1 Пятра 5 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Ста́ршыняў, якія між вамі, я ўпрошваю, суста́ршыня і сьведка пакутаў Хрыста і саўдзельнік славы, якая набліжаецца да адкрыцьця:
 
Старшыняў сярод вас прашу я, таксама старшыня і сьведка Хрыстовых цярпеньняў, ды ўдзельнік тае хвалы, якая мае аб'явіцца:

пасіце стада Бога, якое ў вас, наглядаючы за ім бяз прымусу, але ахвотна і ня дзеля карысьці, але са стараньнем;
 
Пасеце статак Божы, які ў вас, даглядаючы яго не пад прымусам, але са сваёй волі, як хоча Бог, не дзеля нягодных нажыткаў, але з ахвотаю,

і ня як пану́ючыя над удзелам, але становячыся прыкладам для стада.
 
і не пануючы над выбранымі, але даючы прыклад стаду.

І калі будзе зьяўлены Найвышэйшы Пастыр, дастанеце вянок славы, што ня вяне.
 
І калі аб'явіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце нявянучы вянок хвалы.

Таксама і вы, малодшыя (па падпарадкаваньню), падпара́дкуйцеся старшыням; і ўсе, адзін аднаму падпара́дкуючыся, падперажыцеся сьціпласьцяй, бо Бог ганарлівым супрацьста́віцца, пакорным жа дае Багадаць.
 
Таксама і вы, юнакі, будзьце паслухмяныя старэйшым. Усе ўзаемна апранецеся ў пакору, бо Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае.

Дык вось, скарыцеся пад моцную Руку Бога, каб Ён узвысіў вас у свой час.
 
Дык скарыцеся пад магутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у (свой) час.

Увесь клопат ваш ускладзіце на Яго, бо Ён рупіцца пра вас.
 
Усе клопаты свае ўскладайце на Яго, бо Ён пра вас рупіцца.

Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо вораг ваш, д’ябал, як леў, які рыка́е, ходзіць шукаючы каго бы сажраць.
 
Будзьце цьвярозымі, чувайце! Бо праціўнік ваш, д'ябал, як леў рыклівы кружыць, шукаючы, каго зжэрці.

Яму супрацьстаньце няпахіснай верай, ведаючы, што гэткія ж мучэньні ў сьвеце здараюцца з вашымі братамі.
 
Супраціўцеся яму, дужыя вераю, ведаючы, што гэтыя самыя мукі церпяць вашыя браты ў сьвеце.

Бог жа ўсякай Багадаці, што паклікаў нас у вечную Сваю Славу ў Хрысьце Ісусе, вас, кароткачасова адпакутаваўшых, няхай удасканаліць вас, угрунтуе, умацуе, хай зробіць няпахіснымі.
 
А Бог усякае ласкі, Той, хто вас паклікаў да вечнае хвалы сваёй у Хрысьце Езусе, калі крыху пацярпіце, сам вас удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.

Яму Слава і Сіла на векі вякоў. Амін.
 
Яму панаваньне ў вякі вечныя. Амэн.

Цераз Сілуана, як лічу вернага вам брата, я напісаў коратка, суцяшаючы і сьведчучы, што гэта праўдзівая Багадаць Бога, у якой вы стаіце.
 
Каротка я вам напісаў праз Сільвана, вернага брата, як думаю, перасьцерагаючы ды сьцьвярджаючы, што такая вось праўдзівая ласка Божая, якой трымаецеся.

Вітае вас (царква, што) ў Бабілёне, выбраная разам (з вамі), і Марк, сын мой.
 
Вітае вас тая (царква), што ў Бабілёне, разам з вамі выбраная, а такжа Марк, мой сын.

Вітайце адзін аднаго пацалункам любові. Мір вам усім, каторыя ў Хрысьце Ісусе. Амін.
 
Павітайцеся ўзаемна сьвятым пацалункам любові. Супакой вам усім, што трываеце ў Хрысьце.