Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
І сталася: неўзабаве пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і сёлах, абвяшчаючы і добравесцячы Царства Божае, і з Ім дванаццаць,
І сталася потым, і хадзіў ён па местах і сёлах, навучаючы і абвяшчаючы каралеўства Божае, і дванаццацёх з ім.
і некаторыя жанчыны, што былі вылечаны ад ліхіх духаў і немачаў: Марыя, званая Магдалінаю, з якой выйшла сем дэманаў,
і некаторыя жанчыны, што былі аздароўлены ад злых духаў і немачаў: Марыя, якая завецца Магдалена, з якой выйшла сем д’яблаў,
і Іаанна, жонка Худзы, Ірадавага аканома, і Сусанна, і многія іншыя, што служылі ім13 сваёю маёмасцю.
і Ёанна, жонка Хузы, Гэрадавага эканома, і Зузанна, і многа другіх, якія служылі яму з сваей маемасьці.
Калі ж сабраўся вялікі натоўп і папрыходзілі да Яго з усіх гарадоў, Ён выказаўся прыпавесцю:
Калі-ж зыходзілася вялікая грамада і з местаў сьпяшылі да яго, сказаў праз падабенства:
Выйшаў сейбіт пасеяць сваё насенне. І калі сеяў, адно ўпала край дарогі і было патаптана, і нябесныя птушкі падзяўблі яго.
Выйшаў што сее, сеяць сваё насеньне. І калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго.
А другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
А другое ўпала на скалу і ўзыйшоўшы зсохла, бо ня мела вільгаці.
А іншае ўпала між церняў, ды церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго.
А іншае ўпала паміж церняў, і разам узыйшоўшы, церні заглушылі яго.
А іншае ўпала ў добрую зямлю і, калі вырасла, дало стакротны плён. — Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
А іншае ўпала на добрую зямлю, і ўзыйшоўшы, прынясло плод у-сто-раз. Кажучы гэтае заклікаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!
І Яго вучні пыталіся ў Яго: Што б значыла гэтая прыпавесць?
І пыталіся ў яго вучні ягоны, што знача гэтая прыповесьць.
Ён жа сказаў: Вам дадзена пазнаць таямніцы Царства Божага, а астатнім — у прыпавесцях, каб яны бачачы не бачылі і чуючы не разумелі.
Ён сказаў ім: Вам дадзена знаць тайніцу каралеўства Божага, але другім у прыповесьцях, каб гледзячы ня бачылі, і слухаючы, не разумелі.
Вось што азначае гэтая прыпавесць: насенне — гэта слова Божае.
А прыповесьць знача гэтае: Насеньне — гэта слова Божае.
І якое край дарогі — гэта тыя, што пачулі, пасля прыходзіць д’ябал і забірае слова з іх сэрца, каб яны не ўверавалі і не былі ўратаваны.
А што пры дарозе — гэта тыя, каторыя слухаюць, потым прыходзіць д’ябал і забірае слова з іхнага сэрца, каб уверыўшы ня збавіліся.
А на скале — гэта тыя, што пачуўшы, з радасцю прымаюць слова, ды не маюць кораня, яны вераць да часу і ў часе выпрабавання адступаюць.
Бо што на скале — гэта тыя, каторыя як пачуюць, з радасьцяй прыймаюць слова, але яны ня маюць карэньняў; яны вераць да часу, а ў час спакушэньня адступаюць.
А ўпалае між церняў — гэта тыя, што пачулі, але, жывучы, душацца турботамі, багаццем і жыццёвымі раскошамі і плёну не даюць.
А што ўапала ў церні — гэта тыя, каторыя слухалі і, адыйшоўшы, бываюць заглушаны клапотамі, багацьцем і ўцехамі жыцьця і ня прыносяць плоду.
А на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, берагуць у добрым і шчырым сэрцы і ў стойкасці даюць плод.
А што на добрую зямлю — гэта тыя, каторыя пачуўшы слова ў добрым і шчырым сэрцы затрымоўваюць і прыносяць плод у цярплівасьці.
І ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінаю ці не ставіць пад ложак, а ставіць яго на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
Ніхто-ж, запаліўшы сьвечку, не прыкрывае яе пасудзінай або ставіць пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.
Бо няма нічога таемнага, што не зробіцца яўным, ні схаванага, што не будзе вядомым і не выявіцца.
Бо няма тайнага, што-б ня выявілася, ані скрытага, што-б ня сталася ведамым і ня выйшла наверх.
Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дасца; а хто не мае, у таго забярэцца і тое, што, яму здаецца, ён мае.
Дык глядзеце, як маеце слухаць. Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто-колечы ня мае, у таго будзе аднята і тое, што, як яму здаецца, ён мае.
І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падступіцца да Яго з-за натоўпу.
І прыйшлі да яго маці і браты ягоны, і не маглі падыйсьці да яго дзеля грамады.
І паведамілі Яму: Твая Маці і Твае браты стаяць знадворку і хочуць убачыць Цябе.
