў ён аб’яву ад Духа сьвятога, што ня ўбачыць сьмерці, калі перш ня ўгледзіць Хрыстуса Панскага.

І прыйшоў ён у Духу ў святыню; і калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закона,
 
І прыйшоў у Духу ў сьвятыню. І калі ўносілі дзіця Езус бацькі ягоны, каб учыніць за яго паводле звычаю закону,

і ён Яго на рукі, добраславіў Бога і сказаў:
 
узяў і ён яго на рукі свае, і багаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш Свайго слугу, Уладару, паводле Свайго слова, з мірам;
 
Цяпер адпускаеш слугу твайго, Пане, паводле слова твайго, у супакою,

бо мае вочы ўбачылі Тваё збавенне,
 
бо вочы мае ўбачылі збаўленьне тваё,

якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў;
 
якое прыгатовіў ты перад воблікам усіх народаў:

святло на асвячэнне язычнікам і славу Твайго нарлда Ізраіля.
 
Сьвятло на асьвячэньне паганаў і славу народу твайго Ізраільскага.

І Яго бацька і Маці4 здзіўляліся сказанаму пра Яго.
 
А бацька ягоны і матка дзівіліся з таго, што гаварылася аб ім.

І добраславіў іх Сімяон і сказаў Марыям, Яго Маці: Вось, Гэты прызначаны на ўпадках і ўзвышэнне многіх у Ізраіле і на знак, якому будуць супярэчыць,
 
І багаславіў іх Сымон і сказаў да Марыі, маткі ягонай: Вось гэты паложаны ёсьць на ўпадак і на паўстаньне многіх у Ізраілю, і на знак, якому працівіцца будуць;

і Табе [ж] Самой душу праткне меч, каб адкрыліся думкі многіх сэрцаў.
 
і праз тваю ўласную душу пройдзе меч, каб былі выяўлены думкі з многіх сэрцаў.

І была прарочыца Ганна, дачка Фануілава, з племя Асірава; яна была на схіле сваіх дзён, пражыўшы з мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва,
 
І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з пакаленьня Асэра. Яна была пажылая ў днях сваіх, і жыла з сваім мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва,

удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўночы і ўдзень.
 
а была яна ўдавою аж да восемдзесят чатырох гадоў. Яна не адыходзіла ад сьвятыні, постамі і малітвамі служачы і ўдзень і ўначы.

І ў гэтую самую гадзіну, падышоўшы, яна славіла Бога і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Іерусаліма.
 
І яна, у гэту самую гадзіну надыйшоўшы, славіла Пана і гаварыла аб ім усім, якія чакалі адкупленьня Ізраіля.

І, калі яны закончылі ўсё паводле Закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у свой горад Назарэт.
 
І калі споўнілі ўсё паводле закону Пана, вярнуліся ў Галілею, у сваё места Назарэт.

А Дзіцятка расло і ўмачоўвалася [духам], напаўняючыся мудрасцю, і ласка Божая была на Ім.
 
А дзіця расло і набірала сілы, поўнае мудрасьці, і ласка Божая была ў ім.

І Яго бацькі штогод хадзілі ў Іерусалім на свята Пасхі.
 
І хадзілі бацькі ягоны праз усе гады ў Ерузалім на ўрачысты дзень Пасхі.

І, калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі туды5, як зазвычай на свята,
 
І калі яму было дванаццаць гадоў, яны прйшлі ў Ерузалім паводле звычаю сьвяточнага дня,

і калі, па заканчэнні гэтых дзён, вярталіся, Хлопчык Ісус застаўся ў Іерусаліме, а Яго бацькі6 не ведалі пра гэта.
 
і скончыўшы дні, калі варочаліся, асталося дзіця Езус у Ерузаліме, і ня ведалі бацькі ягоны.

Думаючы ж, што Ён разам са спадарожнікамі, прайшлі яны дзень дарогі і пачалі расшукваць Яго між сваякоў і знаёмых,
 
А думаючы, што ён ёсьць у дружыне, увайшлі дзень дарогі і шукалі яго між сваякамі і знаёмымі.

і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Іерусалім, расшукваючы Яго.
 
І не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы яго.

І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў святыні, калі Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
 
І сталася, пасьля трох дзён знайшлі яго ў сьвятыні, як сядзеў пасярод вучоных, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.

і ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся Яго розуму і адказам.
 
Усе-ж, каторыя слухалі яго, дзівіліся з розуму і адказаў ягоных.

І, убачыўшы Яго, яны былі ўражаныя, і Яго Маці сказала Яму: Сыне, чаму Ты нам зрабіў так? Вось, Твой боцька і Я змучыліся, шукаючы Цябе.
 
І ўбачыўшы зьдзівіліся; і сказала да яго матка ягона: Сыне, нашто ты нам зрабіў гэтак? Вось айцец твой і я гаротныя шукалі цябе.

І Ён сказаў ім: Чаму ж вы шукалі Мяне? Хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Майму Бацьку?
 
І сказаў ім: Чаго-ж вы мяне шукалі? Ці вы ня ведалі, што трэба мне быць у тых справах, якія ёсьць Айца майго?

Ды яны не зразумелі слова, якое сказаў ім.
 
А яны не разумелі слова, якое сказаў ім.

І Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І яго Маці захоўвала ўсе [гэтыя] словы ў Сваім сэрцы.
 
І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў ім падданы. А матка ягона ўсе гэтыя словы перахоўвала ў сэрцы сваім.

А Ісус узрастаў у мудрасці і гадах, і любові ў Бога і людзей.
 
А Езус рос у мудрасьці, і ў гадох, і ў ласцы ў Бога і ў людзей.