Лукаша 15 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад В. Гадлеўскага
І набліжаліся да Яго ўсе зборшчыкі падаткаў і грэшнікі, каб слухаць Яго.
І прыбліжаліся да яго мытнікі і грэшнікі, каб слухаць яго.
І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: Гэты чалавек прымае грэшнікаў і есць з імі.
А фарызэі і кніжнікі наракалі, кажучы: Што ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі.
І Ён сказаў ім такую прыпавесць, кажучы:
І сказаў да іх гэтакую прыповесьць, кажучы:
Які чалавек з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакідае дзевяноста дзевяці ў пустэльні і не ідзе па загубленую, пакуль не знойдзе яе?
Каторы з вас чалавек, маючы сто авечак, і згубіўшы адну з іх, ці не пакідае дзевяць дзесяць у пустыні і ня ідзе за згубленымі, аж пакуль ня знойдзе яе?
І, знайшоўшы, кладзе яе на свае плечы, радуючыся,
А знайшоўшы яе, кладзе на плечы свае, радуючыся;
і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Парадуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згубленую авечку».
і прыйшоўшы дамоў, склікае прыяцеляў і суседзяў, кажучы ім: Цешцеся са мною, бо я знайшоў авечку маю, каторая была згінуўшы.
Кажу вам, што гэтак радасць на небе будзе большая за аднаго грэшніка, які каецца, чым за дзевяноста дзевяць праведнікаў, што не маюць патрэбы ў пакаянні.
Кажу вам, што так будзе радасьць у небе з аднаго грэшніка, чынячага пакуту, чым з дзевяцьдзесят дзевяцёх справядлівых, якія не патрабуюць пакуты.
Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, не запальвае святло і не мяце дом, і не шукае рупна, пакуль не знойдзе?
Або якая жанчына, маючая дзесяць драхмаў, калі-б згубіла адну драхму, ці не запальвае сьветача і выметае дом і шукае пільна, пакуль ня знойдзе?
І, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак, кажучы: «Парадуйцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую згубіла».
А знайшоўшы, склікае прыяцеляк і суседак, кажучы: Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіўшы.
Гэтаксама, кажу вам, бывае радасць у Анёлаў Божых за аднаго грэшніка, што каецца.
Так, кажу вам, будзе радасьць у анёлаў Божых з аднаго грэшніка, чынячага пакуту.
І Ён сказаў: У аднаго чалавека было два сыны.
І сказаў: Нейкі чалавек меў двух сыноў.
І малодшы з іх сказаў бацьку: Тата, дай мне належную частку маёмасці. — І той падзяліў паміж імі дабро.
І сказаў малодшы з іх бацьку: Ойча, дай мне часьць маемасьці, якая на мяне прыпадае. І падзяліў ім маемасьць.
І як мінула трохі дзён, малодшы сын, сабраўшы ўсё, падаўся ў далёкую краіну і там спусціў сваю маёмасць, жывучы распусна.
І пасьля нямногіх дзён, сабраўшы ўсё, малодшы сын ад’ехаў у далёкі край і там, распусна жывучы, пусьціў сваю маемасьць.
А калі ўсё змарнаваў, настаў моцны голад у той краіне, і ён пачаў цярпець нястачу.
Калі-ж пражыў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён пачаў гараваць.
І, прыйшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней,
І пайшоў і прыстаў да аднаго з грамадзян таго краю. І паслаў яго ў сваю сялібу пасьвіць сьвіней.
І ён прагнуў наесціся ражкоў37, якія елі свінні, ды ніхто не давай яму.
І рад-бы быў напоўніць свой жывот струччом, якое елі сьвіньні, але ніхто яму не даваў.
І, апамятаўшыся, ён сказаў: Колькі наймітаў у майго бацькі маюць хлеба ўдосталь, а я тут гіну з голаду.
І ўвайшоўшы ў сябе, сказаў: Сколькі наймітаў у доме бацькі майго маюць удоваль хлеба, а я тут з голаду гіну!