І далі яму знаць: Маці твая і браты твае стаяць на дварэ, хочучы цябе бачыць.
Ён да ў адказ сказаў ім: Мая Маці і Мае браты — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
Ён, адказваючы, сказаў да іх: Маці мая і браты мае — гэта тыя, каторыя слухаюць слова Божага і выпаўняюць.
І сталася: аднаго дня Ён і Яго вучні ўвайшлі ў лодку, і Ён сказаў ім: Пераплывем на другі бок возера. — І яны ад’ехалі.
І сталася аднаго дня, і ён увайшоў у лодку і вучні ягоны, і сказаў да іх: Пераплывем на той бок возера. І паплылі.
А калі плылі, Ён заснуў. І наляцеў бурны вецер на возера, і іх пачало заліваць, і яны былі ў небяспецы.
І калі яны плылі, ён заснуў. І надыйшоў на возера бурны вецер, і заліваліся, і былі ў небясьпецы.
І, падышоўшы, яны разбудзілі Яго, кажучы: Настаўніку, Настаўніку, гінем! — І Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляванню вады; і яны супакоіліся, і настала ціша.
Прыступіўшы-ж, збудзілі яго, кажучы: Вучыцель, гінем! А ён устаўшы, прыгразіў ветру і ўзбурэньню вады, і перастала, і зрабілася ціша.
І Ён сказаў ім: Дзе ваша вера? — Яны ж, перапалоханыя, здзівілся, кажучы адзін аднаму: Хто ж Гэты, што загадвае нават вятрам і вадзе, і яны слухаюцца Яго?
І сказаў ім: Дзе-ж вера вашая? Яны, спалохаўшыся, дзівіліся, адзін да другога кажучы: Хто, думаеш, ён ёсьць, што загадывае і вятром і мору, і слухаюць яго?
І прыплылі ў краіну герасінцаў14, што насупроць Галілеі.
І прыплылі да краіны Гэразэнаў, што ёсьць наўпроць Галілеі.
Калі ж Ён выйшаў на зямлю, перастрэў Яго адзін чалавек з горада, апантаны дэманамі; і даволі доўгі час ён не надзяваў вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
І калі выйшаў на зямлю, пераняў яго адзін чалавек, каторы меў д’ябэльства ўжо з даўных часоў; і не накладаў ён адзеньня, і ня жыў у доме, але ў грабох.
Убачыўшы ж Ісуса, ён закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Малю Цябе, не муч мяне.
Ён, як убачыў Езуса, упаў перад ім, і закрычаўшы вялікім голасам, сказаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Малю цябе, ня муч мяне!
Бо Ён загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека. Бо доўгі час ён хапаў яго і звязалі таго ланцугамі і кайданамі і сцераглі, ды ён разрываў аковы, і дэман гнаў яго ў пустэльні.
Бо загадываў духу нячыстаму, каб выйшаў з чалавека. Бо з даўных часоў хватаў яго, і быў зьвязваны ланцугамі і сьцеражоны ў кайданах, і парваўшы вязі, быў гнаны д’яблам у пустыню.
І Ісус спытаўся ў яго: Як тваё імя? — Ён да сказаў: Легіён, — таму што шмат дэманаў увайшло ў яго.
Пытаўся-ж у яго Езус, кажучы: Якое ў цябе імя? А ён сказаў «Легіён», бо многа д’яблаў было ўвайшоўшы ў яго.
І яны прасілі Яго, каб не загадаў ім ісці ў бяздонне.
І прасілі яго, каб не загадываў ім ісьці ў бяздоньне.
А там быў вялікі гурт свіней, якія пасвіліся на гары; і папрасілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў тых. І Ён дазволіў ім.
Была-ж там вялікая стада сьвіней, пасучыся на гарэ. І прасілі яго, каб пазволіў ім увайсьці ў іх. І пазволіў ім.
І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней, і рынуўся гурт са стромы ў возера і ўтапіўся.
Дык выйшлі д’яблы з чалавека і ўвайшлі ў сьвіньні. І з разгонам кінулася стада з круцізны ў возера і патанула.
Пастухі ж, убачыўшы, што зрабілася, паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках.
Як убачылі, што сталася, тыя што пасьвілі, уцяклі і далі знаць у горад і ў сёлы.
І тыя выйшлі паглядзець, што здарылася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць у нагах Ісуса апрануты і ў здаровым розуме, і перапалохаліся.
І выйшлі паглядзець, што сталася; і прыйшлі да Езуса, і знайшлі чалавека, сядзячага каля ног ягоных, адзетага і прыздаровым розуме, і спалохаліся.
Відавочцы ж расказалі ім, як быў уратаваны апантаны дэманамі.
А расказалі ім тыя, што бачылі, як ён стаў здаровым ад «Легіёну».
І ўвесь народ Герасінскай ваколіцы папрасіў Яго адысці ад іх, бо вялікі страх ахапіў іх; і Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
І прасіла яго ўсё мноства краіны Гэразэнаў, каб адыйшоў ад іх, бо зьняў іх вялікі страх. Ён-жа ўвайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім; Ён жа адпусціў яго, кажучы:
І прасіў у яго чалавек, з каторага былі выйшаўшы д’яблы, каб быць пры ім. Але Езус адправіў яго, кажучы:
Вяртайся ў свой дом і расказвай, як шмат зрабіў табе Бог. — І той пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, як шмат зрабіў яму Ісус.
Вярніся ў дом твой і раскажы, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Бог. І пайшоў ён, па ўсім горадзе расказваючы, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус.
І калі Ісус вяртаўся, яго прымаў натоўп; бо ўсе чакалі Яго.
І сталася, калі вярнуўся Езус, спаткала яго грамада, бо ўсе чакалі яго.
І вось прыйшоў чалавек імем Іяір, які быў начальнікам сінагогі, і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсці ў яго дом,
І вось прыйшоў чалавек, на імя Яір, а ён быў старшым над бажніцаю; і ўпаў да ног Езуса, просячы яго, каб увайшоў у дом ягоны,
бо ў яго была адзіная дачка гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ён ішоў, натоўпы напіралі на Яго.
бо ў яго была адзіная дачка каля дванаццаці гадоў і тая ўмірала. І здарылася, калі ён ішоў, грамады сьціскалі яго.
І жанчына, што цярпела на крывацёк дванаццаць гадоў і выдала на дактароў усю маёмасць, і ніхто не мог яе вылечыць, —
І адна жанчына, каторая ад дванаццаці гадоў была ў крывацечы, каторая выдала на лекараў ўсю сваю маемасьць і ў ніводнага не магла вылячыцца;
падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго вопраткі, і адразу спыніўся ў яе крывацёк.
падыйшла ззаду і дакранулася да краю ягонай адзежы, і зараз-жа спынілася яе крывацеча.
І Ісус спытаўся: Хто дакрануўся да Мяне? — Калі ж усе адмаўляліся, Пётр сказаў [і тыя, што з ім]: Настаўніку, натоўпы абступілі Цябе і сціскаюць, [а Ты пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?»]
І сказаў Езус: Хто гэта дакрануўся да мяне? Калі-ж усе адпіраліся, сказаў Пётр і тыя, што з ім былі: Вучыцель, грамады ціснуць цябе і душаць, а ты кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?
Ісус жа сказаў: Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
І сказаў Езус: Дакрануўся да мяне нехта, бо я пазнаў, што сіла выйшла з мяне.
Жанчына ж, убачыўшы, што не ўтаілася, падышла дрыжучы і, упаўшы перад Ім, аб’явіла [Яму] перад усім народам, з якое прычыны дакранулася да Яго, і як адразу вылечылася.
А жанчына, бачачы, што не ўтаілася, дрыжучы падыйшла і ўпала да ног ягоных; і аб’явіла перад усім народам, дзеля якое прычыны дакранулася да яго і як зараз аздаравела.
Ён жа сказаў ёй: [Мацуйся], дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі з мірам.
А ён сказаў ей: Дачка, вера твая зрабіла цябе здаровай, ідзі ў супакою.
Калі яшчэ Ён гаварыў, прыходзіць адзін з дому начлаьнікам сінагогі, кажучы: Памерла твая дачка; не турбуй больш Настаўніка.
Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта да старшага над бажніцаю, кажучы яму: Што памерла твая дачка, ня турбуй яго.
Але Ісус, пачуўшы гэта, адказаў яму: Не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратавана.
А Езус, пачуўшы гэтае слова, адказаў бацьку дзяўчыны: Ня бойся, вер толькі і будзе здарова.
І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці з Ім нікому, акрамя Пятра, Іаана і Іякава, і бацькі дзяўчынкі, і маці.
І калі прыйшоў у дом, не пазволіў увайсьці з сабою нікому, апрача Пятра, Якуба, Яна і бацькі і маткі дзяўчыны.
А ўсе плакалі па ёй і білі сябе ў грудзі. Ён жа сказаў: Не плачце, бо яна не памерла, а спіць.
Усе-ж плакалі і галасілі па ей. Але ён сказаў: Ня плачце, дзяўчына не ўмярла, але сьпіць.
І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
І сьмяяліся з яго, ведаючы, што яна памярла.
Ён жа, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: Дзяўчынка, устань!
Ён-жа, узяўшы яе за руку, ускрыкнуў, кажучы: Дзяўчына, устань!
І вярнуўся дух яе, і яна зараз жа ўстала, і Ён распарадзіўся, каб далі ёй есці.
І вярнуўся дух яе, і зараз-жа ўстала. І загадаў даць ей есьці.
І ўразіліся яе бацькі; Ён жа загадаў ім нікому не расказваць пра тое, што адбылося.
І астаўпянелі бацькі яе; ён ім прыказаў, каб нікому не гаварылі, што было сталася.