Да Галятаў 6 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Браты! калі б і быў заўважаны чалавек у нейкім праступку, вы, духовыя, папраўляйце такога ў духу лагоднасьці, наглядаючы кожны за сабою, каб і самому ня быць спаку́шаным.
 
Браты! калі запраўды людзіне луча выступ, вы духоўныя праўце таковага ў духу лагоднасьці, назіраючы кажны за сабою, каб ня быць спакушаным.

Насіце цяжары адзін воднага, і такім чынам выканайце Закон Хрыста.
 
Насіце цяжары адзін аднаго і гэтак вы споўніце закон Хрыстоў.

Бо калі хто думае быць чым-небудзь, будучы нічым, той ашуквае самога сябе.
 
Бо хто ўважае сябе за што-колечы, будучы нішто, тый ашукуе сам сябе.

Хай кожны выпрабоўвае справу сваю, то і пахвалу атрымае сваю, а ня каго-небудзь другога;
 
Кажны няхай спробуе свой учынак, і тады будзе мець пахвалу толькі ў сабе, а ня ў другім;

бо кожны панясе ношу сваю.
 
Бо кажны панясець свой цяжар.

Хай навучаемы словам (праўды) дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае.
 
Навучаны словам дзяліся кажным дабром із навучаючым.

Ня памыляйцеся: Бог ня можа быць абманутым. Бо што сее чалавек, тое і пажне,
 
Ня дайся зводзіць; Бога не асьмяеш. Бо што пасее людзіна, тое й пажнець.

таму што той, хто сее ў плоць сваю, ад плоці пажне парахненьне; а той, хто сее ў Дух — ад Духа пажне жыцьцё вечнае.
 
Бо хто сее ў цела свае, пажнець расклад; а хто сее ў Дух, з Духа пажнець жыцьцё вечнае.

А робячы дабро, ня будзем журыцца; бо ў свой час пажнём, калі ня аслабнем.
 
Робячы дабро, не безнадзейся; бо ўпару пажнем, калі ня скволеем.

Таму, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры.
 
Дык, пакуль ё час, рабіма дабро ўсім, і пагатове хатнім зь веры.

Глядзіце, які вялікі ліст я напісаў вам сваёй рукою.
 
Бачыце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам сваёй рукою.

Усе тыя, якія хочуць пахваліцца целам, гэта яны прынука́юць вас абрэзвацца толькі дзеля таго, каб ня быць перасьледаванымі за крыж Хрыста,
 
Зычачыя хваліцца целам сіляць вас абразацца адно дзеля таго, каб ня быць перасьледаванымі за крыж Хрыстоў;

бо нават тыя, што абрэзваюцца, самі ня спаўняюць Закон, але хочуць, каб вы абрэзваліся, каб пахваліцца ў вашым целе.
 
Бо й самы тыя, што абразаюцца, не дзяржаць Закону, але хочуць, каб вы абразаліся, каб пахваліцца целам вашым.

А са мной хай ня станецца такога! Я буду хваліцца хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне раскрыжаваны гэты сьвет, і я для гэтага сьвету.
 
Але што да мяне, я ня буду хваліцца, хіба адно крыжам Спадара нашага Ісуса Хрыста, Каторым дзеля мяне сьвет укрыжаваны, і я дзеля сьвету.

Бо таму, што ў Хрысьце Ісусе, ні абразаньне, ні няабразаньне ня мае ніякай сілы, але новае стварэньне.
 
Бо ў Хрысту Ісусу нічога ня знача ані абразаньне, ані неабразаньне, але новы стварэнец.

І ўсім, хто будзе жыць паводля гэтага правіла: мір ім і міласэрнасьць, і Ізраэлю Бога.
 
Тым, што ходзяць подле гэтага правіла, супакой ім а міласэрдзе, і Ізраелю Божаму.

Урэшце, хай ніхто мяне ня абцяжарвае, бо я нашу раны Госпада Ісуса на цела маім.
 
Наапошку, няхай ніхто не цяжарыць мяне, бо я нашу на целе сваім болькі Спадара Ісуса Хрыста.

Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.
 
Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.