Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Праўду кажу ў Хрысьце, ня маню, сьведчыць мне сумленьне маё ў Сьвятым Духу,
 

што вялікі ў мяне смутак і няспынны боль сэрцу майму:
 

я маліў (хацеў бы быць) сам быць пад анатэмай ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па целу,
 

каторыя ёсьць ізраэльцяны, чые (ёсьць і) усынаўленьне, і слава, і Запаветы, і дадзены Закон, і служэньне, і абяцаньні,
 

чые (і) ба́цькі, ад якіх і Хрыстос па целу, Які ёсьць над усімі Бог, багаслаўлёны ў вяках вякоў. Амін.
 

Такога ня можа быць, каб Слова Бога ня спраўдзілася. Таму што ня ўсе тыя, якія ад Ізраэля ёсьць Ізраэль;
 

і ня тыя, якія ёсьць семя Абрагама, усе (ёсьць Ягоныя) дзеці, але: у Ісагаку будзе назва́на табе семя.
 

Гэта значыць ня дзеці плоці ёсьць дзеці Бога, але дзеці абяцаньня лічацца за семя.
 

Слова ж абяцаньня такое: у гэты час прыйду, і будзе ў Сарры сын.
 

І ня толькі (гэта) але і Рабэка зачала адначасова ад ба́цькі нашага Ісага́ка.
 

Бо яшчэ ня нарадзіўшыся і ня зрабіўшы нічога добрага альбо благога, каб замысел Бога зьдзейсьніўся ня паводля ўчынкаў, але паводля выбраньня (Бога), паводля Таго, Хто кліча, —
 

было ска́зана ёй: большы будзе рабом меньшаму.
 

Як напíсана: Якуба Я палюбіў, а Ісава ўзьнянавідзіў.
 

Дык што скажам? Няўжо нясправядлівасьць у Бога? Хай ня будзе (такога)!
 

Бо Ён Масею кажа: каго мілаваць, памілую; і каго шкадаваць, пашкадую.
 

Такім чынам ня ад жадаючага, і ня ад намагаючагася, але ад мілуючага Бога.
 

Бо Пісаньне гаворыць хвараону: дзеля таго Я (і) узвысіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб было абвешчана Імя Маё па ўсёй зямлі.
 

Такім чынам, каго хоча — мíлуе, а каго хоча — робіць жорсткім.
 

Скажаш тады мне: за што яшчэ (Ён і) вінаваціць? Бо Ягонай волі хто супрацьстане?
 

Але о, чалавек! Хто ты такі, што пярэчыш Богу? Ці скажа зьлепленая рэч таму, хто зьляпіў: чаму ты мяне зрабіў такой?
 

Ці ня мае ўлады ганчар над глінай, каб з таго ж месіва зрабіць адзін посуд для чэсьці, а другі — для штадзённага ўжытку?
 

Калі Бог нават хочачы паказаць гнеў і выявіць магутнасьць Сваю, (але ўсё-такі) сьцярпеў зь вялікім доўгацярпеньнем пасудзіны гневу, прыгатаваныя на пагібель,
 

так каб зрабіць вядомым багацьце Славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасьці, якія Ён наперад прыгатаваў да славы,
 

якіх і прыклікаў, нас, ня толькі з жыдоў, але і з паганаў,
 

як і ў Госі кажа: назаву народ ня Мой, народам Маім, і нялюбую (назаву) любай.
 

І будзе: на тым мейсцы, дзе сказана было ім: «вы народ ня Мой», там названы будуць сынамі Бога Жывога.
 

Гісая ж усклікае аб Ізраэлю: калі б лік сыноў Ізраэля быў, як пясок марскі, збаўлены будзе (толькі) астатак;
 

бо спаўняючы слова і прысьпешваючы справядлівасьць, хутка (і рашуча) споўніць Госпад (Сваю) справу на зямлі.
 

І, як наперад сказаў Гісая: калі б Госпад Сабаот ня пакінуў нам семені, мы зрабіліся б як Садом, і Гаморы былі б падобны.
 

Што ж скажам? Пагане, якія ня імкнуліся да праведнасьці, дасягнулі праведнасьці; праведнасьць жа ад веры.
 

Ізраэль жа, які імкнуўся да праведнасьці паводля Закону, праведнасьці (паводля) Закону ня дасягнуў.
 

Чаму? Таму што (шукалі) ня ад веры, але ад учынкаў Закону: бо яны спатыкнуліся аб Камень спатыканьня,
 

як напісана: вось Я кладу на Сыёне Камень спатыканьня і Камень спакусы. І ўсякі, хто верыць у Яго, ня будзе пасаромлены.