Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Да рымлянаў 9 Да рымлянаў 9 разьдзел

1 Праўду кажу ў Хрысьце, ня маню, сьведчыць мне сумленьне маё ў Сьвятым Духу,
2 што вялікі ў мяне смутак і няспынны боль сэрцу майму:
3 я маліў (хацеў бы быць) сам быць пад анатэмай ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па целу,
4 каторыя ёсьць ізраэльцяны, чые (ёсьць і) усынаўленьне, і слава, і Запаветы, і дадзены Закон, і служэньне, і абяцаньні,
5 чые (і) ба́цькі, ад якіх і Хрыстос па целу, Які ёсьць над усімі Бог, багаслаўлёны ў вяках вякоў. Амін.
6 Такога ня можа быць, каб Слова Бога ня спраўдзілася. Таму што ня ўсе тыя, якія ад Ізраэля ёсьць Ізраэль;
7 і ня тыя, якія ёсьць семя Абрагама, усе (ёсьць Ягоныя) дзеці, але: у Ісагаку будзе назва́на табе семя.
8 Гэта значыць ня дзеці плоці ёсьць дзеці Бога, але дзеці абяцаньня лічацца за семя.
9 Слова ж абяцаньня такое: у гэты час прыйду, і будзе ў Сарры сын.
10 І ня толькі (гэта) але і Рабэка зачала адначасова ад ба́цькі нашага Ісага́ка.
11 Бо яшчэ ня нарадзіўшыся і ня зрабіўшы нічога добрага альбо благога, каб замысел Бога зьдзейсьніўся ня паводля ўчынкаў, але паводля выбраньня (Бога), паводля Таго, Хто кліча, —
12 было ска́зана ёй: большы будзе рабом меньшаму.
13 Як напíсана: Якуба Я палюбіў, а Ісава ўзьнянавідзіў.
14 Дык што скажам? Няўжо нясправядлівасьць у Бога? Хай ня будзе (такога)!
15 Бо Ён Масею кажа: каго мілаваць, памілую; і каго шкадаваць, пашкадую.
16 Такім чынам ня ад жадаючага, і ня ад намагаючагася, але ад мілуючага Бога.
17 Бо Пісаньне гаворыць хвараону: дзеля таго Я (і) узвысіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб было абвешчана Імя Маё па ўсёй зямлі.
18 Такім чынам, каго хоча — мíлуе, а каго хоча — робіць жорсткім.
19 Скажаш тады мне: за што яшчэ (Ён і) вінаваціць? Бо Ягонай волі хто супрацьстане?
20 Але о, чалавек! Хто ты такі, што пярэчыш Богу? Ці скажа зьлепленая рэч таму, хто зьляпіў: чаму ты мяне зрабіў такой?
21 Ці ня мае ўлады ганчар над глінай, каб з таго ж месіва зрабіць адзін посуд для чэсьці, а другі — для штадзённага ўжытку?
22 Калі Бог нават хочачы паказаць гнеў і выявіць магутнасьць Сваю, (але ўсё-такі) сьцярпеў зь вялікім доўгацярпеньнем пасудзіны гневу, прыгатаваныя на пагібель,
23 так каб зрабіць вядомым багацьце Славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасьці, якія Ён наперад прыгатаваў да славы,
24 якіх і прыклікаў, нас, ня толькі з жыдоў, але і з паганаў,
25 як і ў Госі кажа: назаву народ ня Мой, народам Маім, і нялюбую (назаву) любай.
26 І будзе: на тым мейсцы, дзе сказана было ім: «вы народ ня Мой», там названы будуць сынамі Бога Жывога.
27 Гісая ж усклікае аб Ізраэлю: калі б лік сыноў Ізраэля быў, як пясок марскі, збаўлены будзе (толькі) астатак;
28 бо спаўняючы слова і прысьпешваючы справядлівасьць, хутка (і рашуча) споўніць Госпад (Сваю) справу на зямлі.
29 І, як наперад сказаў Гісая: калі б Госпад Сабаот ня пакінуў нам семені, мы зрабіліся б як Садом, і Гаморы былі б падобны.
30 Што ж скажам? Пагане, якія ня імкнуліся да праведнасьці, дасягнулі праведнасьці; праведнасьць жа ад веры.
31 Ізраэль жа, які імкнуўся да праведнасьці паводля Закону, праведнасьці (паводля) Закону ня дасягнуў.
32 Чаму? Таму што (шукалі) ня ад веры, але ад учынкаў Закону: бо яны спатыкнуліся аб Камень спатыканьня,
33 як напісана: вось Я кладу на Сыёне Камень спатыканьня і Камень спакусы. І ўсякі, хто верыць у Яго, ня будзе пасаромлены.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Апостала Паўлы да рымлянаў, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020