Устану, пайду да майго бацькі і скажу яму: «Татухна, саграшыў я супроць неба і перад табою,
Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, саграшыў я проціў неба і перад табою;
я ўжо не варты называцца тваім сынам; прымі мяне як аднаго з тваіх наймітаў».
ужо я ня варт называцца сынам тваім; зрабі мяне, як аднаго з наймітаў тваіх.
І, устаўшы, пайшоў да свайго бацькі. І калі ён яшчэ быў далёка, яго бацька ўбачыў яго і зжаліўся і, пабегшы, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго.
І ўстаўшы пайшоў да бацькі свайго. Калі-ж быў яшчэ далёка, угледзеў яго бацька ягоны і зьлітаваўся, і прыбегшы, кінуўся яму на шыю і пацалаваў яго.
І сын сказаў яму: Татухна, саграшыў я супроць неба і перад табою, я ўжо не варты называцца тваім сынам.
І сказаў яму сын: Ойча, саграшыў я проціў неба і перад табою, ужо я ня варт называцца сынам тваім.
Але бацька сказаў сваім слугам: Хутка вынесьце найлепшыя шаты і ўбярыце яго і дайце рерсцень яму на руку і сандалі на ногі,
І сказаў бацька да сваіх слугаў: Скора прынясеце першую адзежу і адзеньце яго; і дайце персьцень на руку ягону і абутак на ногі ягоны.
І вядзіце кормнае цяля, закаліце, будзем есці і весяліцца,
І прывядзеце кормнае цялё і забеце, і будзем есьці і весяліцца,
бо гэты мой сын быў мёртвы і ажыў, быў прапаў і знайшоўся. — І пачалі весяліцца.
бо гэты сын мой быў памёр і ажыў, быў згінуў і знайшоўся. І пачалі весяліцца.
А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вяртаючыся, наблізіўся да дому, пачуў ён музыку і танцы,
А старшы сын ягоны быў у полі. І калі ідучы прыбліжаўся да дому, пачуў музыку і скокі,
і, паклікаўшы аднаго са слуг, спытаўся, што гэта.
і паклікаў аднаго са слуг і спытаўся, што-б гэта было?
І той сказаў яму: Твой брат прыйшоў, і бацька твой закалоў кормнае цяля, бо здаровым яго зноў сустрэў.
Той-жа сказаў яму: Брат твой прыйшоў; і забіў бацька твой кормнае цялё, што здаровым яго дастаў.
І ён разгневаўся і не хацеў увайсці, і яго бацька, выйшаўшы, прасіў яго.
І загневаўся, і не хацеў увайсьці. Дык бацька ягоны, выйшаўшы, пачаў прасіць яго.
І ў адказ ён сказаў свайму бацьку: Вось гэтулькі гадоў я служу табе і ніколі твайго загаду не пераступіў, а мне ты ніколі не даў казляняці, каб я з маімі сябрамі павесяліўся;
Але ён адказваючы сказаў свайму бацьку: Вось я толькі гадоў служу табе і ніколі не перступіў твайго прыказаньня, а ты ніколі не даў мне казьляці, каб я павесяліўся з прыяцелямі маімі.
а калі гэты твой сын, што з распусніцамі праеў тваё дабро, прыйшоў, ты закалоў яму кормнае цяля.
Але калі прыйшоў гэты сын твой, каторы праеў сваю маемасьць з блудніцамі, ты забіў для яго кормнае цялё.
Ён жа сказаў яму: Дзетка, ты заўсёды са мною і ўсё маё — тваё.
А ён сказаў яму: Сыне, ты заўсёды са мною, і ўсё маё тваё ёсьць.
Але трэба было весяліцца і радавацца, бо гэты твой брат быў мёртвы і ажыў, [быў] загінуў і знайшоўся.
А весяліцца і радавацца трэба было, што гэты брат твой быў памёр і ажыў, быў згінуў і знайшоўся.