Лукаша 5 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася: калі натоўп ціснуўся да Яго, каб слухаць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Геннісарэцкага,
І сталася, што натоўп ціснуўся да Яго, каб слухаць Слова Божае, і Ён стаяў каля возера Генезарэт.
убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры; а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі сеткі.
І ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі сеці.
І, увайшоўшы ў адну з лодак, якая была Сіманава, Ён папрасіў яго трошкі адплыць ад берага; і, сеўшы, з лодкі вучыў натоўпы.
Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу і, сеўшы, вучыў натоўпы з чаўна.
А калі перастаў гаварыць, сказаў Сіману: Адплыві на глыбіню і спусціце вашы сеткі для лову.
Калі ж перастаў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню і закіньце сеці вашы дзеля лову».
І ў адказ Сіман сказаў: Настаўніку, цэлую ноч мы працавалі нічога не злавілі; але на Тваё слова спушчу сеткі.
І, адказваючы, Сымон сказаў Яму: «Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але паводле слова Твайго закіну сеці».
І, зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж іх сеткі прарываліся.
І, зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават сетка ў іх прарывалася.
І яны далі знак супольнікам у другой лодцы, каб прыйшлі дапамагчы ім; і тыя падышлі і напоўнілі абедзве лодкі, так што яны патаналі.
І далі знак таварышам, што былі на другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім, і прыйшлі, і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца.
Убачыўшы ж гэта, Сіман Пётр прыпаў да Ісусавых калень, кажучы: Адыдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзе.
Убачыўшы гэта, Сымон Пётар упаў да каленаў Ісуса, кажучы: «Выйдзі ад мяне, Госпадзе, бо я — чалавек грэшны».
Таму што жах агарнуў яго ўсіх, што былі з ім, ад улову рыбы, якую яны злавілі,
Бо страх ахапіў яго і ўсіх, што былі з ім, дзеля гэткага ўлову рыбаў, імі злоўленых,
гэтак жа і Іякава, і Іаана, Зевядзеевых сыноў, што былі Сіманавымі таварышамі. І сказаў Сіману Ісус: Не бойся; з гэтага часу ты будзеш лавіць людей.
таксама і Якуба і Яна, сыноў Заўдыя, якія былі супольнікамі Сымона. І сказаў Ісус Сымону: «Ня бойся, ад цяпер будзеш лаўцом чалавекаў».
І яны, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.
І, выцягнуўшы чаўны на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
І сталася: калі Ён быў у адным з гарадоў, вось, прыйшоў адзін чалавек, увесь у праказе; убачыўшы ж Ісуса, ён упаў ніцма і маліў Яго, кажучы: Госпадзе, калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне.
І сталася, Ісус быў у адным горадзе, і прыйшоў чалавек увесь у праказе, і, убачыўшы Ісуса, упаўшы на аблічча, маліў Яго, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
І, працягнуўшы руку, Ён дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, ачысціся! І адразу праказа адышла ад яго.
І Ён, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны». І адразу праказа зыйшла з яго.
І Ён загадаў яму нікому не казаць: Але пайдзі, пакажыся святару і прынясі ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, у сведчанне ім.
І Ён загадаў яму нікому не казаць, але пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім.
Але тым больш пашырыўся погалас пра Яго, і зыходзіліся вялікія натоўпы, каб слухаць і вылечыцца ад сваіх немачаў.
Але тым больш разыйшлося слова пра Яго, і шматлікія натоўпы зьбіраліся да Яго слухаць і аздаравіцца ў Яго ад нядужасьцяў сваіх.
Ён жа адыходзіў у пустэльныя месцы і маліўся.
А Ён адыходзіў у пустынныя [месцы] і маліўся.
І сталася: аднаго дня, калі Ён вучыў і сядзелі фарысеі і настаўнікі закона, што прыйшлі з усіх галілейскіх і іудзейскіх паселішчаў і з Іерусаліма; і сіла Гасподняя была ў Яго для вылечвання [іх].
І сталася, у адзін дзень, як Ён навучаў, і сядзелі фарысэі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх мястэчак Галілеі, і Юдэі, і Ерусаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўленьня іх,
І вось людзі прынеслі на пасцелі чалавека, які быў спаралізаваны, і спрабьавлаі ўнесці яго і пакласці перад Ім.
вось, нясуць мужчыны на ложку чалавека, які быў спараліжаваны, і хацелі ўнесьці яго [ў дом] і палажыць перад Ісусам;
І не знайшоўшы, як унесці яго з-за натоўпу, яны падняліся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю на сярэдзіну перад Ісусам.
