Да Галятаў 2 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Потым праз чатырнаццаць гадоў, узыйшоў я ў Ярузалім з Барна́бай, узяўшы з сабой і Ціта.
Затым, праз чатырнаццаць гадоў я зноў пайшоў у Ерузалем з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта.
Узыйшоў жа я паводля адкрыцьця і выклаў ім Эвангельле, якое апавяшчаю сярод паганаў, і асабліва аўтарытэтным, як бы ня (сталася), што я марна намагаюся альбо намагаўся.
А прыйшоў я пад уплывам аб’яўлення і прадставіў ім Евангелле, якое прапаведую язычнікам; асобна для тых, хто мае пашану, каб не аказалася, што я бягу ці бегаў дарэмна.
Але нават Ціт, які быў са мною, зьяўляючыся эллінам, ня быў вымушаны абрэзацца;
Але нават Ціт, што быў са мною, які быў грэкам, не быў змушаны да абразання.
і таму праніклым ілжэбратам, якія ўкрадня прыйшлі, каб падгледзець свабоду нашую, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб нас паняволіць,
Фальшывым жа братам, якія закраліся, каб парушыць нашую свабоду, якую маем у Езусе Хрысце, і каб мы трапілі зноў у няволю,
мы ім ні на хвіліну ня саступілі і ня ўпакорыліся, каб праўда Эвангельля нязьменна прабывала ў вас.
мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.
Адносна ж тых, што лічаць сябе не́чым, кім бы не́калі яны ня былі, для мяне гэта нічога ня значыць: Бог аблічча чалавека ня прымае (за нешта большае за Яго). Бо на мяне знакамітыя нічога ня ўсклалі,
Тыя, хто мае пашану, — а кім калісьці былі, мяне не цікавіць, бо не зважае Бог на аблічча чалавека, — дык тыя, што маюць пашану, мне не пярэчылі.
але наадварот, убачыўшы, што мне даручана Дабравешчаньне няабразаньня, як Пятру — абразаньня,
Але наадварот, убачыўшы, што мне даручана абвяшчэнне Евангелля сярод неабрэзаных, як Пятру — сярод абрэзаных
бо Той, Хто садзейнічаў Пятру ў Апостальстве абразаньня, садзейнічаў і мне ў паганаў,
(бо той, хто дапамагаў Пятру ў апостальстве абрэзаных, дапамагаў і мне сярод язычнікаў),
і, даведаўшыся пра Багадаць, якая дана мне, Якуб і Кіхва, і Яан, якіх ушаноўвалі, як стаўпоў, пада́лі мне і Барнабе руку́ лучнасьці, каб мы ішлі да паганаў, а яны — да (тых, што ў) абразаньні;
і калі Якуб, Кефас і Ян, якіх лічаць стаўпамі, даведаліся пра дадзеную мне ласку, яны падалі мне і Барнабе правіцу на знак супольнасці, каб нам ісці да язычнікаў, а ім — да абрэзаных,
толькі ўбогіх, каб мы помнілі, што і намагаўся я выканаць дакладна.
каб толькі мы помнілі пра ўбогіх, і менавіта гэта я старанна рабіў.
Калі ж прыйшоў Пётра ў Антыёху, то асабіста я супрацьстаў яму, таму што ён заслужыў дакору.
Калі Кефас прыбыў у Антыёхію, дык я адкрыта выказаў яму сваю нязгоду, таму што ён заслугоўваў дакору.
Бо перад прыходам нікаторых ад Якуба, ён еў разам з паганамі; а калі яны прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, асьцерагаючыся тых, што ад абразаньня.
Бо перш, чым некаторыя прыбылі ад Якуба, ён еў разам з язычнікамі. Калі ж тыя з’явіліся, пачаў аддаляцца і адасабляцца, баючыся абрэзаных.
Разам зь ім крывадушнічалі і астатнія жыды, так што нават Барнаба быў захоплены іхнай крывадушнасьцю.
І крывадушнічалі разам з ім таксама іншыя юдэі, так што нават Барнабу звяла іхняя крывадушнасць.
Але, калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць па праўдзе Эвангельля, дык я сказаў Пятру ў прысутнасьці ўсіх: «калі ты, зьяўляючыся жыдам жывеш па-паганску, а ня па-жыдоўску, для чаго паганаў змушаеш жыць па-жыдоўску?»
Але, убачыўшы, што яны збочылі са шляху евангельскай праўды, я сказаў Кефасу перад усімі: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, то чаму прымушаеш язычнікаў жыць па-юдэйску?»
Мы па прыродзе жыды, а ня з паганаў грэшнікі;
Мы па прыродзе юдэі, а не грэшнікі сярод язычнікаў.
даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня праз дзеі Закону, а толькі праз веру Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца паводля веры Хрыста, а ня паводля дзеяў Закону; таму што ня будзе апраўдана паводля дзеяў Закону ніякае цела.
Ведаючы, што чалавек апраўдваецца не дзякуючы захаванню Закону, а толькі праз веру ў Езуса Хрыста, мы паверылі ў Хрыста Езуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз захаванне Закону; бо праз Закон не апраўдаецца ніякае цела.
Калі ж шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы застаёмся грэшнымі, дык няўжо Хрыстос ёсьць служка грэху? Хай ня станецца!
Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, самі аказаліся грэшнымі, ці ж Хрыстус — слуга граху? Канешне, не!
Бо калі я ізноў збудоўваю тое, што я разбурыў, дык я раблю сябе злачынцам
Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам.
Бо я праз Закон памёр для Закону, каб жыць для Бога;
Праз Закон я памёр для Закону, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом.
я ўкрыжаваны са Хрыстом: жыву ўжо ня я, а жыве ўва мне Хрыстос; а тое, што я жыву цяпер у целе, то жыву верай у Сына Бога, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.
Ня адкідаю Багадаці Бога; бо калі праведнасьць праз Закон, дык Хрыстос памёр тады дарэмна.
Не адкідаю ласкі Божай. А калі апраўданне дасягаецца праз Закон, то Хрыстус памёр дарэмна.