Лукаша 2 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася ў тыя дні: ад кесара Аўгуста выйшла пастанова зрабіць перапіс па ўсёй населенай зямлі3.
І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце.
Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй уладарыў Квірыній.
Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сірыі.
І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
І пайшоў таксама Іосіф з Галілеі, з горада Назарэта, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Вілеем, бо быў ён з дому і роду Давідавага,
Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда,
Каб запісацца з Марыям, з ім заручонаю [жанчынаю], якая была цяжарная.
запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная.
І сталася: калі яны былі там, споўніліся дні, каб радзіць ёй,
І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй;
і нарадзіла Яна Сына, Свайго Першынца, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслях, бо не было месца ім ў гасцініцы.
і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла Яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы.
А былі ў той самай ваколіцы пастухі, што жылі ў полі і сцераглі ўночы свой статак.
І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы каля статку свайго.
І [вось] Анёл Гасподні паўстаў перад імі, і слава Гасподняя азарыла іх, і вялікі страх ахапіў іх.
І вось, стаў перад імі анёл Госпада, і слава Госпада асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
І сказаў ім Анёл: Не бойцеся, бо вось я добравешчу вам вялікую радасць, якая будзе ўсяму народу,
І сказаў ім анёл: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам радасьць вялікую, якая будзе ўсяму народу,
бо сёння ў горадзе Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, Які ёсць Хрыстос Госпад.
бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад.
І гэта вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае, якое будзе ляжаць у яслях.
І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях».
І раптам з’явілася разам з Анёлам мноства нябеснага войска, хвалячы Бога і кажучы:
І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое хваліла Бога і казала:
Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, людзям — добрая воля!
«Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне».
І сталася: калі адышлі ад іх Анёлы ў неба, пастухі казалі адзін аднаму: Хадзем тады ў Вілеем і паглядзім, што там адбылося, пра што Госпад даў знаць нам.
І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад».
І, спяшаючыся, прыйшлі і знайшлі Марыям, Іосіфа і Дзіцятка, што ляжала ў яслях;
І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях.
убачыўшы ж, яны расказалі пра слова, якое ім было абвешчана пра Гэтае Дзіцятка.
І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае.
І ўсе, пачуўшы, здзівіліся таму, што казалі ім пастухі.
І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі.
А Марыям захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў Сваім сэрцы.
А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім.
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што яны пачулі і ўбачылі, як ім было сказана.
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
І калі споўнілася восемь дзён, і належала абрэзаць Яго, далі Яму імя Ісус, названае Анёлам перш, чым Ён быў зачаты ва ўлонні.
І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні.
І, калі споўніліся дні іх ачышчэння паводле Маісеевага Закона, прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Госпаду,
І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле Закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам,
Як напісана ў Законе Гасподнем: «Кожная мужчынская істота, што раскрывае матчына ўлонне будзе пасвечана Госпаду»,
як напісана ў Законе Госпада: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпада»,
і каб прынесці ахвяру паводле сказанага ў Законе Гасподнім: пару туркавак або двух галубянят.
і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў Законе Госпада, пару туркавак ці двух галубянятак.
І вось, быў у Іерусаліме чалавек, якому імя Сімяон, і чалавек гэты, праведны і набожны, чакаў суцяшэння Ізраіля, і Святы Дух быў на ім;
І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім.
і была яму абвешчана Святым Духам, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага.
І прыйшоў ён у Духу ў святыню; і калі бацькі прынеслі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле закона,
І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле Закону,
і ён Яго на рукі, добраславіў Бога і сказаў:
ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў:
Цяпер адпускаеш Свайго слугу, Уладару, паводле Свайго слова, з мірам;
«Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі,
бо мае вочы ўбачылі Тваё збавенне,
бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё,
якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў;
якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў,
святло на асвячэнне язычнікам і славу Твайго нарлда Ізраіля.
сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго, Ізраіля».
І Яго бацька і Маці4 здзіўляліся сказанаму пра Яго.
А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго.
І добраславіў іх Сімяон і сказаў Марыям, Яго Маці: Вось, Гэты прызначаны на ўпадках і ўзвышэнне многіх у Ізраіле і на знак, якому будуць супярэчыць,
І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілі, і на знак, якому працівіцца будуць.
і Табе [ж] Самой душу праткне меч, каб адкрыліся думкі многіх сэрцаў.
І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў».
І была прарочыца Ганна, дачка Фануілава, з племя Асірава; яна была на схіле сваіх дзён, пражыўшы з мужам сем гадоў ад свайго дзявоцтва,
І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў.
удава васьмідзесяці чатырох гадоў, якая не пакідала святыні, пастамі і малітвамі служачы Богу ўночы і ўдзень.
І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч.
І ў гэтую самую гадзіну, падышоўшы, яна славіла Бога і казала пра Яго ўсім, хто чакаў вызвалення Іерусаліма.
І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме.
І, калі яны закончылі ўсё паводле Закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у свой горад Назарэт.
І калі яны выканалі ўсё паводле Закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
А Дзіцятка расло і ўмачоўвалася [духам], напаўняючыся мудрасцю, і ласка Божая была на Ім.
А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім.
І Яго бацькі штогод хадзілі ў Іерусалім на свята Пасхі.
І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
І, калі Яму было дванаццаць гадоў, яны ўзышлі туды5, як зазвычай на свята,
І калі Ён меў дванаццаць гадоў, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята.
і калі, па заканчэнні гэтых дзён, вярталіся, Хлопчык Ісус застаўся ў Іерусаліме, а Яго бацькі6 не ведалі пра гэта.
І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная,
Думаючы ж, што Ён разам са спадарожнікамі, прайшлі яны дзень дарогі і пачалі расшукваць Яго між сваякоў і знаёмых,
але думалі, што Ён ідзе з іншымі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Іерусалім, расшукваючы Яго.
І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў святыні, калі Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;
І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх.
і ўсе, хто слухаў Яго, дзівіліся Яго розуму і адказам.
І ўсе, што слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.
І, убачыўшы Яго, яны былі ўражаныя, і Яго Маці сказала Яму: Сыне, чаму Ты нам зрабіў так? Вось, Твой боцька і Я змучыліся, шукаючы Цябе.
І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе».
І Ён сказаў ім: Чаму ж вы шукалі Мяне? Хіба вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Майму Бацьку?
А Ён сказаў ім: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?»
Ды яны не зразумелі слова, якое сказаў ім.
І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім.
І Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І яго Маці захоўвала ўсе [гэтыя] словы ў Сваім сэрцы.
І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім.
А Ісус узрастаў у мудрасці і гадах, і любові ў Бога і людзей.
І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей.