Мацьвея 17 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І праз шэсьць дзён узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, брата ягонага, і ўзьвёў іх на гару высокую адных,
І праз шэсьць дзён бярэ Ісус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і вядзе іх на гару высокую адных.
і перамяніўся перад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, а ўбраньне Ягонае стала белае, як сьвятло.
І Ён перамяніўся перад імі, і сьвяцілася аблічча Ягонае, як сонца, а шаты Ягоныя сталіся белыя, як сьвятло.
І вось, явіліся ім Майсей і Ільля, і зь Ім гутарылі.
І вось, зьявіліся ім Майсей і Ільля, ведучы́ гутарку з Ім.
Азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлю.
Адказваючы, Пётар сказаў Ісусу: «Госпадзе! Добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлі».
Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце.
Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае ахінула іх; і вось, голас з воблака, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне; Яго слухайце».
І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і вельмі перапалохаліся.
І, пачуўшы, вучні ўпалі на аблічча сваё і моцна спужаліся.
І прыступіўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся.
І Ісус, падыйшоўшы, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся!»
А ўзьвёўшы вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.
Падняўшы ж вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.
І калі сыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажэце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.
І як зыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра гэты ві́дзеж, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне з мёртвых».
І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?
І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Чаму ж кніжнікі кажуць, што Ільля мусіць прыйсьці спачатку?»
Ісус сказаў ім у адказ: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё;
А Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Ільля сапраўды прыйдзе спачатку і направіць усё.
але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі зь ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.
А Я кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, але ўчынілі з ім, як хацелі; гэтак і Сын Чалавечы мае перацярпець ад іх».
Тады зразумелі вучні, што Ён пра Яна Хрысьціцеля казаў ім.
Тады вучні зразумелі, што Ён казаў ім пра Яна Хрысьціцеля.
І калі прыйшлі яны да люду, падышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад Ім,
І як прыйшлі яны да натоўпу, падыйшоў да Яго чалавек, падаючы перад ім на калені і кажучы:
сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду;
«Госпадзе! Зьлітуйся над сынам маім, ён люнатык і цяжка церпіць; бо часта кідаецца ў вагонь і часта ў ваду.
я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго.
І я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі аздаравіць яго».
А Ісус сказаў у адказ: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне сюды.
Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне сюды».
І забараніў яму Ісус; і выйшаў зь яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.
І забараніў яму Ісус, і дэман выйшаў з яго, і хлопец быў аздароўлены ў тую гадзіну.
Тады вучні, прыступіўшы да Ісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
Тады вучні, падыйшоўшы да Ісуса насамоце, сказалі: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
А Ісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: «перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе; і нічога ня будзе немагчымага вам.
А Ісус сказаў ім: «Дзеля недаве́рства вашага. Бо сапраўды кажу вам: калі вы маеце веру, як гарчычнае зерне, і скажаце гары гэтай: “Перайдзі адгэтуль туды”, дык яна пяройдзе; і нішто ня будзе немагчымым для вас.
Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
Гэты ж род выходзіць толькі праз малітву і пост».
У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Ісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя,
Калі ж былі яны ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы ма́е быць выдадзены ў рукі людзей,
і заб’юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне. І засмуціліся яны вельмі.
і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсьне». І яны дужа засмуціліся.
Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум, дык падышлі зьбіральнікі дыдрахмаў да Пятра і сказалі: Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?
Калі ж прыйшлі яны ў Капэрнаум, падыйшлі да Пятра зьбіральнікі дыдрахмаў і сказалі: «Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?»
Ён кажа: так. І калі ўвайшоў ён у дом, дык Ісус, папярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сымоне? цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак? ці з сыноў сваіх, ці з чужых?
Ён кажа: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Ісус папярэдзіў яго, кажучы: «Як ты думаеш, Сымоне, валадары зямныя з каго бяруць мы́та ці дані́ну, ці са сваіх сыноў, ці з чужых?»
Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Ісус: значыцца, сыны свабодныя;
Пётар кажа Яму: «З чужых». Сказаў яму Ісус: «Значыцца, сыны вольныя.
але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр; вазьмі яго і дай за Мяне і за сябе.
Але, каб нам не згаршаць іх, пайшоўшы на мора, кінь ву́ду, і першую рыбу, якая пападзецца, вазьмі, і, расчыніўшы ёй рот, знойдзеш статыр; узяўшы яго, аддай ім за Мяне і за сябе».