Да Габрэяў 5 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі
Бо ўсякі архірэй, які выбіраецца зь людзей, дзеля людзей жа і пастаўляецца перад Богам, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі;
Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
каб мог паблажаць няцямным і заблуканым, таму што ён і сам абложаны немаччу.
каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу,
Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць (ахвяры) за грахі.
і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
І ніхто самавольна ня бярэ на сябе гэтую чэсьць, але прыклікаемы Богам, як і Агарон.
І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
Так і Хрыстос ня Сам Сябе праславіў, каб стаць Архірэем, але Той, Хто сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сягоньня нарадзіў Цябе»;
Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»;
як у іншым мейсцы кажа: «Ты Сьвятар на векі вякоў паводля чыну Мельхісэдэка».
як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка».
Ён, у дні Цела Свайго, узьнёс з моцным лямантам і сьлязьмі малітвы і маленьні да Таго, Хто мог выратаваць Яго ад сьмерці, і быў пачуты за багавейнасьць.
Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць;
Хоць Ён і Сын, аднак навучыўся паслушэнству праз усё тое, што перацярпеў.
хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству;
І, стаўшы ўдасканаленым, стаўся прычынай вечнага выратаваньня для ўсіх, хто Яму паслухмяны,
і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму,
названы Богам Архірэем паводля чыну Мельхісэдэка,
і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка.
пра Якога нам належала гаварыць многа, але цяжка растлумачыць, таму што вы зрабіліся няздольнымі слухаць.
Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць.
Бо паводля часу вам належыць быць настаўнікамі, але вы ізноў маеце патрэбу, каб хто вучыў вас першапачаткам Слоў Бога, і вам ізноў трэба малако, а ня цьвёрдая ежа.
Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа.
Бо кожны, хто корміцца малаком, нясьведамы ў слове праведнасьці, бо ён ёсьць нямаўля;
Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця;
а дасканалым уласьціва цьвёрдая ежа, бо іхныя пачуцьці практыкай прывучаны, каб адрозьніць дабро ад зла.
а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.