і, не знайшоўшы, дзе пранесьці яго праз натоўп, узьлезьлі на дах і праз страху спусьцілі яго разам з ложкам на сярэдзіну перад Ісусам.
І Ён, убачыўшы іх веру, сказаў: Чалавеча, дараваны табе твае грахі.
І Ён, бачачы веру іх, сказаў яму: «Чалавеча! Адпускаюцца табе грахі твае».
І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі, кажучы: Хто гэты чалавек, што кажа богазнявагу? Хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?
І пачалі разважаць кніжнікі і фарысэі, кажучы: «Хто Ён такі, што кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?»
Ісус жа, уведаўшы іх разважанні, у адказ ім сказаў: Што разважаеце ў сваіх сэрцах?
А Ісус, пазнаўшы думкі іхнія, адказваючы, сказаў ім: «Што вы думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй: сказаць: «Дараваны табе твае грахі» ці сказаць: «Устань і хадзі»?
Што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — Ён сказаў спаралізаванму: Табе кажу: устань, і, узяўшы сваю пасцель, ідзі ў свой дом.
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — сказаў Ён спараліжаванаму. — «Кажу табе: устань і, узяўшы ложак твой, ідзі ў дом твой».
І ён, адразу ўстаўшы перад імі, узяўшы тое, на чым ляжаў, пайшоў у свой дом, славячы Бога.
І той, адразу ўстаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
І жах ахапіў усіх, і яны славілі Бога, і былі перапоўненыя страху, кажучы: Сёння мы ўбачылі незвычанае.
І ўсе былі ў захапленьні, і славілі Бога; і напоўніліся страхам, кажучы: «Дзіўныя рэчы бачылі мы сёньня».
І пасля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў зборышча падаткаў імем Левій, што сядзеў на месцы збору падаткаў, і сказаў яму: Ідзі ўслед за Мною.
І пасьля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною».
І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў услед за Ім.
І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
І зрабіў Левій для Яго вялікі пачастунак у сваім доме, і была вялікая грамада зборшчыкаў падаткаў і іншых, што з імі ўзлягалі.
І зрабіў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і была шматлікая грамада мытнікаў і іншых, якія ўзьлягалі з імі.
І наракалі фарысеі і іх кніжнікі, кажучы да Яго вучняў: Чаму вы ясце і п’яце са зборшчыкамі падаткаў і грэшнікамі?
І наракалі кніжнікі і фарысэі вучням Ягоным, кажучы: «Навошта вы ясьцё і п’яцё з мытнікамі і грэшнікамі?»
І ў адказ Ісус сказаў ім: Не здаровыя маюць патрэбу ў доктары, а хворыя;
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.
Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў на пакаянне.
Я прыйшоў клікаць да навяртаньня ня праведных, але грэшных».
Яны ж сказалі Яму: [Чаму] Іаанавы вучні часта посцяць і твораць малітвы, гэтак жа і фарысейскія, а Твае — ядуць і п’юць?
А яны сказалі Яму: «Чаму вучні Яна посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?»
Ісус жа сказаў ім: Ці вы можаце прымусіць пасціць сыноў шлюбнага пакоя, калі з імі малады?
А Ён сказаў ім: «Ці можаце прымусіць сыноў вясельля посьціць, калі з імі жаніх?
Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх малады, у тыя дні, будуць яны пасціць.
Але прыйдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць посьціць у тыя дні».
Сказаў жа і прыпавесць ім: Ніхто не накладзе латкі на старое адзенне, адарваўшы ад новага адзення; калі ж не — і новае разарве і да старога не прыдасца латка ад новага.
І сказаў ім прыповесьць: «Ніхто латкі ад новага адзеньня не прышывае да старога адзеньня, бо іначай і новае разьдзярэ, і да старога не падыйдзе латка ад новага.
І ніхто не ўлівае маладое віно ў старыя бурдзюкі; калі ж не — маладое віно прарве бурдзюкі, і само выцячэ і бурдзюкі прападуць;
І ніхто не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве мяхі, і само выцячэ, і мяхі прападуць;
а маладое віно трэба ўліваць у новыя бурдзюкі [і зберагаецца тое і другое].
але маладое віно трэба ўліваць у новыя мяхі; і захаваецца тое і другое.
[І] ніхто, піўшы старое, не захоча [адразу] маладога; бо кажа: «Старое — лепшае».
І ніхто, п’ючы старое віно, не захоча адразу маладога, бо кажа: “Старое лепшае”».