2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Молім жа вас, браты, адносна прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста і адносна нашай зборкі да Яго,
Просім, вось, вас, браты, праз прыйсце Госпада нашага Ісуса Хрыста і наша спатканне з Ім,
каб вы ня былі зьбіты з панталыку, атрымоўваючы апавяданьні нíбыта ад духа, ці ад слова, ці ад пасланьня, як бы намі пасла́нага, быццам бы ўжо наступіў Дзень Хрыста.
каб вы не хісталіся паспешна розумам і не палохаліся ці то ад духа, ці то праз слова, ці то праз ліст, нібы ад нас, што быццам надыходзіць дзень Хрыстовы.
Няхай ніхто і ніяк ня ашукае вас, бо (Дзень Той ня настане), пакуль перш ні прыйдзе адступніцтва, і ні адкрыецца чалавек грэху, сын пагібелі,
Няхай ніхто вас не зводзіць ніякім чынам, бо [дзень гэты не прыйдзе], пакуль не прыйдзе перш адступленне ды пакуль не з’явіцца чалавек беззаконня, сын загубы,
які супрацівіцца і ўзвышае сябе над усім, што называецца Божым альбо Сьвятыняй, так што сам у Сьвятыні Божай сядзе, як Бог, выдаючы сябе, што ён ёсьць Бог.
які працівіцца і ўзвышаецца па-над усім, што называецца Богам або што ўшаноўваецца святыняю, так, што ён засядзе ў святыні Божай як Бог, выдаючы сябе за Бога.
Ці ня помніце, што я гаварыў вам гэта, як яшчэ быў у вас?
Ці ж не памятаеце, што, калі я яшчэ прабываў у вас, вам аб гэтым казаў?
І цяпер вы ведаеце, што яго стрымлівае, так што адкрыецца ён толькі ў свой час.
І ведаеце цяпер, што яго трымае ад з’яўлення ў свой час.
Бо тайна бяззаконьня ўжо дзейнічае, толькі Той, Хто цяпер стрымлівае, будзе дзеяць пакуль ні будзе ўзяты з асяродзьдзя.
Таямніца нягоднасці ўжо дзейнічае; але толькі абмежавана да таго часу, пакуль будзе сярод той, хто трымае цяпер.
Тады будзе зьяўлены бяззаконьнік, якога Госпад заб’е дыханьнем вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прышэсьця Свайго;
Тады і аб’явіцца той бязбожнік, якога Госпад Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і знішчыць яго магутнасцю прыходу Свайго,
чыё (бяззаконьніка) прышэсьце будзе зроблена па дзеяньню шата́на са ўсякай сілай і знакамі, і цудамі хвальшывымі,
таго, прыход якога намаганнем шатана [будзе] з усёю сілаю, і знакамі, і ўяўнымі цудамі,
і са ўсякай спакусай няправеднай тых, што гíнуць з-за таго, што яны ня прынялі любові праўды, каб быць ім зба́ўленымі.
і з усякім нягодным ашуканствам для тых, якім ісці на загубу, бо яны не прынялі любові праўды, каб збавіцца.
Таму і дапусьціць Бог дзейнічаць на іх аблудзе, каб яны паверылі ілжы,
І дзеля таго пашле ім Бог дзеянні подступу, каб верылі падману.
каб былі асуджаны ўсе, хто ня паверыў праўдзе, але што атрымалі задавальненьне ў няпраўдзе.
Так будуць асуджаны ўсе, што не ўверылі праўдзе, а ўзлюбілі беззаконне.
Мы ж павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, любасныя Госпаду, што Бог выбраў вас ад пачатку на выратаваньне, праз асьвячэньне Духам і веру праўдзе,
Нам жа належыць заўжды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, бо ад пачатку, праз асвячэнне Духа і веру праўды Бог вас выбраў на збаўленне,
да якога Ён і прыклікаў вас праз наша Дабравешчаньне дзеля дасягненьня славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
да якога паклікаў вас праз Евангелле наша на атрыманне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Дык стойце, браты, і трымайцеся наказаў, якім вы навучаны, ці то праз слова ці праз Пасланьне нашае.
Дык вось, браты, стойце і трымайцеся перададзенага ад нас вучэння, якому навучыліся ці то праз словы, ці то праз лісты нашы.
Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог, і Бацька наш, Які ўзьлюбіў нас і даў нам суцяшэньне вечнае і надзею добрую ў Багадаці,
Хай жа Сам Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог, Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы,
хай су́цешыць вашыя сэрцы і ўмацуе вас ва ўсялякай добрай справе і слове.
суцешыць сэрцы вашы і ўмацуе вас ва ўсякай добрай дзейнасці і слове.